ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск. Рэспубліканскі форум індывідуальных прадпрымальнікаў. Месца правядзеньня — Дом Масквы (вул. Камуністычная, 86) Пачатак а 12:00
Менск. Пачатак працы інфармацыйна-прававой тэлефоннай лініі для жанчын, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу. Жанчыны змогуць атрымаць бясплатную інфармацыйна-прававую кансультацыю аб тым, як абараніць свае правы, прадухіліць правапарушэньне альбо аднавіць парушанае права.
Адэльск, Гарадзенская вобласьць. У роднай парафіі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — пройдзе парафіяльны адпуст, падчас якога герарх будзе дзякаваць за 35 гадоў сьвятарства. Пачатак Імшы а 12.00
У гісторыі:
1611 — войскі Рэчы Паспалітай пасьля амаль двухгадовай аблогі ўзялі Смаленск.
1864 — памёр Генрык Дэмбіньскі, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1831 году.
1966 — Ватыкан адмяніў «Індэкс забароненых кніг», уведзены ў 1557 годзе.
2009 — у Беларусі ўпершыню праведзеная апэрацыя перасадкі ныркі дзіцяці ад яго сваякоў.
У гэты дзень нарадзіліся:
1702 — Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, мэцэнат.
1834 — Канстанцін Вераніцын, аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».
1889 — Павал Жаўрыд, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 году.
1956 — Леанід Тараненка, беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён сьвету.
Цытата на памяць:
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што ж, чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губы ён ня браў,
Затое ў ласцы быў у пана -
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрахаў,
Затое ж ён балота з раньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак — стрэльбу ён за плечы,
Заткне сякеру за паяс, -
Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы
Ды птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці многа ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бары яго спаткала...
Во як казаў нам сам Тарас.
Канстанцін Вераніцын, пачатак паэмы «Тарас на Парнасе»