Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі не скарачаюць чыноўнікаў?


Ці можна скараціць дзяржапарат, не скарачаючы яго функцыі? Чаму ўлады турбуе вялікая колькасьць чыноўнікаў? Ці магчыма вырашэньне гэтай праблемы ў рамках існай сацыяльнай мадэлі? Удзельнікі: Ігар Ільяш, Уладзімер Глод і Валер Карбалевіч.

Глод: Рэформа, альбо, як яе прыгожа называюць на версе ўлады, аптымізацыя дзяржаўнага апарату, пачалася ў Беларусі яшчэ ў 2013 годзе. Тады шырока заяўлялі, што колькасьць дзяржаўных службоўцаў скароціцца на 25%, то бок апарат скароцяць на аднаго з кожных чатырох чыноўнікаў.

Аднак афіцыйная статыстыка сьведчыць зусім пра іншае — пакуль скарочаны толькі адзін на кожныя 60 супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Такія дадзеныя знаходзяцца ў статыстычным зборніку «Праца і занятасьць у Рэспубліцы Беларусь».

Але ж утрымліваць чыноўнікаў — справа дарагая. Іх заробак вышэйшы за сярэдні па краіне на 24%. Але да гэтага трэба дадаць і іншыя бонусы. Тады, паводле Белстату, утрыманьне аднаго дзяржслужачага каштуе бюджэту 15 мільёнаў 600 тысяч недэнамінаваных рублёў штомесяц. Кошт чалавека-гадзіны чыноўніка складае 100 тысяч рублёў, тады як у сярэднім па краіне гэты паказьнік — 57 400 рублёў. Выдаткі на чыноўнікаў перавышаюць выдаткі ва ўсіх іншых сфэрах. Напрыклад, у фінансавай сыстэме заробкі вышэйшыя, чым у сфэры кіраваньня. Але нават там утрымліваць супрацоўніка таньней.

У дзяржкіраваньні ў 2015 годзе было занята 185 тысяч чалавек. І што цікава — нягледзячы на звальненьні і дырэктыўнае скарачэньне колькасьці чыноўнікаў, дзяржапарат штогод заяўляе ў органы працы і занятасьці стабільную колькасьць вакансіяў. У гэты ж час у цэлым працадаўцы краіны зьнізілі заяўкі ў органы занятасьці амаль удвая.

Так, адразу пасьля заяваў Лукашэнкі пра скарачэньне дзяржапарату адбыліся пэўныя рухі. Аднак рэальнага зьмяншэньня амаль не адбылося. Фактычна скарочаным чыноўнікам прапаноўвалі месцы ў тых жа ўстановах, дзе яны і працавалі. Толькі на ніжэйшых пасадах. Другі варыянт — ліквідавалі вакансіі. То бок замест жывых людзей скарацілі пасады. А рэальнае зьмяншэньне апарату адбылося толькі там, дзе прайшлі істотныя зьмяненьні ў структуры. Ну, напрыклад, у Воршы і Полацку аб’ядналі гарадзкі і раённы выканаўчыя камітэты ў адзіную «вэртыкаль».

Ну, а цяпер глядзім, што атрымліваецца. З аднаго боку, колькасьць чыноўнікаў амаль не зьмяншаецца. Паверыць у тое, што кіраўнік Беларусі пра гэта ня ведае, не выпадае. Але захадаў, каб кардынальна зьмяніць сытуацыю, ён ня робіць. Чаму? Я бачу найперш тут дзьве прычыны. Першая — менавіта на чыноўнікаў можна сьпісаць усе памылкі і хібы. Нездарма ж дзяржаўныя мэдыі ўжо шмат гадоў убіваюць у галовы беларусам: «цар» у нас добры, а вось, «баяры» дрэнныя. Другая прычына: скарачаць чыноўнікаў — гэта як самому сячы сук, на якім сядзіш. Ці ня так, калегі?

Карбалевіч: У сыстэмах, падобных да беларускай, то бок у мадэлях патэрналісцкай дзяржавы, кампанія скарачэньня чыноўнікаў праходзіць пэрманэнтна. Але без асаблівага посьпеху. Добра вядомы савецкі досьвед, калі чым больш скарачалі дзяржаўны апарат, тым больш ён рос.

Неабходнасьць скарачэньня абумоўленая ня толькі тым, што на такую армію чыноўнікаў не хапае грошай. Праблема яшчэ і ў тым, што ведамствы пачынаюць перашкаджаць адно аднаму. Напрыклад, я налічыў у Беларусі дзевяць спэцслужбаў, ці, дакладней, праваахоўных структур з правам апэратыўна-вышукавай дзейнасьці. Дык ці дзіўна, што гаспадарнікі, дырэктарат скардзяцца нават Лукашэнку — маўляў, сілавікі перашкаджаюць працаваць? Ці, напрыклад, у краіне столькі кантрольных органаў, што давялося нават ствараць адмысловую камісію па каардынацыі іх дзейнасьці.

Але скарачаць не ўдаецца. Бо паводле закону Паркінсана любая бюракратычная структура імкнецца да экспансіі функцыяў і сфэр дзейнасьці. У патэрналісцкай дзяржаве зь вялізным паліцэйскім апаратам, з сыстэмай ручнога кіраваньня эканомікай усе спробы скарачэньня дзяржапарату будуць марнымі. Каб адбылося сапраўднае скарачэньне дзяржапарату, трэба скарачэньне функцыяў. Але ў такім разе трэба мяняць сыстэму.

Вось прыклад. Лукашэнка казаў, што яму ўрад у рамках кампаніі па скарачэньні апарату прапаноўваў ліквідаваць Міністэрства гандлю. У выніку гэтае міністэрства ня толькі захавалі, але надалі яму больш функцыяў. Цяпер яно займаецца яшчэ і антыманапольнай дзейнасьцю. Так што ў рамках цяперашняй сацыяльнай мадэлі гэта змаганьне зь ветракамі.

Ільяш: Не магу не пагадзіцца са спадаром Карбалевічам. Сапраўды, каб скараціць колькасьць чыноўнікаў, трэба скараціць функцыі і абавязкі дзяржаўнага апарату.

Ведаеце, ну як тут скараціць колькасьць чыноўнікаў, калі вярхоўная ўлада ставіць перад аблвыканкамамі задачы па ўзроўні ўраджаю і надоях, калі Лукашэнка асабіста загадвае чыноўнікам, колькі тон пальцам пханай каўбасы павінна вырабляцца ў Беларусі? Усім вядома, што нашы дзяржаўныя органы займаюцца справамі, якімі ў нармальных дэмакратычных краінах з рынкавай эканомікай займацца проста не павінны. Ужо колькі жартаў было наконт таго, што калі, напрыклад, нейкі брытанец прачытае афіцыйны прэс-рэліз з сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі выканкамаў, ён наагул не зразумее, як гэта магчыма.

То бок, каб істотна скараціць дзяржапарат, трэба прынцыпова зьмяніць сам стыль кіраваньня краінай, а на гэта Лукашэнка пайсьці ня можа. Я не выключаю нават, што прэзыдэнт шчыра хацеў бы скараціць дзяржапарат. Але кожны раз, пачынаючы гэтую справу, ён адразу сутыкаецца з тым, што трэба скарачаць іх кантрольныя функцыі, трэба скарачаць умяшаньне ўлады ў эканоміку, у гандаль. То бок рабіць рэальныя рэформы. А гэта супярэчыць ягоным перакананьням.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG