Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры спыталі, чаму адных уключылі ў творчыя, а іншых не. Адказалі «ні пра што»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Барыс Сьвятлоў, міністар культуры Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Барыс Сьвятлоў, міністар культуры Беларусі

Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала адказ Міністэрства культуры на зварот аб крытэрах наданьня або ненаданьня статусу творчага саюзу.

Ліст не зьмяшчае прамой адмовы ў гэткім статусе паводле пэўных крытэраў, а дае даведку: Кодэкс аб культуры набыў сілу, творчым работнікам зьяўляецца сябра творчага саюзу, сьпіс творчых саюзаў фармуе Міністэрства культуры, гэты сьпіс зацьверджаны 30 студзеня. Ліст падпісала першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец параўноўвае адказ Міністэрства культуры з артыкулам у Вікіпэдыі, які яшчэ варта дапаўняць:

«Адказ Міністэрства культуры быў ні пра што, кажа Свабодзе Бастунец. — На тыя пытаньні, што былі ў нашым звароце, мы не атрымалі адказу. Гэта проста звычайная бюракратычная адпіска.

Але сэнс звароту быў ня ў тым, каб БАЖ, ПЭН-цэнтар ці Саюз беларускіх пісьменьнікаў або іншыя арганізацыі былі ўключаны ў сьпіс творчых саюзаў, а ў тым, што сам сьпіс фармуляваўся на непразрыстай аснове, паводле незразумелых крытэраў, і што ён мусіць быць скасаваны ў прынцыпе. Мы зьвярталі ўвагу на тое, што пастанова Міністэрства культуры, у якой ёсьць спасылка на Кодэкс аб культуры, была прынятая раней, чым кодэкс набыў сілу. Гэта ўжо нонсэнс!».

Андрэй Бастунец, архіўнае фота
Андрэй Бастунец, архіўнае фота

Статус творчага саюзу раней быў вернуты Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — незалежных пісьменьнікаў з гэтага саюзу выкрасьлілі з «дармаедаў» на падставе звароту, ранейшага за той, на які цяпер адказала Міністэрства культуры. Але БАЖ і ПЭН-цэнтар, як і шматлікія іншыя незалежныя арганізацыі, у сьпіс ня трапілі.

Бастунец кажа, што ў звароце не гаварылася пра статус «дармаедаў», а менавіта пра дыскрымінацыю на незразумелай падставе. Калі б не было «дэкрэту пра дармаедаў», патрэба ў статусе творчага саюзу была бы сумнеўнай, мяркуе Бастунец:

«Статус творчага саюзу — вельмі незразумелая фармулёўка зь незразумелымі наступствамі. І БАЖ, і Саюз журналістаў, і ПЭН-цэнтар, і Саюз беларускіх пісьменьнікаў, і Саюз пісьменьнікаў Беларусі маюць аднолькавы юрыдычны статус: гэта статус грамадзкага аб’яднаньня, якое перасьледуе мэты, пазначаныя ў статуце. Па вялікім рахунку, калі б не было дэкрэту №3, невідавочна, у чым перавагі творчага саюзу. Больш за тое, я ўпэўнены, што і БАЖ, і Саюз журналістаў працуюць згодна найперш з законам „Аб СМІ“, а не з законам „Аб культуры“. І ўсе грамадзкія арганізацыі дзейнічалі згодна з законам „Аб грамадзкіх аб’яднаньнях“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG