Сёлетні Дзень Канстытуцыі жыхар Магілёва Ігар Чарак запоўніць надоўга. За пратэст супраць дэкрэту аб дармаедах ён адседзеў 15 сутак. Яго зьвінавацілі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі і супраціве міліцыі. У судзе ён ня ўтойваў, што пратэставаў супраць дэкрэту, але не прызнаў абвінавачваньняў у непадпарадкаваньні міліцыянтам. Настойваў, што бараніўся ад невядомых у цывільным.
Для Ігара Чарака зьняволеньне на «сутках» у жыцьці першае. На арыштанцкія будні не наракае, хоць і прызнаецца, што шкадуе змарнаванага часу. Апавядаючы пра непрыемныя моманты няволі, пазьбягае даваць ім адназначныя ацэнкі.
Ігару 43 гады, і ён засьпеў савецкія часы, калі ўладальнікі кватэраў упарта намагаліся зьвесьці неўміручых клапоў ды прусакоў. Ён памятае, як і яго бацькі ў толькі заселенай «хрушчоўцы» змагаліся з гэтай пошасьцю. Камэра ў ізалятары яму нагадала клапамі тое савецкае мінулае.
«Я даўно іх ня бачыў, а тут прыгадаў сваё дзяцінства», — зазначыў з усьмешкай суразмоўца.
«Гэта былі невялікія клапы, і іх я, можна сказаць, адчуў у першую сваю ноч у ізалятары, — казаў ён. — Тое, што клапы засялі камэру, было відаць і па крывавых адмецінах на сьценах. Да мяне сядзельцы іх таксама душылі. Я гіджуся гэтых стварэньняў. Было непрыемна, аднак неўзабаве мяне ўратавалі. Перавялі ў іншую камэру, і ў ёй клапоў ужо не было».
«Даймала мяне радыё, якое несупынна гучала ў камэры, — працягваў аповед Ігар. — Я не слухач магілёўскага радыё, бо толкам слухаць па ім няма чаго. Навіны сьцісла, можна сказаць адным радком, толькі музыка раўла на ўсю камэру, і гэта дужа прыгнятала. Спрабаваў яе прыглушыць, бо цяжка было чытаць, адцягвала ўвагу. Іншым разам гэта ўдавалася зрабіць. Але радыё зноў падкручвалі».
Штодня наглядчыкі ізалятару праводзілі «шмон» у камэры, патрабавалі ад сядзельцаў разьдзецца. Гэтая зьняважлівая працэдура надоўга застанецца ў памяці былога зьняволенага.
«Патрабавалі разьдзецца дагала. Майткі апускалі да калена і прысядалі, — з гідлівасьцю прыгадваў Ігар. — Пасьля такой працэдуры адчуваеш сябе зьняважаным. Думаеш, куды трапіў: няўжо я такі злачынец, што са мною так абыходзяцца?»
Тым ня менш, адзначаў суразмоўца, стаўленьне назіральнікаў да «палітычных» было іншым, чым да пастаяннага кантынгенту ізалятару. Калі прывезьлі ў вязьніцу, прыгадаў ён, то ў ёй было амаль усё кіраўніцтва магілёўскай міліцыі. Супрацоўнікі ізалятару не дазвалялі сабе хамства. Нават спрабавалі зь беларускамоўнымі гаварыць па-беларуску.
«Зразумела, ведалі, хто мы такія і за што нас пасадзілі, — казаў Ігар. — Супрацоўнікі нават завязвалі гутарку. У гэтым я ім не адмаўляў. Мне скардзіліся, што міліцыю чакае скарачэньне, а ёй, маўляў, і так цяжка працуецца. Наракалі на тое, што цяпер амаль усіх, каго затрымліваюць за адміністрацыйныя правапарушэньні, суды адпраўляюць у ізалятар. Казалі: калі да Новага году ў ізалятары сядзела да 60 чалавек, то пасьля ўжо вязьніца запаўняецца на 200».
За суткі знаходжаньня ў ізалятары сядзелец мае заплаціць палову базавай велічыні. Сума немалая набягае, калі адседзіш пятнаццаць сутак, заўважаў Ігар. Паводле яго, ежа ў вязьніцы някепская, калі ўлічыць перадачы з волі:
«Была дужа вялікая падтрымка з волі. Мне даслалі больш за 60 лістоў за пятнаццаць сутак. Віншавалі зь Днём Волі. У многіх лістах зычылі, каб я мацаваўся», — казаў суразмоўца. — На сьцяне ў камэры быў надпіс, які мне спадабаўся: «Тое, што не забівае, робіць нас дужэйшымі». Пачытаўшы яго, я злавіў сябе на думцы, што гэта тычыцца і мяне таксама. Вядома ж, трапляць у няволю не хацелася, бо дужа шмат чаго трэба было зрабіць на волі. Ну, а калі трапіў, то трэба годна адбыць...«
На акцыю пратэсту Ігар прыйшоў сьвядома. Атрымаўшы «ліст шчасьця», ня мог зразумець, чаму мусіць плаціць «дармаедзкі» падатак, бо задарма ня жыў і ня меў ільготаў.
«У мяне праблемы са сьпінаю, і я плачу за лячэньне і абсьледаваньне. А калі бясплатна — чэргі гадавыя, — тлумачыў ён. — Мне імпануе, што людзі ня кінуліся плаціць, а выступілі з пратэстам. Той ж,а хто заплаціў, то гэта ягоная справа. Кожны выбірае сваё».
Ігар прызнаецца, што паверыў словам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, што затрыманьняў пасьля «Марша недармаедаў» ня будзе. І не чакаў зьняволеньня. На справе ж выйшла іначай. Яго гвалтоўна схапілі людзі ў цывільным. Перашкодзіць затрыманьню намагаліся ўдзельнікі акцыі пратэсту, але адбіць мужчыну ім не ўдалося. Яго зацягнулі ў машыну.
У судзе міліцыянты настойвалі, што пратэстоўцу паказвалі пасьведчаньні. У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня, аднак, пазначана: пасьведчаньне было прад’яўлена затрыманаму ў машыне.
«Я быў вельмі ўражаны паводзінамі людзей, якія баранілі мяне. Яны кідаліся на машыну, перагароджвалі вуліцу. Мяркую, што народ пакрысе сасьпявае да змаганьня за лепшую долю. Нават Магілёў — і той прачнуўся», — адзначыў суразмоўца.
Ён ня ўтойвае, што зарабляў на жыцьцё ў Расеі, але хоча знайсьці занятак з годным заробкам на радзіме.
«Расея — чужая мне краіна. Мне ня хочацца ўжо нікуды езьдзіць. Хачу тут жыць і працаваць», — казаў ён.
Ігар Чарак — будаўнік. Валодае шэрагам будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Беспартыйны.