Абмяркоўваецца шырокае кола пытаньняў: ад стрымліваньня Расеі да ўнутраных выклікаў у сувязі з брэксітам, тэрарызмам, міграцыяй і выбарамі ў ЗША.
Беларусь на саміце афіцыйна не прадстаўленая, хоць адно з цэнтральных пытаньняў саміта — разьмяшчэнне каля мяжы зь Беларусьсю чатырох новых батальёнаў НАТО.
«Наша Ніва» ўзяла інтэрвію ў кіраўніка беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсеня Сівіцкага, які з групай беларускіх экспэртаў прысутнічаў на саміце ў Варшаве ў якасьці незалежнага назіральніка:
«Беларускае пытаньне амаль не гучала, — сказаў Арсень Сівіцкі. — Толькі міністар замежных справаў Польшчы адзначыўся, сказаўшы, што яго дзяржава гатова стаць пасярэдніцай у супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і НАТО... Мяркуючы ж па размовах у кулюарах саміту, да нашай краіны стаўленьне неадназначнае... Калі казаць, як нас успрымаюць у Альянсе — то сытуацыя даволі складаная. Стратэгічнае плянаваньне НАТО разглядае Беларусь у якасьці безумоўнага ваенна-палітычнага саюзьніка Расеі. Лічыцца, што, калі Расея праявіць агрэсію да прыбалтыйскіх краін, то мы, маўляў, аўтаматычна яе падтрымаем у сувязі з сур’ёзнай ваеннай інтэграцыяй. На жаль, да гэтай пары ў НАТО пануе такое ўспрыманьне Беларусі, нягледзячы на тыя ўстаноўкі, што трансьлююцца кіраўніцтвам Беларусі: узяць хаця б гарантыю таго, што мы не дазволім трэцім краінам выкарыстоўваць нашу тэрыторыю для атак на суседнія дзяржавы. Такім чынам, ад нас патрабуецца актыўней трансьляваць міжнароднай супольнасьці нашу абарончую і міралюбівую палітыку... Нават у межах тых інструмэнтаў, якія сёньня маюцца — гэта праграма „Партнэрства дзеля міру“ — мы паводзім сябе ня вельмі актыўна. Каб было трохі па-іншаму, беларускі бок быў бы запрошаны на саміт, як, напрыклад, Армэнія», — сказаў Сівіцкі і дадаў, што паміж НАТО і Беларусьсю самы нізкі ўзровень супрацоўніцтва сярод усіх постсавецкіх краін.