Абодвух затрымалі 15 сакавіка па сканчэньні акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах. На свабодзе іх віталі апазыцыйныя актывісты, журналісты. Ля ізалятару сабраліся больш за два дзясяткі чалавек.
Пратэстоўцаў сустрэлі тартамі зь лічбай «пятнаццаць», кветкамі ды прыпеўкай «З вызваленьнем вітаем». Зьміцер і Ігар у няволі шмат чыталі, змагаліся з клапамі. Былі ў розных камэрах і дзякавалі за весткі з волі.
Ігару Чараку ў судзе перадалі кнігу з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» «Хто ўзарваў менскае мэтро». Яе Ігар прачытаў і ня стаў пакідаць у ізалятары.
«З сабою ўзяў. Каму там яе пакіну? Але, калі па шчырасьці, то была думка пакінуць, бо ў ізалятары няма чаго чытаць», — адзначыў Ігар, паказваючы свабодаўскае выданьне разам зь яшчэ адной кнігай — «Жыцьцё людзей за кратамі» (пра тых каго ўтрымлівалі ў няволі пасьля 2010 году).
Ігара затрымлівалі брутальна. Відэа пра захоп яго «людзьмі ў цывільным» было адным з самых папулярных у Байнэце са зьнятых на «Маршах недармаедаў». Кажа, што не чакаў нападу і не разумее, чаму міліцыянты былі ў цывільным. Пасьля таго, як яго пасадзілі ў машыну, гвалтоўных дзеяньняў з боку міліцыі не было. За пятнаццаць дзён яшчэ не перастала балець плячо.
Зьміцер Люнтаў наракаў, што ў няволі яму не хапала паветра, бо сукамэрнік курыў. Бавіў час чытаньнем ды душыў клапоў.
«Я шмат чытаў. Быў часопіс „Полымя“ за 1992 год, а таксама кніга „Што такое мэдыяцыя“. Чытаў Дзюма ды Хэмінгуэя „Па кім звоніць звон“. Дужа не спадабаўся штодзённы „шмон“ у камэрах. Гэтаму ў ізалятары прысьвечана цэлы „наскальны жывапіс“», — адзначыў Зьміцер.
Абодва ўпершыню сядзелі ў ізалятары для часова затрыманых. Пра свой удзел у акцыі пратэсту не шкадуюць.
За ўдзел у «Маршах недармаедаў» у ізалятары ўтрымліваліся шасьцёра пратэстоўцаў. Алегу Мяцеліцы далі дваццаць сутак. Па пятнаццаць адседзелі Ўладзімер Шанцаў, Алег Аксёнаў, Зьміцер Люнтаў ды Ігар Чарак. Двое з паловай сутак да суду ў ізалятары ўтрымлівалі пэнсіянэра Аляксандра Страха. Яго пакаралі штрафам у сем базавых велічыняў.