Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лапіцкі: Суд прызнаў мяне вінаватым, бо я заклікаў ня верыць Лукашэнку


Аляксандар Лапіцкі (у цэнтры), Натальля Басалыга і Алег Воўчак
Аляксандар Лапіцкі (у цэнтры), Натальля Басалыга і Алег Воўчак

Фрунзенскі раённы суд Менску прызнаў менчука Аляксандра Лапіцкага вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў і накіраваў на прымусовае лячэньне.

Тэрмін лячэньня павінен вызначыць доктар. Раней у межах крымінальнай справы аб паклёпе псыхіятрычная экспэртыза паставіла Лапіцкаму дыягназ «бредовые расстройства». Абаронцы Аляксандра Лапіцкага намераныя абскардзіць прысуд, які вынесла судзьдзя Юлія Блізьнюк.

Праваабаронца Алег Воўчак, які назіраў за працэсам над Лапіцкім 12 красавіка, кажа, што на судзе і падчас сьледзтва было зроблена вельмі шмат парушэньняў, якія даюць падставы абскардзіць прысуд і дамагчыся яго адмены.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Прыкладам, суд пастанавіў, што Лапіцкі паклёпнічаў на прэзыдэнта Лукашэнку, на генэральнага пракурора Канюка, іншых высокіх чыноўнікаў, але ня высьветліў, якая ім была нанесеная шкода. Нават заяваў ад гэтых нібыта пакрыўджаных асобаў у справе няма. Сьведкі, якія жывуць у адным доме разам з Лапіцкім, характарызуюць яго зь лепшага боку, нават супрацоўніца органаў апекі прасіла не прызнаваць яго вінаватым. Іншага меркаваньня сьведак не было прадстаўлена, толькі дзяржаўнага абвінаваўцы. Дык у чым патрэба караць чалавека, ды яшчэ ізаляваць яго нібыта для лячэньня? Мяркую, гэта больш падобна да палітычнай расправы за тыя рэзкія словы, якія Лапіцкі ўжываў адносна чыноўнікаў у сваіх лістах да іх. Але гэта ягонае меркаваньне, ён мае на яго права», — сказаў Алег Воўчак.

Аляксандар Лапіцкі больш за 10 год вёў перапіску з пракурорамі і судзьдзямі па справе свайго сына, якога, як ён лічыць, незаконна асудзілі за хуліганства. Другой крыніцай крытычных заўваг на адрас чыноўнікаў сталі заявы і лісты Аляксандра Лапіцкага пра акалічнасьці тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Аляксандар Лапіцкі не пагадзіўся з высновамі сьледзтва і суду і даводзіў свой погляд на тое, дзе была зьмешчаная бомба і як яна трапіла на плятформу станцыі мэтро «Кастрычніцкая». У прыватнасьці, Аляксандар Лапіцкі мяркуе, што выбухоўку на станцыю даставіў ня Дзьмітры Канавалаў, прызнаны судом вінаватым у тэракце, а нявысьветленыя асобы. Лапіцкі не выключае, што гэта былі супрацоўнікі спэцслужбаў.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу і на незаконнасьць рашэньня аб прымусовым лячэньні Аляксандра Лапіцкага.

Правялі экспэртызу фактычна завочна, тры лекары падпісалі — і цяпер чалавека, якому амаль 80 гадоў, хочуць адправіць у Навінкі ў „псыхушку“, дзе гэтак званае „лячэньне“ можа зацягнуцца і на паўтара года.

«Каб накіраваць чалавека на прымусовае лячэньне, трэба правесьці асобны суд, але ў гісторыі з Лапіцкім і гэта хітрым чынам абышлі. У межах крымінальнай справы аб паклёпе арганізавалі псыхіятрычную экспэртызу. Відаць, зь меркаваньняў, вядомых яшчэ ад савецкіх часоў. Маўляў, калі скардзісься на прэзыдэнта, дык ня можаш ня быць вар’ятам. Правялі экспэртызу фактычна завочна, тры лекары падпісалі — і цяпер чалавека, якому амаль 80 гадоў, хочуць адправіць у Навінкі ў „псыхушку“, дзе гэтак званае „лячэньне“ можа зацягнуцца і на паўтара года. Мы будзем даказваць, што чалавека перасьледуюць цалкам незаконна», — сказаў Алег Воўчак.

Аляксандар Лапіцкі да прычын, з-за якіх беларускія ўлады пачалі яго перасьлед, дадаў сваю кнігу «За жалезнай заслонай», якую напісаў яшчэ ў 1999 годзе.

«Тады я прааналізаваў палітычныя падзеі, у тым ліку зьнікненьне Юрыя Захаранкі, і прыйшоў да высновы, што да гэтага мае дачыненьне Аляксандар Лукашэнка. Напісаў пра яго, што яму нельга ні ў чым верыць. Потым да гэтага далучыў іншыя падазрэньні, у тым ліку ў датычнасьці да тэракту ў мэтро. Нейкі час улады цярпелі, але ў выніку скарысталіся кнігай і маімі лістамі, што нібыта я паклёпнічаў. Але я з гэтым ніколі не пагаджуся, як і з вынікамі іхнай экспэртызы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Лапіцкі.

Нейкі час улады цярпелі, але ў выніку скарысталіся кнігай і маімі лістамі, што нібыта я паклёпнічаў. Але я з гэтым ніколі не пагаджуся, як і з вынікамі іхнай экспэртызы.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўжо выступіў з заявай, у якой патрабуе спыніць перасьлед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў.

«Праваабарончы цэнтар „Вясна“ настойвае на дэкрыміналізацыі дзеяньняў, падобных зьдзейсьненым Аляксандрам Лапіцкім, і настойвае на спыненьні крымінальнага перасьледу за дыфамацыйныя правапарушэньні, разглядаючы ў якасьці першага кроку адмену артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса. Рашэньне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна зь меркаваньняў бясьпекі грамадзянаў і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасьці такіх пагрозаў — не замахвацца на яго асабістую свабоду», — сказана ў заяве «Вясны».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не выключае, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага вязьнем сумленьня.

Раней у Беларусі суды прызнавалі вінаватымі ў паклёпе на прэзыдэнта ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў праваабаронцу Кацярыну Садоўскую, журналістаў Паўла Мажэйку і Міколу Маркевіча, прадпрымальніка Валера Леванеўскага і палітыка Віктара Івашкевіча. Праваабарончыя арганізацыі сьвету прызнавалі, што гэтых асобаў перасьледавалі з палітычных прычын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG