Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд паўторна адправіў у «вар’ятню» пэнсіянэра, які паскардзіўся Лукашэнку на чыноўнікаў


Аляксандар Лапіцкі ў судзе. 12 ліпеня 2016 году
Аляксандар Лапіцкі ў судзе. 12 ліпеня 2016 году

Судзьдзя Дзьмітрый Лукашэвіч Фрунзенскага суду Менску паўторна адправіў пэнсіянэра Аляксандра Лапіцкага на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі ва ўмовах звычайнага нагляду.

Суд прызнаў Лапіцкага, якому 80 год, вінаватым у наўмыснай публічнай зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі, генпракурора Аляксандра Канюка і яшчэ некалькіх пракурораў і судзьдзяў. Паводле суду, гэта Аляксандр Лапіцкі зрабіў у электронных пасланьнях да чыноўнікаў. Пры гэтым суд вырашыў, што злачынствы Аляксандр Лапіцкі зьдзейсьніў у несьвядомым стане, бо пакутуе на псыхічную хваробу, і таму ня можа несьці за іх адказнасьць. Аляксандру Лапіцкаму прызначанае прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі ва ўмовах звычайнага нагляду.

«Гэта несправядлівы суд і асабістая помста мне з боку Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў. Мне помсьцяць за тое, што я западозрыў Лукашэнку ў арганізацыі выбуху ў мэтро ў 2011 годзе, а таксама за іншыя крытычныя выказваньні наконт яго і ягоных чыноўнікаў», — пракамэтаваў прысуд Аляксандар Лапіцкі і сказаў, што будзе яго абскарджваць цягам 10 дзён.

Гэта ўжо другое рашэньне суду пра накіраваньне Аляксандра Лапіцкага на прымусовае лячэньне ў «вар’ятню». Ранейшае такое рашэньне, прынятае ў красавіку гэтым жа Фрунзенскім раённым судом у іншым складзе пасьля скаргі пэнсіянэра ў Менскі гарадзкі суд у чэрвені было скасаванае і накіраванае на новы разгляд. Аднак новы суд пацьвердзіў былое рашэньне.

Праваабаронца Алег Воўчак кажа пра парушэньне права Лапіцкага на абарону і тое, што беларускія ўлады мэтанакіравана перасьледуюць пэнсіянэра.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Улада ня любіць і баіцца крытыкі, а таму распраўляецца з усімі, хто яе крытыкуе. З Лапіцкім у іх ня вельмі атрымлівалася, бо ён вельмі адукаваны і учэпісты чалавек, да таго ж пэнсіянэр. Маладога б хутка знайшлі за што зачапіць і адправілі б у турму „падумаць аб паводзінах“, а тут не атрымалася. Таму — для Лапіцкага абралі вар’ятню. Што да новага суду, дык у ім яшчэ больш справу заблыталі. Па-першае, не скасавалі вынікаў псыхіятрычнай экспэртызы, з-за чаго сам Аляксандр Лапіцкі быў пазбаўлены права сябе бараніць. Па-другое, суд не разглядаў арыгіналаў дакумэнтаў, а толькі іх нібыта копіі, ня высьветліў, якую шкоду Лапіцкі нібыта нанёс Лукашэнку і ягоным чыноўнікам. А тое, што ён выказваў сваё меркаваньне на іх адрас —дык гэта гарантавана Канстытуцыяй. Мы будзем далей змагацца за Аляксандра Лапіцкага, бо гэта змаганьне за наша агульнае права на свабоду меркаваньняў і іх выказваньняў», — сказаў праваабаронца Алег Воўчак.

Паводле Аляксандра Лапіцкага ягоны канфлікт з вышэйшымі беларускімі чыноўнікамі пачаўся пасьля выхаду ў 1999 годзе ягонай кнігі «За жалезнай заслонай», у якой ён працытаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі адносна Гітлера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG