Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкрылася новая пляцоўка беларускага жыцьця


У Горадні адкрыўся Цэнтр гарадзкога жыцьця. Новая грамадзкая пляцоўка, па задуме яе стваральніка Паўла Мажэйкі, павінна стаць цэнтрам актыўнага творчага жыцьця гарадзенцаў:

"У нас будуць адбывацца сустрэчы, прэзэнтацыі, выставы, адкрытыя дыскусіі. Мы хочам ініцыяваць сьвежыя і сьмелыя ідэі, якія павінны прасоўваць створанае гарадзенцамі і што, нават больш істотна, абуджаць у гарадзенцаў жаданьне ствараць, любіць свой горад і Беларусь".

Цэнтр працуе ўсяго тыдзень. Цягам першых некалькіх дзён у ім адбыліся мерапрыемствы ў рамках Тыдня беларускага мысьленьня, сустрэча з дасьледчыкам, філятэлістам і краязнаўцам Лявонам Карповічам.

Сёньня ў Цэнты гарадзкога жыцьця пройдзе дыскусія «Моўныя шансы Горадні». Упершыню будуць апублікаваныя агульныя лічбы беларускамоўнага навучаньня ў Горадні і вобласьці, якія сабрала Таварыства беларускай мовы.

У пятніцу ў цэнтры адбудзецца прэзэнтацыя дасьледаваньня пра гарадзенскі нонканфармізм у другой палове ХХ ст.

«Горадня і гарадзенцы маюць быць у цэнтры інтэлектуальнага, культурніцкага, творчага, сучаснага жыцьця Беларусі і нашага эўрапейскага рэгіёна» — гаворыць Павал Мажэйка.

Цэнтар гарадзкога жыцьця знаходзіцца ў цэнтры Горадні, побач з галерэяй «Крыга» на вул. Савецкай, 3. Ён адчынены для наведнікаў штодзённа ад 10 да 20 гадзіны.

Сачыць за афішай і працай пляцоўкі можна дзякуючы старонцы U centry на Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG