Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтэнтычней, чым у Беларусі: «Беларуская глеба» на Байкале


На вуліцах Іркуцку
На вуліцах Іркуцку

У расейскім Прыбайкальлі неўзабаве запрацуе першы ў рэгіёне рэстаран беларускай кухні. Заснавальнікі заяўляюць: празь нейкі час рэстаратары зь Беларусі «пастануць у чаргу», каб выведаць сакрэты аўтэнтычных страваў па-беларуску. Рупліўцы беларушчыны разьлічваюць, што новая ядальня стане культурніцкай пляцоўкай і будзе спрыяць пашырэньню нацыянальнай ідэі сярод шматлікай дыяспары.

Беларускі ген як генэратар кулінарнай ідэі

Ідэя адкрыць страўню зь беларускім калярытам належыць бізнэсоўцу Сяргею Глебцу. Разам з жонкай Марынай Новакрашчонавай яны валодаюць у Іркуцку сеткай кітайскіх рэстаранаў. А апошнім часам акрэсьлілася цікавасьць да славянскай кухні.

Спадар Глебец хоць і нарадзіўся ў Сыбіры, аднак беларускія карані пра сябе нагадваюць праз пакаленьні — ягоныя продкі, як і сотні тысяч іншых добраахвотных і вымушаных перасяленцаў зь Беларусі, знайшлі прытулак за тысячы кілямэтраў ад Радзімы. А ў назьве будучага рэстарану — гульня словаў: «Беларуская глеба». Сам Сяргей Яўгенавіч сёлета стаў сябрам моладзевага клюбу «Крывічы».

Бізнэсовец Сяргей Глебец
Бізнэсовец Сяргей Глебец

Днямі Марына Новакрашчонава ў кампаніі зь вядомым прапагандыстам беларускага руху ў Сыбіры Алегам Рудаковым наведаліся ў Беларусь, каб падцягнуць да справы тутэйшых шэф-кухараў ды паклапаціцца пра спадарожны антураж — гліняны посуд, льняныя вырабы, прадметы інтэр’еру і г.д. Вядома, пахадзілі па рэстаранах і кавярнях, якія ставяць на нацыянальную кухню, вывучалі і дэгуставалі мэню. Сустракаліся з аўтарамі кулінарна-гістарычных даведнікаў, ганчарамі, этнографамі. Як кажа спадарыня Новакрашчонава, ад самага пачатку пастанавілі «мабілізаваць» тутэйшых кулінараў. Гэтаксама як для іхніх кітайскіх рэстаранах усе шэф-кухары «выпісаныя» з Паднябеснай:

Рэстаратар Марына Новакрашчонава
Рэстаратар Марына Новакрашчонава

«Мы дакладна ведалі, чаго жадаем — каб у нас быў рэстаран беларускай кухні. Пэўна, пачалі моцна нагадваць пра сябе гены мужа, бо апошнім часам гэта была проста навязьлівая ідэя. І калі яна паступова набыла рэальныя абрысы, адназначна вырашылі: беларускія стравы ня могуць гатаваць расейскія кухары, хоць нашы кухні і ня так радыкальна адрозьніваюцца, калі параўноўваць з той жа кітайскай. Тым ня меней мы хацелі бачыць людзей, якія прыўнясуць нацыянальную адметнасьць, традыцыі з глыбіні стагодзьдзяў. Паўстала пытаньне: а дзе шукаць, празь якія каналы? Спрабавалі выходзіць на амбасаду, консульства — нічога ня выйшла. І абсалютна выпадкова лёс зьвёў нас з Алегам Рудаковым. Калі мы да яго прыйшлі, ён ідэю горача падтрымаў, і цяпер магу без перабольшаньня сказаць: найперш ягоная заслуга, што прафэсійных кухараў мы знайшлі менавіта ў Беларусі. Цяпер справа за малым».

З дырэктарам рэстарану «Камяніца» Сяргеем Чагрынцом
З дырэктарам рэстарану «Камяніца» Сяргеем Чагрынцом

Тэлепартацыя беларускай душы ў край шаманаў

Як удакладняе суразмоўніца, ужо празь месяц зь Менску ў Іркуцк выправіцца група дасьведчаных шэф-кухараў, якія пачнуць распрацоўваць арыгінальнае мэню для «Беларускай глебы». Знаюцца яны і на каўбасах, кумпяках, вяндліне, паляндвіцы, і на стравах з бульбы.

Наўпроставы лінк

Паралельна глускі ганчар Дзям’ян Каптур бярэцца за вялікую партыю эксклюзіўнага глінянага посуду — на першым этапе трэба вырабіць больш за 600 талерак, місаў, кубкаў і г.д. Іркуцкая майстрыня зь беларускімі каранямі Воля Галанава ўзялася выткаць для афіцыянтаў і бармэнаў нацыянальныя строі. Адным словам, працэс пайшоў. Адкрыць рэстаран заплянавана ўжо ў першай дэкадзе траўня.

З ганчаром Дзям’янам Каптурам
З ганчаром Дзям’янам Каптурам

«Вядома, можна было б закупіць звычайны посуд і ў нас у Іркуцку, і з Кітая прывезьці. Але пасьля таго як я рэальна дакранулася да ганчарных вырабаў, у якія майстры ўклалі кропельку сваёй душы, усе сумневы разьвеяліся. Хай кожны кубачак не аднолькавы, не ідэальна падагнаны, не стандартны, але ён настолькі камфортны, што мы адназначна прынялі рашэньне: посуд трэба замаўляць толькі тут. Гэта таксама будзе адным са складнікаў таго, што часьцінку Беларусі перанясём у Сыбір. То бок кожную талерачку, місачку Дзям’ян зробіць уручную, а кухары за 6 тысяч кілямэтраў ад Беларусі будуць у іх гатаваць традыцыйныя стравы беларускай кухні».

Дык наколькі эфэктыўнай аказалася паездка ў Беларусь? Марына Новакрашчонава кажа, што за тры дні ўдалося выканаць практычна ўсю праграму-максымум:

Беларускі посуд неўзабаве выправіцца на Байкал
Беларускі посуд неўзабаве выправіцца на Байкал

«Дзякуючы таму, што Алег нам вельмі моцна дапамог, дзякуючы ягонаму шырокаму колу знаёмстваў мы досыць хутка знайшлі людзей, якія будуць „цэмэнтаваць“ наш праект. Бо асабіста для мяне найважнейшым пытаньнем было кадравае — зыходжу са свайго больш як 20-гадовага досьведу ў галіне „общепита“. Бо зрабіць рамонт, прывезьці абсталяваньне — усё гэта пытаньні тэхнічныя. А як ня будзе людзей, якія могуць і ўмеюць гатаваць, толку ня будзе. Таму я ўжо працэнтаў на 80% задаволеная, што ёсьць ахвотныя скарыць такую вялікую адлегласьць, каб прадстаўляць традыцыі свайго народа, прапагандаваць сваю нацыянальную кухню».

Эталён беларускасьці: за 6 тысяч км ад мэтраполіі

Марына Новакрашчонава кажа: рэстаранны бізнэс у Прыбайкальлі прадстаўлены самымі разнастайнымі нацыянальнымі кухнямі, і беларускую кухню трэба прэзэнтаваць на такім высокім узроўні, каб зьдзівіць збалаваную публіку:

Беларускі посуд неўзабаве выправіцца на Байкал
Беларускі посуд неўзабаве выправіцца на Байкал

«Распачынаецца новая старонка нашага бізнэсу, фактычна з нуля. У мяне вялікі досьвед у рэстараннай сфэры, але што тычыцца беларускай кухні, то тут я прафан. Калі пра тую ж кітайскую за 20 гадоў даведалася амаль усё — адметнасьці прыгатаваньня, у якой пасьлядоўнасьці стравы падаюцца, нават у якім посудзе — то ў дадзеным выпадку застаюцца пытаньні і пасьля наведваньня Беларусі. Нават Алег цешыўся: вось прыедзем і пачастуемся тым, што адлюстроўвае аўтэнтыку, побыт беларускага народу. На жаль, давялося перажыць пэўнае расчараваньне, бо паступова ўсё згладзілася, камэрцыялізавалася, і паспытаць страву паводле бабулінага рэцэпту ў рэстаранах праблематычна. У Іркуцку мы будзем намагацца ўсё рабіць на старадаўні манер, і хай тады зь Беларусі да нас прыяжджаюць, глядзяць, якая была кухня шмат гадоў таму».

На вуліцах Іркуцку
На вуліцах Іркуцку

Увесь антураж рэстарацыі, як удакладняе госьця, павінен быць максымальна набліжаны да архаічнай беларускай хаты — з гаршкамі, ручнікамі, куфрамі...

«Будзем рабіць гэткую беларускую хату. Як задумаў Сяргей Яўгенавіч, на ўваходзе будзе ўсталяваны зруб з вакенцамі, як бы імітацыя падворку. І ўжо празь яго можна будзе трапіць усярэдзіну, у саму хату. Ажно да таго, што цяпер працуе пячнік, печ выкладае. Адпачатку была задумка, каб у печы па-сапраўднаму паліць, але я тую авантуру не падтрымала. Праўда, ня пэўная, што ўрэшце ня выйдзе на ягонае. Мэбля ўся будзе пад даўніну — масіўныя сталы, лавы, куфры. Алег як аматар літаратуры падаў ідэю паставіць шафу з кнігамі пра Беларусь, каб у чаканьні заказу госьці маглі пагартаць, знайсьці нешта карыснае пра краіну, пра яе гісторыю. Апроч таго, у нас вялізныя вітрынныя вокны выходзяць на цэнтральную вуліцу, і мы хочам выставіць там розныя аўтэнтычныя прадметы беларускага дэкору, якія захаваліся яшчэ ад першых перасяленцаў у Сыбір».

Беларускі актывіст Алег Рудакоў
Беларускі актывіст Алег Рудакоў

Сымбіёз сытасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці

Руплівец беларускай справы ў Прыбайкальлі, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, актывіст моладзевага клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў кажа:

«Мы і раней узаемадзейнічалі з аматарамі, якія займаюцца гісторыяй, этнаграфіяй — як Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Прынамсі, ёсьць з кім зьвязацца для парады. Таму не шукалі ўсьляпую, а адштурхоўваліся ад рэальных знаўцаў беларускай нацыянальнай кухні. Плённа пакантактавалі з тэарэтыкамі, зьбіральнікамі рэцэптаў Ларысай Мятлеўскай, Юляй Літвінавай, Аляксеем Глушко. А потым пачаўся пошук практыкаў. Такія людзі знайшліся, мала таго, нават узьнік перабор — зьявілася больш, чым можам на гэты момант запрасіць. Што яшчэ адметна. Калі размаўлялі з кухаркай Галінай і запыталі пра заробак, яна сказала: а для мяне гэта не галоўнае. То бок гатовая ехаць, каб пабачыць Байкал, Сыбір. І калі маладыя хлопцы часалі патыліцу — гэта ж 6 тысяч км, так далёка — дык ёй рухае жаданьне пашырыць звыклыя рамкі. Для нас таксама надзвычай важна, каб на першым пляне былі ня толькі грошы, а гатовасьць укладаць душу».

Байкальскія краявіды
Байкальскія краявіды

Ці стане «Беларуская глеба» ня толькі месцам, каб сытна пад’есьці, але і культурніцкім асяродкам, які аб’яднае этнічных беларусаў прынамсі іркуцкага рэгіёну? Алег Рудакоў прызнаецца: была не адна спроба арганізаваць падобную пляцоўку, і толькі цяпер гэтая мэта выглядае блізкаю:

Наўпроставы лінк

«Мара пра тое, каб у Іркуцку зьявілася беларуская кавярня, вісіць у паветры апошнія паўтара дзясятка гадоў. Але каб гэта зьдзейсьніць, па-першае, трэба мець фундатара, які не пашкадаваў бы грошы на старт, па-другое — чалавека, які разумее нюансы рэстараннага бізнэсу. Усё астатняе — дробязі ў параўнаньні зь першасным капіталам. І ніяк не ўдавалася спалучыць гэтыя фактары. Хоць спробы былі. Аднойчы здавалася, што прыйшлі да паразуменьня, але ў апошні момант усё сарвалася. Другі раз пачалі перамовы — фінал аналягічны. І калі да мяне прыйшлі Сяргей Яўгенавіч і Марына Сьцяпанаўна, я спачатку нават не паверыў, закідаў пытаньнямі: вы дакладна вырашылі, не перадумаеце? Бо дагэтуль, паўтаруся, вопыт быў нэгатыўны. Аднак цяпер мы ўжо перайшлі мяжу, за якой адступленьня няма. Як гэта рэалізуецца на практыцы — пытаньне іншае, але такі куток будзе ў любым разе».

З экспэртам па нацыянальнай кухні Ларысай Мятлеўскай
З экспэртам па нацыянальнай кухні Ларысай Мятлеўскай

Грамадзкае харчаваньне з культурніцкімі нотамі

Алег Рудакоў разьлічвае, што наяўнасьць культурніцкай прасторы дапаможа ўсьвядоміць прыналежнасьць да беларускага этнасу найперш тым, хто дагэтуль ня надта і клапаціўся пра сваю самаідэнтыфікацыю:

«Калі праект рэалізуецца, ён стане магутнай культурніцкай прасторай. Мала таго, мы гэта ўжо „брэндзіруем“, апавяшчаем, што будзе ня проста кавярня, дзе можна пачаставацца сапраўднай беларускай ежай, а наш беларускі асяродак. Мы хочам ладзіць там творчыя імпрэзы, літаратурныя вечарыны, канцэрты, вячоркі, кінапрагляды. Я перакананы, што афармленьне ў стылі беларускай хаты, нацыянальныя стравы будуць спрыяць сяброўскай атмасфэры. Да справы далучаныя нашы тутэйшыя майстры. Кіраўніца моладзевага клюбу „Крывічы“ Воля Галанава займаецца саломапляценьнем і строямі для афіцыянтаў. Запросім хлопца, які пляце з лазы, ёсьць адмыслоўцы, якія вельмі густоўна вырабляюць традыцыйныя выцінанкі».

Іркуцкая майстрыня Воля Галанава
Іркуцкая майстрыня Воля Галанава

Алег Рудакоў салідарны з Марынай Новакрашчонавай і кідае выклік «цэнтру»: праз год «Беларуская глеба» будзе гатовая прыняць на стажыроўку беларускіх шэф-кухараў і тым самым дапамагчы адкрыць сапраўдную кавярню народнай кухні ў Беларусі.

У якасьці доказу суразмоўца згадвае іншыя праекты сыбірскіх беларусаў. Па словах спадара Рудакова, знаўцы аўтэнтыкі нярэдка ўжо замаўляюць нацыянальныя строі ня ў Менску ці па беларускіх вёсках, а ў Іркуцку. Традыцыя ткацтва на кроснах атрымала новае жыцьцё дзякуючы экспэдыцыям па беларускіх вёсках Прыбайкальля, падчас якіх энтузіясты сабралі, а потым сыстэматызавалі і выдалі неацэнны скарб народнай памяці — сьпевы, паданьні, казкі перасяленцаў, якія захавалі сваю культуру, перадаючы вусныя веды з пакаленьня ў пакаленьне.

Беларуская вёска Тургенеўка Іркуцкай вобласьці
Беларуская вёска Тургенеўка Іркуцкай вобласьці

«Калі мы ўжо бярэмся за рэканструкцыю нейкага народнага звычаю, дык капаем у глыбіню, у гісторыю, намагаючыся адрадзіць гэта ў поўнай адпаведнасьці зь якасьцю і аўтэнтычнасьцю», — кажа Алег Рудакоў, удакладняючы, што такі самы падыход і да першай беларускай рэстарацыі ў Сыбіры — каб яна была аўтэнтычная, дасьціпная, з сапраўднымі нацыянальнымі стравамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG