Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на карпарацыю.
Учора Міністэрства энэргетыкі Беларусі афіцыйна паведаміла Расеі пра рашэньне замяніць корпус рэактара Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.
«Мы выканаем гэтае патрабаваньне замоўцы, яно было для нас чаканым. Мы ўжо заяўлялі, што паставімся да такога рашэньня з павагай, разумеючы, зь якой прычыны яно можа быць прынятае, таму што грамадзкая прымальнасьць атамнай энэргетыкі — ня менш важны прыярытэт, чым яе бясьпека, — заявілі ў „Росатоме“. — Будзем абмяркоўваць з замоўцам дэталі, зьвязаныя зь яго рэалізацыяй».
Як піша сёньня расейскае дзелавое выданьне «Коммерсант», замена корпуса, відаць, ссуне тэрміны ўводу БелАЭС (першы блёк павінен запрацаваць у 2018 годзе, другі — у 2020-м). Пры гэтым невядома, наколькі павялічацца з-за гэтага выдаткі. Таксама няма адказу на пытаньне, на каго ляжа абавязацельства аплаціць магчымыя выдаткі, адзначае выданьне.
«Узьнікненьне спрэчных сытуацыяў, зьвязаных з выяўленьнем дэфэктаў складанага абсталяваньня, якія зьявіліся пры транспартаваньні і мантажы, рэгулюецца дамовай або дадаткам да яе пра пастаўку абсталяваньня і яго абслугоўваньне, — кажа старэйшы юрыст адвакацкага бюро А2 Кацярына Ільіна. — Умовы дамоваў звычайна не раскрываюцца, але зыходзячы з агульнай практыкі ў падобных выпадках для выяўленьня прычынаў няспраўнасьці ствараецца камісія, якая і мусіць вызначыць, які з бакоў адказны за яе ўзьнікненьне і, такім чынам, нясе матэрыяльную адказнасьць за яе ліквідаваньне». Паводле яе слоў, у выпадку калі з высновамі камісіі адзін з бакоў ня згодны, спрэчка можа быць перанесеная ў суд.