Спэцыялісты ЮНІСЭФ правялі сацыяльны экспэрымэнт у Грузіі. Вельмі хутка экспэрымэнт давялося перапыніць. Але нават некалькіх хвілін было дастаткова, каб пацьвердзіць высновы, прыведзеныя ў дакладзе міжнароднай арганізацыі па абароне дзяцей.
Спачатку Ганну апраналі ў чыстае адзеньне. Многія мінакі падыходзілі да яе на вуліцы і пыталіся, ці ўсё зь ёй у парадку, і ці не згубілася яна. Людзі прапаноўвалі дапамогу.
Потым Ганну пераапранулі ў лахманы і запэцкалі твар грымам. Ніхто не хацеў зь ёй мець зносіны, большасьць яе ігнаравалі. У адным з рэстаранаў мужчына загадаў ёй сыходзіць, чым давёў дзіця да сьлёз. На гэтым экспэрымэнт давялося спыніць.
«Мой твар быў пакрыты сажай і мая вопратка была ўся брудная. Усе яны казалі мне: „Сыходзь“, гэта мяне вельмі знэрвавала», — тлумачыла дзяўчынка свае сьлёзы.
Сацыяльны экспэрымэнт паказаў: бедныя дзеці на вуліцы звычайна сутыкаюцца альбо з абыякавасьцю, альбо з агідай.
Згодна з дакладам ЮНІСЭФ, у бедных дзяцей ўдвая вышэйшая небясьпека загінуць, не дажыўшы да пяці гадоў, чым для тых, хто нарадзіўся ў сем’ях сярэдняга дастатку. Як правіла, такія дзеці хранічна недаядаюць, гаворыцца ў дакумэнце.
Бедныя дзяўчынкі ўдвая часьцей выходзяць замуж да паўналецьця, чым іх аднагодкі з шчасьлівых сем’яў.
Калі сытуацыя ня зьменіцца, да 2030 году 69 мільёнаў дзяцей загінуць, і вялікую частку гэтых сьмерцяў можна прадухіліць. Да таго ж часу 167 мільёнаў дзяцей будуць жыць у галечы.
Пры гэтым у дакладзе адзначаецца, што з 1990 году сытуацыя значна палепшылася: сьмяротнасьць дзяцей да пяці гадоў скарацілася ўдвая, удалося дамагчыся роўнасьці доступу да школьнай адукацыі для хлопчыкаў і дзяўчынак у 129 краінах сьвету, колькасьць людзей, якія жывуць у скрайняй галечы, таксама скарацілася ўдвая.
Паводле дадзеных ЮНІСЭФ, толькі ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары 247 мільёнаў дзяцей пазбаўленыя як мінімум двух неабходных умоў для нармальнага жыцьця — напрыклад, жывуць у антысанітарных умовах або галадаюць.
Каля 124 мільёнаў дзяцей па ўсім сьвеце ня маюць доступу да пачатковай або сярэдняй школьнай адукацыі, а двое зь пяці, якія скончылі пачатковую школу, ня ўмеюць чытаць, пісаць, або выконваць простыя арытмэтычныя дзеяньні.
Выдаткі на дзяцей з самых бедных сем’яў даюць як неадкладны, так і доўгатэрміновы эфэкт, паказваюць аўтары дакладу. У сярэднім, кожны дадатковы год, які дзіця праводзіць у школе, пасьля паўналецьця павялічвае яго даход на 10 адсоткаў. Пры павелічэньні сярэдняй адукацыі па краіне на адну клясу ўзровень беднасьці ў дзяржаве падае на 9 працэнтаў.