Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб вас паважалі ў сьвеце, варта паважаць сябе і сваё». Феліксу Шкірманкову — 90 год


Фелікс Шкірманкоў у сваім садзе
Фелікс Шкірманкоў у сваім садзе

У свае пятнаццаць ён ваяваў. У дваццаць адзін сьвядома ўступіў у КПСС. У 25 добраахвотна паехаў працаваць на Калыму — Фелікс Шкірманкоў, вэтэран вайны, сябра Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы, літаратар, журналіст.

Знаёмства з гэтак званымі «ворагамі народу» паўплывала на ягоны сьветапогляд. Зь вяртаньнем на радзіму вярнулася да Фелікса Шкірманкова і беларушчына. Яго паглынула грамадзкая дзейнасьць. У 63 гады стаў ініцыятарам стварэньня раённай арганізацыі «Дзеці Чарнобыля». У 64 — выйшаў з партыі і ўступіў у Беларускі Народны Фронт. У свае дзевяноста — працягвае пісаць...

Жыве Фелікс Уладзімеравіч з жонкай Верай Васільеўнай у райцэнтры Слаўгарад, што на Магілёўшчыне. Ягоны дом з дагледжаным агародам ды садам — на ўскрайку колішняга панскага парку. За паркам праваслаўная царква. Непадалёк замчышча. У доме шмат кніг і нацыянальнай атрыбутыкі.

Зь Феліксам Уладзімеравічам гутарым на кухні, папіваючы свойскае вінаграднае віно, закусваючы абедам, што згатавала Вера Васільеўна.

67 гадоў у шлюбе

Свайму 90-годзьдзю сам дзіўлюся. Усе мае думкі, пачуцьці — не дзевяностагадовага старога, а трыццаці-саракагадовага мужчыны. Тое, як я думаю, як успрымаю падзеі, што адбываюцца ў краіне, у сьвеце, тое, як я гавару зь людзьмі — усё гэта не стыкуецца з маімі гадамі. Увесь час думаю, дзе ж тут памылка, бо такога ня можа быць, каб у 90 год са сваімі думкамі я быў у сваёй маладосьці.

Напэўна, гэта воля Ўсявышняга. Яму аднаму бачна, каму захаваць розум у дзевяноста і сто гадоў, а ў каго яго забраць у сорак ці нават у трыццаць. Іншага адказу не знаходжу. Я ўдзячны яму за тое, што ёсьць. Хаця апошні год у мяне з нагамі бяда. Цяжка хадзіць. Але на астатняе грэх наракаць.

Кожны новы дзень я сустракаю з удзячнасьцю. Дзякую Богу, бо каб ня Ён, у мяне б нічога не было.

Фелікс Шкірманкоў са сваёй палавінкай — Верай Васільеўнай
Фелікс Шкірманкоў са сваёй палавінкай — Верай Васільеўнай

Галоўнае тое, што са мною побач мая дарагая палавінка Вера Васільеўна. Яна дадзеная мне Ім. Сёлета 67 гадоў, як мы разам, і прыцерліся адно да аднаго гэтак, што нам ня трэба ніякіх словаў. Мы разумеем адно аднаго з позірку. Тое, што мы разам, дапамагае нам пераносіць фізычныя цяжкасьці.

Во, думаў, пагляджу на гэтых «ворагаў народу»

Ад самага юнацтва я трымаўся камуністычнай ідэалёгіі, бо ўсе мы выхоўваліся тады на ёй. Мы сьвята верылі ў тое, што нам казалі, калі прымалі ў піянэры, камсамол, калі ўступалі ў партыю.

Калі паглядзець фармальна на тое, што тады гаварылася, якія былі заклікі, дык ня знойдзеш у іх нібыта нічога дрэннага. Што кепскага ў лёзунгу «Зямлю сялянам!», ці «Заводы працоўным!» — ? Што кепскага, калі бясплатнае навучаньне, мэдыцына, калі кватэры давалі, хоць і даводзілася стаяць гадамі ў чэргах?.. Усё гэта разглядалася як станоўчае, і я асабіста за гэта выступаў...

А потым надышоў дзень, калі быў разьвянчаны культ Сталіна. Пасьля выступу Мікіты Хрушчова (25 лютага 1956 году першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам «Аб кульце асобы і яго наступствах». Прамова была прысьвечана культу асобы Сталіна. — РС) мяне нібы ўдарылі «абухом па галаве». Я ня мог паверыць: як такое магло быць?

Пазьней трапляліся доказы таго, што камуністычная ідэя стварыла камуністычны рай для кіраўніцтва партыі. І яны жылі ўжо ў гэтым раі. А ўсім астатнім прапаноўвалася пачакаць яшчэ пяцігодку, потым яшчэ адну, маўляў, пабудуем тое, гэтае...

Кнігазбор
Кнігазбор

На Калыме я сустрэўся зь людзьмі, якіх савецкая ўлада абвясьціла ворагамі народу. Іх саслалі на Калыму бестэрмінова, бо пасьля адбыцьця свайго, пераважна, дзесяцігадовага пакараньня яны ня мелі права выяжджаць у цэнтральныя раёны Савецкага Саюзу. Гутаркі зь імі адкрывалі для мяне новыя старонкі праўды жыцьця...

Спачатку была цікавасьць. Во, думаў, пагляджу на гэтых ворагаў народу, што яны зь сябе ўяўляюць. А калі пачаў зь імі гаварыць, калі разам працавалі ў тайзе, дык у мяне ўсё больш узьнікала пытаньняў — дык за што ж іх саслалі на Калыму, што ж яны такога нарабілі кепскага для краіны? У той жа час я быў сябрам КПСС, і мне было ня ўсё зразумела...

Уся справа была ў тым, што нявольнікі ГУЛагу, зь якімі я сустракаўся, не былі зламаныя сыстэмай. Гэта былі людзі вышэйшага гарту. У многіх быў сьветапогляд, які нельга было ігнараваць.

Пазьней мне даводзілася выступаць на розных сходах, і начальства ўжо ў маіх выступах выгледжвала падкопы пад тагачасную сыстэму ўлады. І мяне, як кажуць, узялі «на заметку». У душы маёй зрабіўся пералом, які ня меў зваротнага ходу.

Апавядаю пра гэта, каб паказаць, што мой шлях быў дужа няпросты. Зьмена перакананьняў адбывалася не адразу. Патрэбны быў час.

Шкірманкоў: Мой жыцьцёвы шлях быў няпросты
Шкірманкоў: Мой жыцьцёвы шлях быў няпросты

Але яшчэ раз падкрэсьлю, сустрэча з так званымі ворагамі народу для мяне была вельмі важным этапам майго жыцьця. Дзе, як не на Калыме, зь імі можна было сустрэцца?

Надышоў дзень, калі я вымушаны быў асабіста сказаць, што мы зрабілі ўсё, што маглі

Надышлі 90-я гады. Я ўжо быў у Слаўгарадзе. Тады ўтварылася Дэмакратычная плятформа ў КПСС (Абʼяднаньне сяброў КПСС, утварылася ў 1991 годзе, мела на мэце абнавіць грамадзтва празь пераўтварэньне КПСС зь дзяржаўнай структуры ў сучасную левую палітычную партыю. — РС). Мяне ад Магілёўскай вобласьці вылучалі дэлегатам у Маскву на Ўсесаюзны зьезд гэтай плятформы КПСС. Я прыняў з радасьцю, што на ёй гаварылася...

Як утварыўся Беларускі Народны Фронт і да нас у Слаўгарад прыехаў Генадзь Грушавы, дык ён запрасіў мяне на мітынг у Менск. На ім пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком. Я прыняў прапанаваную Беларускім Народным Фронтам праграму. Па вяртаньні ў Слаўгарад разам з аднадумцамі стварылі раённую раду БНФ. Існавала яна некалькі гадоў.

Пазьней Генадзь Грушавы, утварыўшы камітэт «Дзеці Чарнобыля», зьвярнуўся да мяне з просьбай заснаваць такі камітэт і ў Слаўгарадзе, бо, казаў ён, была небясьпека, што ўлада можа закрыць рахунак арганізацыі ў Менску. Мы ўтварылі Слаўгарадзкі раённы камітэт «Дзеці Чарнобыля» і зарэгістравалі яго ў райвыканкаме. Гэтая арганізацыя не была фармальная. Мы пачалі праводзіць працу па аздараўленьні за мяжою дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў. За гады існаваньня гэтага камітэту ня сотні, а тысячы дзяцей адпачылі ў Італіі, Ангельшчыне, Нямеччыне...

Бел-чырвона-белы сьцяг — спадарожнік Шкірманкова апошнія амаль тры дзясяткі гадоў
Бел-чырвона-белы сьцяг — спадарожнік Шкірманкова апошнія амаль тры дзясяткі гадоў

Улада ў гэтым угледзела небясьпеку: маўляў, не яна праявіла ініцыятыву, а БНФ-аўцы, якіх яна паўсюль ганьбіла. Надышоў дзень, калі я вымушаны быў асабіста сказаць, што мы зрабілі ўсё, што маглі. Улада многае забараніла, і мы вымушаныя былі самаліквідавацца. Але да сёньняшняга дня я ганаруся тым, што было зроблена камітэтам «Дзеці Чарнобыля». Гэта рабілася дзеля нашых людзей, дзяцей.

Калі былі выбары ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, мяне агульнагарадзкім сходам жыхары вылучылі кандыдатам у дэпутаты. Гаркам партыі ўспрыняў маё вылучэньне ў штыкі, але нічога ня мог зрабіць. Акрамя таго, маю кандыдатуру вылучыла канфэрэнцыя райкаму камсамолу. Першага сакратара райкаму камсамолу выклікалі да першага сакратара райкаму партыі і змусілі скасаваць рашэньне канфэрэнцыі.

Мяне не хацелі ні ў якім разе прапускаць у Вярхоўны Савет. Як улада магла дапусьціць да дэпутацтва прыхільніка БНФ? Яны прыклалі шмат намаганьняў, каб я ня стаў дэпутатам. Свайго дамагліся. Тады я яшчэ быў сябрам КПСС, і мяне запрасіў першы сакратар райкаму партыі і папрасіў мяне зьняць сваю кандыдатуру з выбараў.

З апошняга, напісанага вэтэранам
З апошняга, напісанага вэтэранам

Я прапанаваў яму, каб ён улучыў мяне ў ліміт вэтэранскай арганізацыі. Тады 25 чалавек ад гэтай арганізацыі на сваім сходзе абіраліся ў Вярхоўны Савет. На гэта партыйны функцыянэр не пагадзіўся. Тады я выступіў з адкрытым лістом у друку і заявіў пра выхад з КПСС. Тое, што рабілася, каб не дапусьціць мяне ў дэпутаты, не адпавядала высокім словам, якія гучалі з вуснаў кіраўніцтва партыі.

Калі вас задавальняе цяперашняе жыцьцё, дык гэтак і жывіце

Што тычыцца сёньняшняга дня ды маіх стасункаў з уладай, то яна да мяне ставіцца ляяльна. Я не выступаю ў Слаўгарадзе ні зь якімі заклікамі, бо вельмі добра разумею, што сёньняшні дзень — гэта не канец 1980-х гадоў, калі можна было ў тым жа Слаўгарадзе арганізаваць на цэнтральнай плошчы мітынг, на які прыходзіла больш за дзьве тысячы чалавек. І, каб падпісацца пад рэзалюцыяй, людзі прастойвалі ў чарзе па некалькі гадзін. Цяпер гэта немагчыма.

Мне ў 90 гадоў было б сьмешна нешта плянаваць ня тое што на бліжэйшы год, але на бліжэйшы дзень. Як даводзіцца гаварыць зь людзьмі і яны закранаюць тэму сёньняшняга становішча ў Беларусі, то я ім кажу: «Калі вас задавальняе цяперашняе жыцьцё, дык гэтак і жывіце. Калі не задавальняе, то шукайце спосабаў зьмяніць яго да лепшага».

«Дажынкі» — зборнік вершаў вэтэрана, выдадзены на 85-годзьдзе
«Дажынкі» — зборнік вершаў вэтэрана, выдадзены на 85-годзьдзе

А пра ўладу што можна дадаць — гэта клясычны прыклад аўтарытарнага рэжыму. Пры ім ня можа быць падзелу на галіны ўлады, каб кожная зь іх працавала самастойна. Цяпер усё вырашае адзін чалавек, які знаходзіцца на версе гэтай аўтарытарнай піраміды. Як паказвае гісторыя, нічога добрага з гэтага не атрымлівалася. Надыходзіў момант, калі ўсё гэта руйнавалася. Гэтак будзе і ў нас.

Лукашэнка падмануў

Я сустракаўся з Лукашэнкам адзін раз, як ён быў у Слаўгарадзе. Ніякіх станоўчых эмоцыяў ад гутаркі зь ім у мяне не засталося. Я выказаў яму тое, што хацеў.

Сказаў яму пра дарожны падатак, які тады толькі ўвялі. Вэтэраны вайны ня мелі ніякіх ільготаў. А як такое можа быць, калі ён ня раз казаў, што мы ў даўгу перад вэтэранамі? Я яму сказаў, што нас, вэтэранаў, засталося няшмат — і як можна з намі так паступаць? Ён адказаў, што скасуе для вэтэранаў падатак. Я быў упэўнены, што ён стрымае слова, бо абяцаў жа прылюдна. Але ён ня выканаў абяцаньня. Вось і ўсе мае ўражаньні ад яго.

Якія ў мяне могуць быць станоўчыя эмоцыі, калі для гэтага чалавека на першым месцы ён сам? Ён упэўнены, што побач зь ім ня можа стаць ніводзін чалавек. Як да яго можна ставіцца па-добраму, калі ён захапіў уладу ў Беларусі...

Я не магу патлумачыць, чаму людзі сталага веку яго падтрымліваюць. Можа, прычына ў неадукаванасьці, ці, можа, у дурноце чалавечай, урэшце. Не жадаюць яны бачыць рэчы, якія навідавоку.

Расея можа зрабіць зь Беларусьсю, што зрабіла з Данбасам і Крымам

Небясьпека існуе, і яна паходзіць з боку Расеі. Бо сёньня ўсім бачна, што там адраджаюцца вялікадзяржаўныя імпэрскія памкненьні. Яны ўва ўсім — і ў сымболіцы, і ў заяве Пуціна, якія сказаў, што Расея сканчаецца там, дзе сканчаецца расейская мова. Прыклад гэтаму — агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны. Уварваньне ва Ўкраіну ніякага апраўданьня ня мае.

Фелікс Шкірманкоў праводзіць госьця
Фелікс Шкірманкоў праводзіць госьця

Калі міжнародныя сілы ня знойдуць, як утаймаваць тыя расейскія памкненьні, і калі абрынецца беларускі аўтарытарны рэжым, то Расея можа зрабіць зь Беларусьсю, што зрабіла з Данбасам і Крымам. Спадзеў, аднак, на тое, што знойдуцца ў нас нацыянальныя сілы, якія здолеюць данесьці да людзей, што яны беларусы і мусяць адстойваць дзяржаўнасьць краіны.

Карэнны пералом адбыўся, калі я сустрэўся зь Зянонам Пазьняком

Калі мы прыяжджалі ў адпачынак з Калымы сюды ў Слаўгарад, на маю радзіму, дык жонцы падабаліся тутэйшыя мясьціны. І яна згадзілася, як мы выйшлі на пэнсію, перабрацца сюды. Родны кут мае нейкія нябачныя прыцягальныя каналы. Гэта, можа, покліч продкаў. Ён, відаць, дапамог мне вярнуцца да беларушчыны.

Панскі парк каля хаты Шкірманковых
Панскі парк каля хаты Шкірманковых

Беларуская мова жыла ўнутры мяне, але дзесяцігодзьдзі, праведзеныя ў расейскамоўным асяродзьдзі, зрабілі сваю справу. Я карыстаўся толькі расейскай мовай. Калі я вярнуўся ў Слаўгарад, то тут больш было беларускай мовы, чым сёньня. Мяне запрасілі на працу ў раённую газэту. Тады яна выходзіла на беларускай мове. Я рабіў у ёй загадчыкам аддзелу пісем. Пакрысе, неўпрыкмет для сябе, пачаў ужываць беларускую мову. А карэнны пералом адбыўся, калі я сустрэўся зь Зянонам Пазьняком.

Я ня бачу бяды ў тым, што беларус ведае расейскую мову, аднак бяда ў тым, што беларус пры гэтым ня ведае сваёй, беларускай мовы. Беларус павінен ведаць беларускую мову і ёй карыстацца. І калі так будзе, то сапраўды Беларусь зойме належнае месцы ў сямʼі народаў. Але ўлада нічога ня робіць дзеля гэтага. Чакаць ад улады зьменаў у гэтым пытаньні не выпадае. Ёй гэта не патрэбна.

Калі ня будзе ўведзена ў практыку, што чыноўнік, які ня ведае беларускай мовы, ня можа займаць дзяржаўнай пасады, то нічога ня зьменіцца. У сёньняшняй сытуацыі ён мусіць ведаць дзьве мовы, і ў выпадку, калі да яго зьвяртаюцца па-беларуску, ён мае адказваць па-беларуску. Кіраўнік дзяржавы павінен ведаць беларускую мову і ёй карыстацца падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Безумоўна, колькасьць гадзін у школе на беларускую мову і літаратуру павінна павялічыцца. Вось тады зьмены і пачнуцца...

Да дня перамогі ў Слаўгарадзе на слупах вывесілі партрэты мясцовых вэтэранаў. Сярод іх і партрэт Фелікса Ўладзімеравіча Шкірманкова
Да дня перамогі ў Слаўгарадзе на слупах вывесілі партрэты мясцовых вэтэранаў. Сярод іх і партрэт Фелікса Ўладзімеравіча Шкірманкова

У мяне адно пажаданьне да беларусаў, якія пакуль не знайшлі дарогі да беларушчыны: вымеркуйце час і пацікаўцеся гісторыяй Беларусі, гісторыяй свайго роду, і тады ў вас узьнікне жаданьне вярнуць сабе нацыянальны гонар і годнасьць. І, галоўнае, калі вы хочаце, каб вас паважалі ў сьвеце, то найперш трэба паважаць сябе і сваё. Калі такой павагі ня будзе, то паважаць вас ня будуць нідзе...

На разьвітаньне Фелікс Уладзімеравіч пачытаў верш «Дуэт», напісаны на беларускай і расейскай мовах. Падкрэсьліў, што вершы ён ня піша. «Я толькі занатоўваю тое, што нехта мне прысылае, — тлумачыў ён. — Адкуль, я ня ведаю. Гэта можа быць і ўдзень, і ноччу, як ня сьпіцца. Раптам выразна чую радок. Адзін, другі — і становіцца зразумела, што будзе далей...»

...На маё разьвітальнае «Доўгіх гадоў» Фелікс Уладзімеравіч усьміхнуўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG