Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан ці Трамп і што ад гэтага Беларусі — менскія экспэрты пра выбары ў ЗША


Беларускія палітолягі даюць свой прагноз наконт вынікаў выбараў у ЗША і разважаюць пра наступствы перамогі Гілары Клінтан ці Дональда Трампа.

Казакевіч: пераможа Клінтан

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч прагназуе перамогу на выбарах Гілары Клінтан:

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

«Паводле ўсіх аналізаў выглядае, што ўсё ж выбарнікаў у Клінтан будзе больш, хаця, вядома, да канца мы гэтага ня можам ведаць. Як вядома, электарат Клінтан і Трампа моцна адрозьніваецца. За Клінтан — меншасьці, жанчыны, жыхары мэгаполісаў. За Трампа — жыхары невялікіх гарадоў, белыя мужчыны, тыя, хто зьвязаны з рэлігійнымі супольнасьцямі. Але ўсё ж, думаю, пераможа Клінтан.

Што зьменіцца ў сьвеце? Думаю, што істотна нічога ня зьменіцца. Клінтан, хутчэй, будзе працягваць тую лінію, якую праводзіць Абама. Дарэчы, сам курс Абамы быў шмат у чым сфармаваны пры ўдзеле Клінтан, якая была дзяржсакратаром. Што тычыцца ўнутранай палітыкі, то таксама відавочна, што ў яе не стаяць на парадку дня сур’ёзныя зьмены ў эканамічным курсе, бо сярод дэмакратаў лічыцца, што палітыка Абамы была дастаткова пасьпяховая і дазволіла пераадолець эканамічныя складанасьці пасьля 2008 году».

Перамога Клінтан, лічыць Казакевіч, хутчэй станоўча адаб’ецца на адносінах афіцыйнага Менску і Вашынгтона.

«У Трампа ёсьць вялікі элемэнт непрадказальнасьці. Так, ён лічыцца нібыта прарасейскім, лічыцца, што ён інакш ставіцца да пытаньняў дэмакратыі і правоў чалавека. Але ён палітык, у якога словы і справы вельмі моцна разыходзяцца. Таму, думаю, больш надзейным і спакойным партнэрам будзе Клінтан. Палітыка разрадкі будзе працягнутая, ня будзе вялікай крытыкі палітычнай сыстэмы ў Беларусі, ЗША будуць шукаць кампраміс, праводзіць больш прагматычную палітыку ў рэгіёне», — мяркуе палітоляг.

Фёдараў: «Трамп — чалавек абсалютна непрадказальны»

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў таксама лічыць, што пераможа, хутчэй за ўсё, Гілары Клінтан.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Мабыць, тыя выказваньні, якія Трамп рабіў падчас выбарчай кампаніі, напалохалі шэраг выбарнікаў — нацыянальныя меншасьці, жанчын і г.д. Хаця сьцьвярджаць з упэўненасьцю, што пераможа Клінтан, нельга, бо выбарчая сыстэма ў ЗША надта складаная.

Калі пераможа Клінтан — думаю, прынцыпова нічога ня зьменіцца. Будуць пэўныя адхіленьні ў той ці іншы бок, але ў цэлым Клінтан будзе працягваць тую ж палітыку, што і Абама — можа, крыху ў больш жорсткай форме адносна Расеі.

Што тычыцца Трампа, то тут мала што можна сказаць. Ён, па-першае, чалавек абсалютна непрадказальны, па-другое, ня мае досьведу кіраўніцтва на дзяржаўным узроўні. Тыя заявы, што ён робіць, — ну, трэба ўлічваць, што гэта перадвыбарчая кампанія. А насамрэч, можа, прыйдзецца рабіць зусім іншае», — кажа палітоляг.

Мацкевіч: «Ня думаю, што будзе вялікая розьніца, хто пераможа — Клінтан ці Трамп»

Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч пазьбягае рабіць адназначныя прагнозы. Адначасова ён зьвяртае ўвагу на тое, што вынікі выбараў у ЗША ў любым выпадку не прывядуць да нейкіх кардынальных зьменаў у Злучаных Штатах і сьвеце.

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

«У ЗША такая моцная і дакладная дзяржаўная сыстэма, што пэрсанальная пазыцыя прэзыдэнта толькі часткова можа ўплываць на дзяржаўную палітыку — як міжнародную, так і ўнутраную. Нягледзячы на тое, што амэрыканскі прэзыдэнт, напэўна, самы моцны прэзыдэнт у сьвеце, тым ня менш яго магчымасьці штосьці рэзка кардынальна зьмяніць не такія ўжо і вялікія. Збалянсаванасьць, прадуманасьць дзяржаўнай сыстэмы ЗША вядзе да таго, што каб прыняць нейкія рашэньні, трэба мець згоду Кангрэсу, трэба дамаўляцца зь бізнэс-істэблішмэнтам, трэба ўлічваць настроі электарату. Гэта сыстэма стрымліваньняў і супрацьвагаў, якая не дае магчымасьці аднаму чалавеку, якую б высокую пасаду ён ні займаў, займацца самавольствам. Кожныя зьмены, кожныя зрухі ў амэрыканскай палітыцы і дзяржаўным кіраваньні рыхтуюцца шмат гадоў, прадумваюцца розныя акалічнасьці і чыньнікі. Гэта ня тое, што ў нас, калі прэзыдэнту заверне нешта ў галаву, на наступны дзень выходзіць указ, і ўсе пачынаюць яго выконваць. Таму ня думаю, што будзе вялікая розьніца, хто пераможа — Клінтан ці Трамп», — лічыць ён.

Зь іншага боку, кажа Мацкевіч, перамога Трампа кепска паўплывае на імідж ЗША.

«Калі мы ўзгадаем Буша-малодшага, тую палітыку, якую ён праводзіў, то яна была цалкам узважаная і ўзгодненая з палітычным істэблішмэнтам ЗША. Але самі паводзіны Буша, ягоныя выказваньні выклікалі іронію ў сусьветнай масавай сьвядомасьці. Так будзе і з Трампам.

Трамп трохі камічная фігура. Вядома, калі ён стане прэзыдэнтам, шмат ад якіх выказваньняў яму прыйдзецца адмовіцца, ён будзе больш стрыманым. Але ж тым ня менш ён усё роўна застанецца трохі камічнай і папулісцкай асобай».

Лагвінец: «У выпадку прэзыдэнцтва Трампа на выбрыкі Лукашэнкі будзе зьвяртацца менш увагі»

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што напярэдадні дня выбараў шанцы кандыдатаў выглядаюць больш-менш роўнымі, таму вынік прадказаць складана.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Калі казаць пра ўплыў амэрыканскіх выбараў на сусьветную палітыку, варта ўлічваць, што ЗША па-ранейшаму супэрдзяржава. Відавочна, што калі прэзыдэнтам стане Дональд Трамп, які пазыцыянуе сябе як крытык цяперашняй амэрыканскай палітыкі, могуць адбыцца нечаканыя рэчы. Гэта можа прывесьці да пэўнага перафарматаваньня зьнешніх стасункаў. Можна чакаць, што будуць зьмены, і куды гэтыя зьмены завядуць увесь сьвет — пытаньне адкрытае. А калі прэзыдэнтам стане Гілары Клінтан, то можна сказаць, што будзе большая пераемнасьць, парадак дня Злучаных Штатаў радыкальна не памяняецца і ЗША будуць працягваць даволі асьцярожную палітыку», — кажа палітоляг.

Уплыў выбараў у ЗША на беларуска-амэрыканскія адносіны Лагвінец наагул лічыць мінімальным:

«Беларусь ня ёсьць вялікім прыярытэтам для ЗША. Ёсьць вельмі шмат глябальных выклікаў, а Беларусь — гэта лякальны выклік. Таму радыкальных зьменаў тут ня варта чакаць. Магчыма, у выпадку прэзыдэнцтва Дональда Трампа на выбрыкі Лукашэнкі будзе зьвяртацца менш увагі. Між тым ня варта ўсё прывязваць да адной асобы. Злучаныя Штаты — гэта дэмакратыя, і там фармуе палітыку ня толькі прэзыдэнт. Таму нават абраньне Трампа, зь якім зьвязваюць спадзевы на зьмены ў зьнешняй палітыцы, наўрад ці адаб’ецца на Беларусі. Дзярждэпартамэнт застанецца, тыя ж экспэрты будуць займацца Беларусьсю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG