Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Росатом» „пячэ“ ядзерныя рэактары як бліны», — расейскія журналісты пра змову інтарэсаў на БелАЭС


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

Незалежныя расейскія мэдыі распачынаюць кампанію інфармаваньня грамадзтва пра няштатную сытуацыю на будаўнічай пляцоўцы першай беларускай атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Галоўным лейтматывам — спыніць будаўніцтва небясьпечнага аварыйнага аб’екту.

Маскоўская журналістка Надзея Папова, якая спэцыялізуецца на міжнародным аспэкце атамнай энэргетыкі, днямі накіравала адкрыты ліст міністру замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі Сяргею Лаўрову. На яе перакананьне, гэты рызыкоўны праект ёсьць наўпроставым вынікам змовы МАГАТЭ і «Росатома».

«Зьвяртаюся асабіста да вас з нагоды праблемнай АЭС пад Астраўцом, якую ў Беларусі будуе «Росатом», — піша Надзея Папова. — У кастрычніку 2015 году мы, журналісты, інфармавалі МЗС Расеі пра ядзерны рэактар для беларускай АЭС, які быў сабраны са старых дэталяў за рэкордна кароткія тэрміны! «Росатом „пячэ“ гэтыя ядзерныя рэактары (як і новыя магутныя атамныя ледаколы) як бліны.

Навукоўцы-атамнікі даўно б’юць трывогу ў сувязі з такімі рэкорднымі тэрмінамі будаўніцтва. Але ў „Росатома“ сёньня няма неабходных магутнасьцяў, каб будаваць так хутка, а галоўнае — якасна! Нашы звароты ў МЗС РФ былі перанакіраваныя ў „Росатом“ і Міністэрства энэргетыкі Расеі, адкуль прыйшлі трывіяльныя адпіскі».

Надзея Папова ўдакладняе, што пра шматлікія надзвычайныя сытуацыі на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС пастаянна інфармаваліся прэс-службы прэзыдэнта Пуціна і прэм’ер-міністра Мядзьведзева. Аднак карціна ня толькі не мяняецца, а выключна пагаршаецца. Яна нагадвае, што ў ноч на 10 ліпеня ў рэактарнай залі пры ўсталяваньні канструкцыі з вышыні сарваўся з завесаў той самы корпус ядзернага рэактара, сабраны са старых дэталяў:

«Мне як журналістцы, як вядзе атамныя тэмы, пра гэта паведамілі навукоўцы-ядзернікі, у прыватнасьці, прафэсар, доктар тэхнічных навук Ігар Астрацоў. У нашых атамнікаў шчыльныя сувязі зь беларускімі навукоўцамі. Інфармацыя прайшла ў дзясятках беларускіх СМІ. Але „Росатом“ зноў усё адмаўляе. Зрэшты, інакш ён і не працуе. Але шыла ў мяшку ня ўтоіш. Асабліва калі ўлічыць, што корпус атрымаў відавочныя пашкоджаньні».

Аўтарка ліста просіць Сяргея Лаўрова зьвярнуць увагу на «вар’яцкі стан» айчыннай атамнай галіны, бо хаваць нэгатыў і аварыйныя сытуацыі становіцца ўсё складаней. Пры гэтым яна падкрэсьлівае, што нельга не зьдзіўляцца дзіўным адносінам МАГАТЭ і «Росатама», пра якія расейскія журналісты пішуць ад 2013 году:

«У траўні 2013-га дырэктар МАГАТЭ Амано прыбыў у атамную Ўдомлю зь візытам на чацьвёрты блёк Калінінскай АЭС, які ўвесь іскрыў і дыміўся ад шматлікіх няштатных сытуацыяў і надзвычайных здарэньняў. Але Амано назваў працу атамнай станцыі ўзорнай! Адпаведны матэрыял „Добры дзядуля Амано“ апублікаваны 1 жніўня ў газэце незалежных журналісцкіх расьсьледаваньняў „Версия“. Ядзерны рэактар на чацьвёртым блёку Калінінскай АЭС таксама сабраны са старых дэталяў. Сёлета ў красавіку падчас візыту ў Астравец пахваліў спадар Амано і новую „супэрсучасную“ Беларускую АЭС».

Пры канцы ліста Надзея Папова заклікае кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства «крыху адукаваць у гэтым сэнсе прэзыдэнта Пуціна, таму што — і гэта ўжо цалкам відавочна — набліжаецца вялізны міжнародны скандал».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG