Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізаляцыя: жыхары Суража разьдзеленыя ракой, узровень якой рэгулююць кітайцы


Паром празь Дзьвіну
Паром празь Дзьвіну

«Празь Дзьвіну на іншы бераг — 100 мэтраў. Але моста няма, паром сеў на мель, аб’яжджаць даводзіцца 70 кілямэтраў», — жыхары Суража на Віцебшчыне ў закладніках безгаспадарнасьці і «будоўлі стагодзьдзя».

Мабільны навігатар упэўнена правеў зь Віцебску аж да самага Суража — 50 кілямэтраў пад надзейным кантролем спадарожніка. Праўда, ужо на ўезьдзе ў мястэчка стала зразумела: іншым разам надзейней скарыстацца дзядоўскім спосабам — папяровай мапай. Прыехалі не на той бераг. Сябры аблаялі, што загадзя не патэлефанавалі, «парадаваўшы»: паўторны заход з разваротам — 70 кілямэтраў. Зноў назад да Віцебску і потым на іншую трасу. Крыўдна, бо да патрэбнага пункту на супрацьлеглым баку — 300 мэтраў ад сілы. Моста ў радыюсе некалькіх дзясяткаў кілямэтраў няма.

«Тытанік» пасярод Дзьвіны

Сябры кпілі, што для саманадзейных лузэраў збудаваны паром, нядаўна яго нават мадэрнізавалі. Але відовішча забіла апошнія рэшткі аптымізму: вялізная махіна надзейна сядзела на мелі пасярод Дзьвіны. Пульт кіраваньня ў выглядзе кабіны ад трактара «Беларус» даваў зразумець: пакуль вада не паднімецца, ніхто нікуды не паедзе.

Вада ўпала, і паром сеў на мель
Вада ўпала, і паром сеў на мель

Такой мелкаводнай ракі мясцовыя ня бачылі даўно
Такой мелкаводнай ракі мясцовыя ня бачылі даўно

Паратунак прыйшоў нечакана: за паўсотні мэтраў затарахцеў рухавік катэрка. Машыну давялося кінуць проста на беразе і тэрмінова загружацца на «Тытанік» — менавіта гэтае «шчасьлівае» імя выведзена на ратавальных кругах плавальнага сродку, які, на погляд, ня вельмі розьніцца ўзростам ад знакамітага лайнэра. Канструкцыйна катэр, можа, пад што і прыдатны, але не пад перавозку пасажыраў — усю прастору займае кабіна «капітана» і жалезная накрыўка над рухавіком. Месца застаецца толькі пры парэнчах.

Сураскі «Тытанік»
Сураскі «Тытанік»

Капітан «Тытаніка»
Капітан «Тытаніка»

«Калі раптам паром не працуе — зламалася нешта, салярка скончылася, вада сышла — аб’яжджаць давядзецца 70 кілямэтраў, — кажа віцяблянін Валер Банадысенка, які некалькі гадоў таму набыў дом у Суражы. — Больш скажу: зімой туды-сюды людзі ходзяць па лёдзе. Натуральна, паром стаіць на прыколе, бо рака замярзае — дакладней, калі цалкам, а калі і палонка застаецца. Ідуць на свой страх і рызыку, здараецца, што не даходзяць. Мала таго, яшчэ дадам: школьнікі ідуць па лёдзе, бо школа — на тым беразе. Праўда, бацькі абураюцца, тады на зіму пераводзяць дзесьці пад Тарасенкі, на гэтым баку. І яшчэ ня ўсё: тых, хто жыве на тым беразе і працуе на лесапілцы з нашага боку, зімой штодня вязуць спачатку 70 кілямэтраў на працу, а потым такім жа маршрутам назад. Хоць на касую — 500 мэтраў».

Пасадка на катэр
Пасадка на катэр

На карме — пясок і людзі
На карме — пясок і людзі

Колькі сям’я Банадысенкаў жыве ў Суражы, столькі чуе размовы пра мост. Усе звароты да начальства — нібыта ў нікуды: яны ўжо як тыя легенды перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, але плёну ня маюць. Пры тым, што каля самага Суражу, на процілеглым ад Банадысенкаў беразе, стаіць капітальны мост цераз Касплю, невялікую прытоку Дзьвіны:

«Гэта мост цераз Касплю, яна ўпадае ў Дзьвіну. То бок калі ехаць па тым баку, праехаць праз мост, то прамой дарогай трапіш у Расею — прыкладна праз 20 кілямэтраў будзе расейская мытня. Для такой маленькай рачулкі мост проста шыкоўны, ён там яшчэ ад савецкіх часоў. А празь Дзьвіну няма, прычым на дзясяткі кілямэтраў навокал. І ў бок Расеі, наколькі ведаю, таксама тая ж карціна. Паром у раёне Вяліжа, гэта кілямэтраў 30. Адпаведна, ня ведаеш, працуе ён ці, як наш, сядзіць на мелі. А вось тут, дзе паром зьвязвае дзьве часткі Суража, мост быў бы дарэчы: якраз скрыжаваньне з выездам на Віцебск, на той жа Пскоў, лякальна — на Тарасенкі. Але такіх грошай у бюджэце, відаць, няма».

Мясцовы жыхар Валер Банадысенка
Мясцовы жыхар Валер Банадысенка

Дом Банадысенкаў — самы «казырны» на іхнім баку
Дом Банадысенкаў — самы «казырны» на іхнім баку

Сураж вядомы ўжо тысячу гадоў і ў сваёй гісторыі меў нашмат вышэйшы статус, чым цяпер. Калі ў сярэдзіне ХVI стагодзьдзя тут на загад вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ збудавалі абарончы замак, Сураж стаў горадам, а неўзабаве атрымаў такія ж вольнасьці і правы, як Віцебск. У 1654-м падчас расейска-польскай («літоўскай») вайны быў узяты расейцамі, але ў 1667-м вернуты Вялікаму Княству Літоўскаму. Ад 1772-га — зноў у складзе Расейскай імпэрыі, пасьля чаго паступова зьмізарнеў да заштатнага гораду Віцебскага павету. Цяпер мае статус гарадзкога пасёлку, стала тут жыве менш за 1000 жыхароў. Дамы купляюць замест лецішчаў віцябляне, шмат і новых гаспадароў з Расеі.

Асобныя мясьціны Суража мала адрозьніваюцца ад вёскі
Асобныя мясьціны Суража мала адрозьніваюцца ад вёскі

Закладнікі двух берагоў

Усе адміністрацыйныя і інфраструктурныя службы ў Суражы — на адным беразе. Тым, хто жыве насупраць, гэта ня надта зручна:

«Там шпіталь, пажарная частка, школа, аўтазапраўка, кавярня, уся мясцовая ўлада, — кажа новы суражац Валер Банадысенка. — Ладна бэнзін ці нейкая даведка ў пасялковым савеце, можна перажыць. А можаце ўявіць, калі некаму з нашага боку стала кепска ці, ня дай бог, пажар пачнецца? Нават праз паром гэта бог ведае колькі часу зойме, а як у акружную ехаць, то ратаваць будзе ўжо позна — прыедуць на труп ды папялішча. Не забывайце, што Сураж — гэта пасёлак гарадзкога тыпу. Ня вёска зь дзясяткам жыхароў, разьдзеленая рэчкай, а якая-ніякая адміністратыўная адзінка».

Адміністрацыйная частка Суража
Адміністрацыйная частка Суража

Машыну даводзіцца кідаць перад пераправай
Машыну даводзіцца кідаць перад пераправай

Імклівае абмяленьне Дзьвіны мясцовыя зьвязваюць з пачаткам будоўлі Віцебскай гідраэлектрастанцыі. Некалькі гадоў таму, яшчэ да пачатку актыўных працаў, у Суражы высадзіўся вялікі кітайскі дэсант: будаўнікі раўнялі бераг, закладалі яго гранітам, дзе пабудовы выходзяць да вады. Мяркуецца, што са зьяўленьнем плаціны ровень ракі падымецца на некалькі мэтраў. Пакуль, праўда, наадварот — вада кудысьці сыходзіць:

«Гэта яшчэ пытаньне — ці будзе вада падымацца, — выказвае сумнеў мой суразмоўца. — Гэта яны думаюць, што раптам вырасьце на мэтар-два, таму ўмацавалі, каб не падмыла падмуркі і хаты не заваліліся. Але адкуль яны яе будуць браць — ня ведаю. Ну зачыняць плаціну, і што? Гэта якая маса патрэбна, каб запоўніць да верху! І нават калі так будзе, то тады зноў устае пытаньне з паромам. Яго функцыянаваньне цалкам залежыць ад вышыні ракі. Калі мелка, ён, як цяпер, сядае на мель — ня можа падысьці да берага, бо чапляецца за дно. А калі ровень моцна падымецца, як нам абяцаюць, машыны ня змогуць заехаць на паром, бо ён вышэй за пляцоўку пад’езду. Хоць „лапы“ і апускаюцца, але перапад вялікі, і гэта зрабіць немагчыма».

На дальнім пляне — мост цераз Касплю
На дальнім пляне — мост цераз Касплю

Берагі ля жылых пабудоваў умацаваныя гранітам
Берагі ля жылых пабудоваў умацаваныя гранітам

Дамоўленасьць аб крэдытаваньні будоўлі Віцебскай ГЭС была дасягнутая зь Дзяржаўным банкам разьвіцьця Кітая яшчэ пяць гадоў таму. Тады плянавалася, што гідраэлектрастанцыя запрацуе ўжо да 2015-га. Аднак, як гэта часта здараецца, першапачатковыя тэрміны па ходу былі адкарэктаваныя, запуск аднесьлі на 2017-ты — калі ня здарыцца чарговага форс-мажору. Закладзена, што найбольш энэргіі яна будзе выпрацоўваць у красавіку, найменш — у лютым.

Але на жыцьцё людзей гідраэлектрастанцыя ўплывае ўжо цяпер, прычым за дзясяткі кілямэтраў. Калі ровень вады ў рацэ перастане быць натуральным, як сотні гадоў дагэтуль, ізаляцыя рознабярэжным жыхарам мястэчка забясьпечаная: моста ніхто не абяцае, а паром, якім толькі і можна перавозіць транспарт, аднолькава кепска рэагуе што на мель, што на вялікую ваду.

Від на Дзьвіну
Від на Дзьвіну

Выхад да вады
Выхад да вады

«Катэр — гэта на той выпадак, калі не працуе паром, каб прынамсі людзей перавозіць, — кажа Валер Банадысенка. — А калі паром ходзіць, на ім перабіраюцца і людзі, і тэхніка. Але яшчэ раз кажу, што застаецца вялікі кавалак часу, калі ні паром, ні катэр не працуюць. І гэта ня толькі зіма. Напрыклад, прыйшла вясна, але яшчэ ідзе паводка, крыгі плывуць. Ці ўвосень, калі пачынаюцца замаразкі і прыхоплівае лёд. Як такога яшчэ няма, але катэр ужо хадзіць ня можа. Вось тады поўная ізаляцыя, толькі ў аб’езд. То бок практычна паўгоду ёсьць пэрыяд, калі праз раку ня ходзіць нічога. Палова ўсяго году, уяўляеце? Таму адзіным паратункам у гэтай сытуацыі быў бы мост. А яго ні нашы, ні кітайцы не абяцаюць».

Падарожжа на старым катэры церазь Дзьвіну цікавае, але нядоўгае — спрактыкаваны перавозчык ліха дастаўляе на другі бераг менш як за хвіліну. Калі падумаць, колькі часу такая адлегласьць будзе вымагаць у аб’езд па сушы, становіцца ніякавата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG