Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Тацяну Севярынец склалі пратакол «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве»


Тры гадзіны віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі БХД мусіла правесьці ў Кастрычніцкім РАУС: яе затрымалі пасьля «Маршу недармаедаў», калі яна вярталася дадому.

Увесь гэты час у пастарунку знаходзіліся праваабаронца Павал Левінаў і актывістка аргкамітэту БХД, журналістка Алена Шабуня. Спадарыня Тацяна распавяла, што яе затрымалі недалёка ад дому — з харчамі ў руках, калі выходзіла з «Эўраопту» на праспэкце Будаўнікоў:

«Мііцыянты чакалі мяне ля выхаду з крамы, загадалі сесьці ў машыну, сказаўшы, што гэта за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Да слова, сёньня па Віцебску прайшла калёна зь ня менш як 1 500 чалавек, а то й болей. Пратакол на мяне склалі паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Сказалі чакаць позвы ў суд».

У пастарунку актывістка сустрэла некалькіх хлапцоў, у тым ліку непаўналетніх, якіх таксама затрымалі за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Але хлопцы кажуць, што прыходзілі паводле распараджэньня настаўнікаў — сьвяткаваць Масьленіцу на плошчы Перамогі. А калі сыходзілі адтуль, то й трапілі ў калёну пратэстоўцаў.

Міліцыянты мусяць адпусьціць невінаватых, лічыць спадарыня Тацяна. Бо непаразуменьне здарылася ня зь іхнай віны: за колькі дзён да акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3 гарвыканкам абвясьціў пра сьвяткаваньні ў месцы меркаванага збору незадаволеных дэкрэтам. А школам было загадана «забясьпечыць яўку»...

Тацяна Севярынец прынесла з сабой на плошчу Перамогі дзіцячыя мыльныя бурбалкі й наглядна прадэманстравала «грунтоўнасьць» абяцаньняў кіраўніцтва краіны. А таксама зачытала прысутным асобныя артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, і ўдзельнікі «Маршу недармаедаў» прызналі, што яны не выконваюцца.

Потым ня згодныя з Дэкрэтам № 3 вырашылі перайсьці на іншы бок вуліцы, каб не замінаць сьвяткаваньню Масьленіцы. І плошча амаль адразу апусьцела, калі яе пакінулі 500-700 чалавек. Неўзабаве нехта прапанаваў рушыць па горадзе, і калёна, паступова разрастаючыся ў даўжыню, накіравалася да плошчы Леніна, дзе ўрэшце сабраліся больш за паўтары тысячы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG