Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цырымонія праходзіла ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці ў Гданьску (Польшча). Яе вядоўцай была Крысьціна Дробыш — акторка, дыктарка і выдаўца аўдыёкніг.

Першую прэмію за філязофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасьці свайго пакаленьня ўручылі Сяргею Дубаўцу за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».

Другую прэмію месца за фантасмагарычнае адлюстраваньне зрухаў у Беларусі і творчую стыпэндыю з магчымасьцю цягам месяца працаваць у Доме пісьменьніка на выспе ў Швэцыі атрымала Югася Каляда за кнігу «Перамена месцаў».

Трэцюю прэмію за гістарычнае асэнсаваньне атрымаў Зьміцер Дзядзенка за кнігу«Гульні Цырцэі. Раман».

Спэцыяльную прэмію — сэртыфікат на выданьне кнігі ў аўдыёфармаце — атрымала Югася Каляда зь яе кнігай «Перамена месцаў».

За літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця сёлета змагаліся 6 твораў:

  • «Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка;
  • «Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец;
  • «Перамена месцаў» — Югася Каляда;
  • «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук;
  • «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала;
  • «Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны.

Усе фіналісты атрымалі ганаровыя дыплёмы ўдзельніка гэтага літаратурнага конкурсу.

У залі стаялі некалькі пустых крэслаў, як напамін пра зьняволеных людзей слова. Такім чынам арганізатары цырымоніі вырашылі ўшанаваць іх і забясьпечыць ім сымбалічную прысутнасьць на ўрачыстасьці.

У межах цырымоніі працаваў кніжны кірмаш і адбылося некалькі важных для беларускай літаратуры дыскусій — пра пераклады беларускіх кніг, якія выходзяць у польскіх выдавецтвах, альбо не выходзяць. Таксама плянавалі сустрэчы з удзельнікамі шорт-ліста.

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.

Арганізатарамі конкурсу прэміі зьяўляюцца Аб’яднаньне «Беларускі ПЭН», асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытуту ў Менску.

Мэты прэміі: вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG