Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастанову суду аб накіраваньні ў варʼятню пэнсіянэра за крытыку Лукашэнкі скасавалі


Натальля Басалыга, Аляксандар Лапіцкі і Алег Воўчак, архіўнае фота
Натальля Басалыга, Аляксандар Лапіцкі і Алег Воўчак, архіўнае фота

3 чэрвеня калегія Менскага гарадзкога суду адмяніла прысуд пэнсіянэру Аляксандру Лапіцкаму, якому пагражала прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі пасьля шэрагу лістоў у інтэрнэце са «зьнявагай Лукашэнкі». Справу Лапіцкага накіравалі ў той жа суд на новы разгляд.

У красавіку Фрунзенскі раённы суд прызнаў Лапіцкага вінаватым у зьнявазе судзьдзі, прадстаўніка ўлады і прэзыдэнта краіны, але вызваліў яго ад крымінальнай адказнасьці, бо вырашыў, што злачынствы ён учыніў не ў сваім розуме.

Пры гэтым суд пастанавіў, што 80-гадовага Аляксандра Лапіцкага трэба прымусова лячыць у псыхіятрычнай лякарні. Пэнсіянэр не пагадзіўся з судом і абскардзіў яго рашэньне, бо лічыць, што, па-першае, ён не варʼят, а па-другое — што выказваў у лістах і інтэрнэце свае асабістыя меркаваньні, на якія мае права паводле Канстытуцыі.

Падчас апэляцыі абаронца Аляксандра Лапіцкага даказвала, што крымінальны перасьлед супроць яе падабароннага быў незаконны і ягоную справу трэба закрыць. Адвакатка спасылалася на шматлікія, на яе думку, хібы ў справе Лапіцкага. У тым ліку на тое, што сьледзтва недакладна ўказала электронныя адрасы, дзе нібыта зьмяшчаў свае зьняважлівыя матэрыялы Аляксандар Лапіцкі.

Адметна, што нават прадстаўніца пракуратуры падчас апэляцыі таксама выступіла за адмену прысуду Аляксандру Лапіцкаму. Паводле супрацоўніцы пракуратуры, Фрунзенскі суд ня высьветліў матывы злачынстваў, учыненых Лапіцкім, недакладна кваліфікаваў гэтыя злачынствы, зрабіў іншыя парушэньні закону. Але на тым, каб спыніць перасьлед, прадстаўніца пракуратуры не настойвала — прасіла толькі, каб справу перагледзеў іншы склад суду. Апэляцыйная калегія гарадзкога суду Менску гэтак і вырашыла: справу Лапіцкага адправіць у той жа Фрунзенскі раённы суд, каб яе перагледзелі іншыя судзьдзі. Дату новага суду над Лапіцкім назавуць пазьней.

Аляксандар Лапіцкі сказаў пасьля разгляду ягонай скаргі, што збольшага рашэньнем задаволены, а далей будзе змагацца за канчатковае закрыцьцё справы.

Праваабаронца Алег Воўчак, які дапамагаў пэнсіянэру, гэтак патлумачыў рашэньне апэляцыйнай калегіі Менскага гарадзкога суду.

«Ясна, што для ўлады чалавек, які скардзіўся на Лукашэнку, гэтак і застаўся варʼятам. Але неўзабаве, улетку, адбудуцца важныя сустрэчы беларускіх чыноўнікаў з чыноўнікамі Эўразьвязу, таму трэба, каб у Беларусі не зьявіўся новы палітвязень, тым больш у псыхушцы. А калі б сёньня скаргу Лапіцкага не задаволілі, яго б пэўна зьмясьцілі ў „Навінкі“, а мы, праваабаронцы, зрабілі б усё, каб прызнаць яго палітвязьнем. Вось гэтага ўлады і спужаліся. Таму сёньняшняе рашэньне — не канчатковая перамога, а толькі зацягваньне часу з боку ўладаў. Мы гэта разумеем і будзем далей дапамагаць Аляксандру Лапіцкаму», — сказаў праваабаронца Алег Воўчак.

Былы настаўнік Аляксандар Лапіцкі шмат гадоў вядзе перапіску зь дзяржаўнымі чыноўнікамі і прадстаўнікамі судоў. На сваім сайце, які цяпер зачынены, Аляксандар Лапіцкі дзяліўся сваімі высновамі пра выбух 2011 году ў мэтро, які ён лічыць правакацыяй спэцслужбаў, а таксама крытыкаваў асабіста Аляксандра Лукашэнку і беларускіх судзьдзяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG