Дзевяноста шосты
Дзевяноста шосты
Падпісаньне «саюзу Беларусі і Расеі», масавыя акцыі ў абарону Незалежнасьці, брутальныя разгоны дэманстрантаў, першыя палітычныя вязьні і першыя палітычныя эмігранты, рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю – у новай кнізе Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», фрагмэнты якой мы пачынаем зьмяшчаць на сайце Радыё Свабода.
1996 год пачаўся з новых «інтэграцыйных» ініцыятываў Аляксандра Лукашэнкі, накіраваных на аб’яднаньне з Расеяй.
Менавіта ў гэтым годзе ў Расеі павінны былі адбыцца (і адбыліся) прэзыдэнцкія выбары — на фоне катастрафічна нізкага (па некаторых дадзеных, 5%) рэйтынгу дзейнага прэзыдэнта Барыса Ельцына.
«Ня бойцеся, у гэтым годзе Лукашэнка на расейскія выбары ня пойдзе, — супакоіў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын аглядальніка маскоўскіх „Известий“ Ота Лацыса. — А вось потым...».
Гэтае «потым», паводле прагнозаў тых, хто валодаў сапраўднай інфармацыяй пра стан здароўя Ельцына, магло наступіць кожную хвіліну. І — расчысьціць дарогу Лукашэнку ў Крэмль. Вядома, пры ўмове, што ўдасца пазбавіцца ад яшчэ адной недарэчнай для яго перашкоды — незалежнасьці Беларусі.
Абраны зь вялікімі высілкамі грамадзтва Вярхоўны Савет 13 скліканьня ня мог быць перашкодай ў зьнішчэньні сувэрэннасьці — гэта зрабілася зразумелым зь першых дзён яго працы.
Парлямэнтарызм паводле Лукашэнкі: падпарадкаваць альбо зьнішчыць
Вярхоўны Савет 13-га скліканьня быў абраны насуперак жаданьню Лукашэнкі і яго адміністрацыі — нагадаю, што ў 1995 годзе на вясновых, сумешчаных з рэфэрэндумам выбарах, належная для кворуму колькасьць дэпутатаў не была абраная, а ў канцы 95-га адміністрацыя зрабіла ўсё, каб выбары не адбыліся. Увесну Лукашэнка заявіў, што сам на выбары ня пойдзе («усё роўна падмануць»), увосень дзяржаўная тэлерадыёкампанія на чале з Рыгорам Кісялём адмовіла старшыні ВС-12 Мечыславу Грыбу ў прадастаўленьні радыёэфіру — і сьпікер прыехаў у менскае бюро «Радыё Свабода», каб зачытаць зварот да грамадзянаў Беларусі з заклікам прыйсьці на выбары. Зразумела, кожнага з гэтых выпадкаў ў дэмакратычнай прававой краіне хапіла б, каб далейшае знаходжаньне на сваёй пасадзе кіраўніка выканаўчай улады (у Беларусі гэта прэзыдэнт) было пастаўлена пад сумнеў. Тым ня менш, дзякуючы максымальным высілкам грамадзтва, патрэбная колькасьць дэпутатаў была абраная.
У Вярхоўны Савет не прапусьцілі ніводнага прадстаўніка БНФ — і новыя дэпутаты не адмаўлялі сабе ў задавальненьні пакпіць з дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
Але горшым было тое, што ўжо першыя дні працы новага вышэйшага заканадаўчага воргану паказалі: новаабраны Вярхоўны Савет куды менш нацыянальна арыентаваны за папярэдні.
Камуністы, якія выступалі за інтэграцыю з Расеяй, сфармавалі вялікую фракцыю. Гэткай жа вялікай была і група аграрыяў — былых і дзейных кіраўнікоў сельскай гаспадаркі, самых кансэрватыўных прыхільнікаў «сацыялістычнага выбару».
Была фракцыя пралукашэнкаўскіх дэпутатаў і невялікая група тых, хто прадстаўляў дэмакратычныя партыі (найперш — Аб’яднаную грамадзянскую і сацыял-дэмакратаў).
У рэпартажы зь першага дня новага Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня карэспандэнт газэты «Свабода» Віталь Цыганкоў зазначыў, што «шэрасьць і безасабовасьць — асноўныя якасьці, якія былі ўласьцівыя парлямэнцкай большасьці 12-га скліканьня. Першыя дні працы новага Вярхоўнага Савета прымушаюць канстатаваць, што цяпер у Авальнай залі пануюць іншыя настроі. У новым парлямэнце ўсё неяк больш выразна, адкрыта, настойліва. Камуністы — самыя сапраўдныя: ідэйныя і агрэсіўныя. Вэртыкальшчыкі не зьбіраюцца хаваць сваю любоў да „бацькі“, дэманструючы (часам нават занадта) адданасьць і вернасьць. Дэмакраты з прычыны адсутнасьці масавасьці напіраюць на інтэлект і прафэсійнасьць». («Свабода», 12 студзеня 1996).
Наведваючы Авальную залю ў якасьці ўжо не дэпутата, а журналіста, я заўважыў тое ж самае, што і Цыганкоў. Але бачна было і іншае: толькі тры дэпутаты (Знавец, Шушкевіч і часамі Дабравольскі) прамаўлялі па-беларуску. А галоўнае — было адчуваньне, што практычна ўсе (і дэмакраты не выключэньне ) не надаюць належнай увагі прарасейскім «інтэграцыйным» памкненьням Лукашэнкі. Ужо ў першы дзень працы новы парлямэнт зламаў сцэнар Лукашэнкі, адмовіўшыся ад ягонай прапановы заслухаць прэзыдэнцкі выступ на закрытым паседжаньні, прычым лідэр камуністаў Сяргей Калякін абверг словы Лукашэнкі, што ініцыятыва такой формы пасяджэньня сыходзіла ад ягонай фракцыі. Не атрымалі чаканага эфэкту і спробы скампрамэтаваць былога старшыню Нацбанку Станіслава Багданкевіча (праўда, ён ня быў абраны віцэ-сьпікерам). Насуперак жаданьню Лукашэнкі, намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савета быў абраны Генадзь Карпенка.
За ўладу Вярхоўны Савет паспрачацца з Лукашэнкам — мог (хаця і не заўсёды пасьпяхова).
А вось за незалежнасьць Беларусі — нават спрачацца не жадаў.
Сьпікерам быў абраны Сямён Шарэцкі — лідэр Аграрнай партыі, кіраўнік калгасу на Гарадзеншчыне і былы дарадца прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча па аграрных пытаньнях (цікава, што ў 1992 годзе гэтую пасаду, на грамадзкіх пачатках, займаў Лукашэнка, пра што ён пазьней «забудзе»).
Прапагандысцкая кампанія Шарэцкага на выбарах вызначалася заклікамі да аднаўленьня СССР і паліваньнем брудам «Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, хаця яны ўжо афіцыйна і не былі дзяржаўнымі сымбалямі. (Пасьля падпісаньня 2 красавіка дамовы «Аб супольнасьці Беларусі і Расеі» Шарэцкі заявіць, што для яго гэта — «самы шчасьлівы дзень у жыцьці»).
Ня мог на ўзроўні парлямэнцкіх рашэньняў супрацьстаяць інтэграцыйным памкненьням Лукашэнкі і Беларускі Народны Фронт.
Гэта выразна праявілася ў нежаданьні разглядзець пытаньне аб зьбіцьці дэпутатаў БНФ у Авальнай залі ў ноч на 12 красавіка 1995 г.
Цытата са стэнаграмы сэсіі ВС 13 скліканьня 28 лютага 1996 г., падчас зацьвярджэньня на пасаду Генэральнага пракурора Васіля Капітана. (Рэплікі Ганчара і Шарэцкага — у перакладзе з расейскай).
«Ганчар В.І. Паважаныя дэпутаты! Працэдура абмеркаваньня ўжо вытрыманая. Мы дакладна абмеркавалі і ў фракцыях, і ў галаўных камісіях. У гэтай сувязі нам трэба падтрымаць першую прапанову, першую кандыдатуру, якая вынесеная старшынём Вярхоўнага Савету. У гэтай сувязі я прапаную перайсьці да галасаваньня. (Аплядысмэнты) Знавец П. К. Паважаныя дэпутаты! Па даручэньню групы дэпутатаў мінулага парлямэнту, якія былі зьбітыя тут і выкінутыя АМОНам 12 красавіка 1995 году ў 2.50 ночы... У акце ўдзельнічала 150 байцоў спэцатраду. Я хацеў бы пачуць ад новага Генэральнага пракурора тлумачэньне: як гэта справа ідзе зараз....
Шарэцкі С. Г. Паважаны дэпутат! Пытаньне скончанае».
Як бачна, толькі адзін дэпутат — Павал Знавец — выступіў у абарону зьбітых парлямэнтароў, і ня меў падтрымкі нават у тых, хто называў сябе «дэмакратамі».
Празь некалькі месяцаў Лукашэнка гвалтам спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету і яго сьпікера Шарэцкага, атрад АМАПу выштурхне з кабінэту старшыню Цэнтральнай выбарчай Камісіі Ганчара. Яшчэ праз тры гады Шарэцкі апынецца ў эміграцыі, а Ганчар зьнікне.
Але ў лютым-96 дэпутаты спадзяваліся на кампраміс і супрацу з Лукашэнкам. Слова «апазыцыя» ў іх зваротах не гучала.
У сваім жаданьні знайсьці паразуменьні з Лукашэнкам сьпікер новаабранага парлямэнту Сямён Шарэцкі здаваў адну пазыцыю за другой.
«Шарэцкі, здаецца, добраахвотна патрапіў у адну псыхалягічную пастку, якая называецца „жаданьне супрацоўнічаць з прэзыдэнтам“. Гэтае жаданьне можна было б, безумоўна, ухваліць, каб не адна непрыемная акалічнасьць — менш за ўсё прагне з кім-небудзь „супрацоўнічаць“ сам Лукашэнка. Сыстэма ягоных узаемаадносінаў з іншымі галінамі ўлады зводзіцца да немудрагелістай „альтэрнатывы“: падпарадкаваць альбо зьнішчыць... Некаторых дэпутатаў непрыемна зьдзівіла, зь якой незразумелай настойлівасьцю Сямён Шарэцкі спрабаваў правесьці праз Вярхоўны Савет прэзыдэнцкія пажаданьні. Наступная непрывабная сытуацыя стварылася вакол жаданьня Шарэцкага адклікаць з Канстытуцыйнага суда ўсе справы, ініцыятарам якіх выступіў ягоны папярэднік Мечыслаў Грыб. Няўцямнае тлумачэньне сьпікерам сваіх паводзінаў выклікае ў лепшым выпадку іронію... Фактычна, не было яшчэ ніводнай вострай праблемы, па якой Шарэцкі выказаўся б максымальна цьвёрда і канкрэтна без размытых агаворак» (Віталь Цыганкоў, «Свабода», 23 лютага 1996 г.).
Па вопыце нашай кадэнцыі Вярхоўнага Савета мы ведалі, наколькі вызначальнай можа быць пазыцыя сьпікера ў крытычных сытуацыях (а што такія сытуацыі ўзьнікнуць і што супрацьстаяньне парлямэнту і Лукашэнкі непазьбежнае, мы не сумняваліся).
Таму Пазьняк і паспрабаваў паўплываць на Шарэцкага.
На адным з пасяджэньняў Сойму БНФ быў прыняты заклік да новых дэпутатаў «у штодзённай парлямэнцкай дзейнасьці адстойваць незалежнасьць Беларусі і асноўныя нацыянальна-культурныя каштоўнасьці».
«Днямі адбылася гутарка паміж Сямёнам Шарэцкім і Зянонам Пазьняком, ініцыятарам якой быў лідэр БНФ. Абмяркоўваліся пэрспэктывы супрацоўніцтва парлямэнту і грамадзкіх арганізацыяў, міжпартыйных сувязяў, а таксама некаторыя іншыя пытаньні» («Свабода», 23 лютага 1996 г.).
Самай галоўнай небясьпекай у пачатку 96-га, як яе вызначыў лідэр БНФ Зянон Пазьняк, было тое, што ўзмацненьне антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі ішло паралельна з яшчэ больш небясьпечнай тэндэнцыяй — павялічвалася пагроза дзяржаўнай незалежнасьці.
У такой сытуацыі для нас, актывістаў БНФ, вельмі важным было даказаць грамадзтву, што нацыянальная ідэя ня зьнікла, што ёсьць сілы, здольныя за незалежнасьць.
Як мы «раскачвалі лодку»
Парлямэнцкай трыбуны мы ня мелі. Доступ у дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, на тэлебачаньне і радыё быў заблякаваны.
Заставаўся сродак, у якім БНФ ня меў канкурэнтаў — вулічныя акцыі.
Самі падзеі прадыктавалі нам тактыку — правядзеньне хай і невялікіх, але рэгулярных пікетаў ды мітынгаў.
Так, актывісты БНФ правялі пікет супраць пераходу ва ўласнасьць Расеі нафтапаліўнага комплексу — пад час яго мне давялося даваць інтэрвію маскоўскаму каналу НТВ, у эфір выйшла якіх 20-25 сэкундаў, але гэтага хапіла, каб Лукашэнка пачаў папракаць нас у тым, што мы плацім грошы маскоўскім тэлеканалам («Вы ж ведаеце, колькі каштуе там хвіліна рэклямы!»).
Вядома, нічога мы не плацілі. Большасьць акрэдытаваных у Менску журналістаў (як маскоўскіх СМІ, гэтак і польскіх) самі выяўлялі інтарэс да нашых вулічных акцый. Хаця ў нейкай ступені спрацоўвалі і мае зь імі добрыя асабісты адносіны — і яны звычайна адгукаліся на запрашэньні.
Прысутнасьць журналістаў, асабліва тэлевізійных, была для нас вельмі важная — і ў інфармацыйным сэнсе, і для бясьпекі актывістаў: у тыя дні міліцыянты яшчэ не адважваліся хапаць людзей пад тэлекамэрамі.
15 лютага тры дзясяткі актывістаў Народнага Фронту сталі ў пікет перад міністэрствам адукацыі на вуліцы Мясьнікова — з пратэстам супраць палітыкі прымусовай русіфікацыі ў адукацыйнай сфэры. Актывісты трымалі транспаранты з надпісамі «Не — абавязковаму экзамэну па рускай мове ў сярэдняй школе», «Ганьба русіфікатарам з міністэрства адукацыі».
Праз тыдзень, 22 лютага, на плошчы Незалежнасьці (паміж будынкам Чырвонага касьцёлу і Домам ураду) быў выстаўлены пікет у абарону Сяргея Антончыка, на якога распачаўся ціск уладаў.
Увогуле, адразу ж пасьля спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 12 скліканьня ўзмацніўся ціск на дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Ціск гэты і раней адчуваўся, а з першых дзён новага году пераўтварыўся ў сапраўдны перасьлед.
Ніхто ня мог уладкавацца на ранейшай працы (хаця закон гарантаваў такую магчымасьць).
«Пасьля вяртаньня з адпачынку лідэр страйкавага руху і былы дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Сяргей Антончык звольнены па „скарачэньні штатаў“ з завода „Белвар“. Гэта ёсьць парушэньне заканадаўства, якое гарантуе былым парлямэнтарыям працу на працягу двух гадоў пасьля сканчэньня паўнамоцтваў. Антончык расцэньвае гэта як палітычны перасьлед, які распачаўся пасьля вядомага дакладу аб карупцыі ў камандзе прэзыдэнта і доўжыцца больш за год. Летась у жніўні, падчас страйку на Менскім мэтрапалітэне Антончык быў інтэрнаваны на тэрыторыі падразьдзяленьня ўнутраных войскаў. Хаця Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае, што дэпутат не нясе юрыдычнай адказнасьці за дзейнасьць у Вярхоўным Савеце, спадару Антончыку было прысуджана выплаціць 200 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі кіраўніку справамі прэзыдэнта Івану Ціцянкову. Некалькі тыдняў таму да Антончыка ўжо зьвярталіся судовыя выканаўцы, каб апісаць ягоную хатнюю маёмасьць.
— Ціск з боку ўладаў адчуваюць і іншыя былыя дэпутаты апазыцыі, — кажа Сяргей Антончык. — Цяпер я чакаю адказу аж Генэральнага пракурора, рыхтую зварот да Старшыні Вярхоўнага Суда. Калі ўлады не пакінуць мяне ў спакоі, я буду зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці з просьбай палітычнага прытулку. Бо гэта закранае ўжо ня толькі мяне аднаго, а маю сям’ю, маіх дзяцей» (Павет, «Свабода», 16 лютага 1996 г.).
Апошні раз пікеты у абарону канкрэтнай асобы БНФ ставіў улетку 91-га — тады ў СІЗА знаходзіўся актывіст Валер Сядоў; у той час яшчэ дзейнічала «саюзнае» заканадаўства.
Заканадаўства, прынятае ва ўжо незалежнай Беларусі, не патрабавала браць дазвол на пікет — дастаткова было паведаміць пра яго уладам. Што мы і зрабілі, перадаўшы адпаведную паперу ў Менгарвыканкам. Але раніцай старшыня гарвыканкаму Ярмошын (будучы прэм’ер) пікет забараніў. Праз месяц я ўбачу Ярмошына ў атачэньні целаахоўнікаў пры самай першым у найноўшай гісторыі Беларусі жорсткім разгоне масавай акцыі — а ў той лютаўскі дзень да дубінак справа не дайшло, хаця адразу, як толькі мы сталі з плякатамі, зьявіліся міліцыянты і тры аўтамабілі з АМАПаўцамім.
Мы паказалі афіцэрам міліцыі вытрымкі заканадаўства, але гэта ня дзейнічала. Пасьля гэтага я папрасіў журналістаў, якія мелі акрэдытацыю ў Вярхоўным Савеце, схадзіць у Дом ураду і паклікаць віцэ-сьпікера Генадзя Карпенку (я ведаў пра сяброўства Карпенкі з Антончыкам і разумеў, што калі ён на месцы — дык прыйдзе). І сапраўды, праз колькі хвілінаў Карпенка з’явіўся на плошчы.
І вось дэталь, якая добра характарызуе настроі таго часу. Як толькі прыйшоў Карпенка — машыны АМАПу імгненна зьехалі, а старэйшы сярод міліцыянтаў афіцэр патлумачыў віцэ-сьпікеру, што гэтыя аўтамабілі на пошчы — проста выпадковасьць. Прыкметна тут тое, што міліцыянты баяліся віцэ-сьпікера (пры тым, што Карпенка быў у апазыцыі да Лукашэнкі) — тады яшчэ дзейнічаў аўтарытэт заканадаўчай улады. І гэта праз два гады пасьля таго, як у адстаўку быў адпраўлены Станіслаў Шушкевіч, які заўсёды казаў, што ў яго «няма паўнамоцтваў» — паўнамоцтвы былі, ва ўсякім разе, быў аўтарытэт улады; іншая справа — не было палітычнай волі.
Скончыўся пікет тым, што галоўны сярод міліцыянтаў папрасіў у нас ксэракопію закона, які рэглямэнтаваў пікеты — для сябе і для свайго начальства.
Калі Лукашэнка ў пачатку 1996 годку выказаў намер ліквідаваць Канстытуцыйны Суд («судзьдзі перашкаджаюць прэзыдэнту»), БНФ правёў два пікеты.
У канцы лютага некалькі дзясяткаў актывістаў БНФ сталі каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта (непасрэдна пад вокнамі кабінэту Лукашэнкі). Самога Лукашэнку на ягоным пятым паверсеа разглядзець на ўдалося, а вось супрацоўнікі адміністрацыі ў вокны выглядвалі. Такая акцыя БНФ перад «логавам ворага» мела пэўны эфэкт у самім гэтым «логаве», але людзей на Карла Маркса ля будынку адміністрацыі мала, руху транспарту няма ніякага.
А праз два тыдні, 13-га сакавіка, мы выйшлі выйшлі на плошчу Незалежнасьці. За паўгадзіны, што прастаяў пікет, з вокнаў аўтобусаў і тралейбусаў сотні людзей убачылі плякаты «БНФ падтрымлівае законнасьць», «Сёньня топчуць Канстытуцыйны Суд — заўтра зальюць Беларусь крывёю». Тут жа каля Дому ўраду мне і Юрыю Беленькаму былі выпісаныя позвы з патрабаваньнем зьявіцца ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе на нас склалі пратаколы за адміністрацыйнае парушэньне (хаця закон не прадугледжвае неабходнасьць дазволу на пікеты).
Нарэшце невялікі мітынг 15 сакавіка ў гадавіну Канстытуцыі быў фактычнай акцыі пратэсту супраць намераў Лукашэнкі зьмяніць Асноўны закон.
Здаецца, нехта з афіцыйных камэнтатараў у той час заўважыў, што «БНФ раскачвае лодку». Калі не зьвяртаць увагу на цынізм такой фармулёўкі — па сутнасьці, так і было. Нам трэба было вывесьці грамадзтва, найперш — прыхільнікаў БНФ — з апатыі. Гэтыя нашыя пікеты, з аднаго боку, акцэнтавалі ўвагу грамадзтва на важных тэмах (паколькі пра іх пісалі незалежныя СМІ), а з другога — паказвалі, што Фронт жывы, не загнаны ў падпольле, што, ня маючы прадстаўнікоў у парлямэнце, БНФ не спыніў палітычнай барацьбы — і пераносіць яе на вуліцы.
Пікеты БНФ — хаця і выходзіла на іх калі 50, а калі толькі 20 чалавек, — адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы да першай галоўнай акцыі вясны, якую потым гісторыкі назавуць «Менскай вясной-96» — адзначэньня 78-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі і мітынгу, які, па нашай задуме, павінен быў мець ня столькі гістарычную, колькі актуальную, «антыінтэграцыйную» накіраванасьць.
Тым больш, што на 2 красавіка было заплянаванае падпісаньне Ельцыным і Лукашэнкам дамовы аб утварэньні беларуска-расейскай супольнасьці.
Быкаў: «У іншай незалежнай краіне гэтае сьвята было б найбольшае»
Праз год пасьля падзеяў Вясны-96 у інтэрвію Радыё Свабода Зянон Пазьняк узгадваў:
«У сакавіку 1996 года было трывожна. Масква і рэжым Лукашэнкі, ігнаруючы Канстытуцыю і заканадаўства, рыхтавалі падпісаньне дамовы пра саюз Беларусі і Расеі. Мэта «саюзу» заключалася ў ліквідацыі незалежнасьці Беларусі і падпарадкаваньні яе Расейскай Фэдэрацыі. Беларускі Народны Фронт плянаваў вялікую маніфэстацыю пратэсту, прымеркаваную да Дня Незалежнасьці і 78-й гадавіны БНР».
Да Дня Волі-96 мы ў Народным Фронце рыхтаваліся грунтоўна, за некалькі тыдняў.
Хаця ўсе арганізацыйныя клопаты ўзялі на сябе народафронтаўцы, вельмі важна было заявіць, што за Незалежнасьць Беларусі выступае ня толькі БНФ, але і іншыя партыі, таму ў склад Аргкамітэту мы прапанавалі ўвайсьці асобам, чые подпісы ў сумесных заявах разам з Пазьняком раней уявіць было цяжка (напрыклад, Грыба, ды й Багданкевіча). А ўзначаліў Аргкамітэт сьвята Васіль Быкаў.
«Заява Грамадзкага Нацыянальнага Арганізацыйнага камітэту сьвяткаваньня 78-ай гадавіны абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
... Акт 25 сакавіка — гэта ня толькі слаўная гістарычная падзея, але і пуцяводная зорка на шляху будаўніцтва і ўмацаваньня беларускай дзяржавы, грунт у стваральнай працы усяго беларускага народу.
Мы ўсе Беларусы, усе грамадзяне нашай краіны, будзем заўсюды шанаваць гэтую вялікую дату. Асабліва важна гэта цяпер, калі над нашай краінай зноў згусьціліся хмары небясьпекі, узьнікла пагроза нашай незалежнасьці, культуры, нацыянальнаму існаваньню.
Аргкамітэт заклікае грамадзянаў Беларусі, грамадзкія, палітычныя, дзяржаўныя арганізацыі ўрачыста і з годнасьцю адзначыць 78-я ўгодкі абвяшчэньня БНР. У шэрагу акцыяў плянуецца правядзеньне ў нядзелю 24 сакавіка масавага шэсьця і мітынгу ў Менску ў гонар акта 25 Сакавіка і ў абарону Канстытуцыі, законнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Шэсьце пачнецца а 12-й гадзіне на плошчы Незалежнасьці да сквэра і помніка Янку Купалу і потым да помніка Максіму Багдановічу.
Грамадзкі Нацыянальны Аргкамітэт віншуе ўсіх грамадзянаў Беларусі са слаўнай датай незалежнасьці БНР і 78-мі ўгодкамі вялікай падзеі. Зычым свабоды, дабра і натхненьня ўсім людзям нашай краіны. Жыве Беларусь!
В. Быкаў (старшыня), Р. Барадулін, А. Грыцкевіч, М. Біч, Г. Карпенка, М. Грыб, А. Дабравольскі, С. Багданкевіч, П. Знавец, І. Сярэдзіч, Л. Баршчэўскі, І. Гермянчук, В. Мазец, Ю. Беленькі, Ю. Хадыка, В. Вячорка, В. Асташынскі, А. Бяляцкі, В. Сіўчык, А. Марачкін, С. Гусак, М. Купава, М. Анцыповіч, І. Саверчанка, С. Навумчык, М. Чарняўскі, З. Пазьняк».
Напярэдадні шэсьця прадстаўнікі Аргкамітэту далі прэсавую канфэрэнцыю ў прэсавым цэнтры Дома ўраду — гэтаму паспрыялі Станіслаў Багданкевіч і Аляксандар Дабравольскі, якія сядзелі разам з Васілём Быкавым, Зянонам Пазьняком і аўтарам гэтых радкоў.
«У іншай незалежнай краіне гэтае сьвята было б найбольшае — усё ж, угодкі стварэньня дзяржавы. Ну а ў нас усё наадварот, у нас усё разьвіваецца інакш, — сказаў Васіль Быкаў у інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода Галіне Прыгара перад прэсавай канфэрэнцыяй. — Што датычыць менавіта 78-ых угодкаў, дык яны знамянальныя тым, што адбываюцца ў вельмі значны час, у час, калі краіна апынулася ў найбольшай бядзе. Калі яе Незалежнасьць сталася пад пагрозай навогул яе вынішчэньня. Таму натуральна, што дэмакратычныя сілы Беларусі маюць пэўнае стаўленьне менавіта да гэтых угодкаў, і я думаю, што 24-га, у нядзелю, ну, напярэдадні, выдуць на вуліцы, выйдуць на мітынг.
У часе прэс-канфэрэнцыі Быкаў разьвіў сваю думку:
«Мне думаецца, што для нашага грамадзкага жыцьця гэта, усё-такі, вельмі значная падзея. Таму што ўсе пачаткі нашай дзяржаўнасьці, безумоўна, нашага права пачынаюцца менавіта з гэтага часу — а менавіта з III-яй Устаўной граматы, у якой абвяшчалася Незалежнасьць Беларусі. У кожнай краіне — у кожнай нармальнай краіне, я хацеў бы сказаць — дэмакратычнай, гэта ўсё было б вельмі элемэнтарна, гэта б ведалі дзеці яшчэ са школы, а можа, зь дзіцячых садкоў. У нас жа якраз праз 78 год даводзіцца многае адкрываць. Прытым ва ўмовах нязгоды, а то і прамым супраціўленьні ўлад. Ну што ж, добра вядома, што да якога-небудзь права беларусы яшчэ не дарасьлі, і працягваюць жыць у перавёрнутым сьвеце. Таму нават тыя права, якія зафіксаваныя ў Асноўным законе — у Канстытуцыі — яны, вядома, як гэта і заведзена ў нас, многа гадоў існуюць на паперы для прыкрыцьця зусім іншых спраў.
Гэта я кажу для таго, што, скажам, элемэнтарнае права на шэсьце і дэманстрацыі, якое рэглямэнтавана многімі міжнароднымі пагадненьнямі, — у нас яно па-ранейшаму залежыць ад улады. Найперш, ад выканаўчай улады. Вось таму, калі гаварыць пра сьвяткаваньне ўгодкаў, у нас ёсьць пэўныя сумненьні. Па-першае, яны палягаюць у тым, што наш плян, плян Нацыянальнага камітэту па сьвяткаваньні, ня быў прыняты, ня быў дадзены дазвол. Улады стварылі пэўны статус плошчы. Вядома, статус гэта — антыдэмакратычны, антынароднны. У гарадах плошчы на тое і існуюць, каб на іх зьбіраўся народ. Гэта ва ўсіх рэлігіях, ва ўсіх цывілізацыях так было прынята. У нас гэта — тое месца, дзе адбываюцца нейкія рэпрэсіі ўладаў. Значыць, у плошчы Незалежнасьці для сьвяткаваньня было адмоўлена. У шэсьці, на якое таксама маюць поўнае права грамадзяне краіны, любой краіны, таксама было адмоўлена. Хаця зноў жа, усе гэтыя дзеяньні прадугледжваюцца Канстытуцыяй і зьяўляюцца асноўнымі правамі кожнага грамадзяніна».
Васіль Быкаў паведаміў, што хаця Аргкамітэт падаў заяўку на шэсьце і мітынг, але Менгарвыканкам дазволіў толькі мітынг на плошчы Парыскай камуны (перад Опэрным тэатрам).
На прэсавай канфэрэнцыі я абвясьціў рашэньне Аргкамітэту: калі людзі прыйдуць на плошчу Незалежнасьці — шэсьце адбудзецца, а парадак здольныя забясьпечыць структуры Народнага Фронту. Сказаў таксама, што ўвечары таго ж дня ў Доме літаратара пройдзе паказ фільму паводле аповесьці Васіля Быкава «На Чорных лядах» — фільм у пракат ня выйшаў, згодна з распараджэньнем, якое сыходзіла з адміністрацыі прэзыдэнта.
«Гэтыя ўгодкі павінны засьведчыць стан нашага грамадзтва, наколькі яно здольнае, наколькі яно гатовае выступіць у гэты пэрыяд у абарону самога сябе», — падсумаваў Зянон Пазьняк.
Некаторыя палітолягі ў тыя дні прадракалі Беларускаму Народнаму Фронту і ўвогуле нацыянальнаму руху імклівы заняпад. Маскоўскія палітыкі лічылі апошнія дні існаваньня незалежнай Беларусі.
Але 24 сакавіка 1996 году людзі выйшлі на вуліцы Менску — ды ў такой колькасьці, што праз сусьветныя тэлевізійныя каналы іх убачылі ва ўсім сьвеце. А тыя, хто ўжо гатовы быў прымірыцца са зьнікненьнем нашай незалежнай краіны з мапы сьвету, пераканаўся, што Беларусь — жыве.