Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніць імідж беларускай міліцыі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гісторыя пра Міколу Статкевіча, якога неяк чарговы раз судзілі «на суткі». «Встать, суд идёт!» Спадар Статкевіч не зварухнуўся. Судзьдзя настойвае, каб падсудны ўзьняўся. Падсудны з усьмешкай адмаўляецца. «Я вас пакараю за непавагу да суду!» – «Што вам загадаюць, тое вы і зробіце!» – парыруе Мікола Статкевіч. Судзьдзя вылятае з залі пасяджэньняў уся чырвоная. Праз паўгадзіны вяртаецца і працягвае пасяджэньне, нібыта нічога не было.

Гісторыя прыгадалася, калі прачытаў, што міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў пра новы канцэпт стаўленьня міліцыі да вулічных акцый: «Беларуская міліцыя адмовілася ад вулічных затрыманьняў у часе несанкцыянаваных акцый пратэсту». Вось узяла – і адмовілася. Перадумала міліцыя. «Сама».

Улада сур'ёзна занепакоеная іміджам міліцыі. Крыху раней усё той самы міністар Шуневіч паскардзіўся: «Супраць міліцыі пачалася інфармацыйная вайна». Ані назваў, ані імёнаў, ані канкрэтных прыкладаў. «Вайна» – гэта не адзінкавыя выпадкі, гэта шырокі скаардынаваны фронт. Дзе прыклады такой маштабнай зьявы? Па сутнасьці, спадар міністар паўтарыў тэзіс, агучаны перад тым газэтай Адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия». Пакідаю ў арыгінале, каб перадаць дух часопіса «Крокодил» часоў росквіту застою:

– «С организаторами и координаторами черного пиара все понятно: раздувают скандалы, вдохновляют молодежь на провокации, четко следуя пунктам переведенных с английского методичек по разжиганию костров так называемых «цветных революций».

Таксама ў артыкуле аніводнага канкрэтнага прыкладу. Такое адчуваньне, што гэта пасланьне Юстаса Алексу. І карэспандэнт, і адрасат разумеюць, пра што гаворка. А для публікі – празрысты намёк на «пагрозу каляровых рэвалюцый». Пужалка.

Зноў нагадвае рапарт галоўнакамандуючаму, як і ў выпадку з тэмай беларусаў на ўкраінскай вайне, якую міліцыя агучыла таксама праз «Советскую Белоруссию». Дзе праз агульнае «разьбяромся» выразна тырчаць вушы барацьбы з «неугодными ідеологическими элементами».

Хутчэй за ўсё, шырокая публіка сапраўды ня ведае маштабу адмоўнай тэндэнцыі ў стаўленьні да міліцыі. Сытуацыя з аднаго боку замоўчваецца, зь іншага – «трэба рэагаваць».

Насамрэч, добрыя ўчынкі міліцыянтаў робяцца мэдыйнай падзеяй. Гэтаксама, як і дрэнныя ўчынкі. Толькі вось чаму дрэнныя значна пераважаюць у СМІ і сацсетках? «Злыя сілы» наўмысна скажаюць рэальнасьць, ці такі стан рэчаў?

З апошняга гучнага – зьбіцьцё журналіста Паўла Дабравольскага. Вось пабоі, вось сьведкі, якія чулі гукі ўдараў. Факты не прызнае ні міліцыя, ні сьледчы камітэт, ні суд. Што гэта было? У народзе скажуць проста – «палітыка».

Міністэрства ўнутраных спраў задумала паставіць помнік паліцэйскаму Расейскай імпэрыі. На момант пачатку ХХ ст. царская паліцыя, апроч непасрэдных прафэсійных задачаў, займалася падтрымкай палітычнага перасьледу апанэнтаў царскай улады. Можна было б тых паліцэйскіх назваць пярэваратнямі ў пагонах, толькі адказ быў сур'ёзна аргумэнтаваны – «мы служым Яго Вялікасьці Гасудару».

Можа так проста супала, можа ідэя помніка – ад недахопу адукацыі, атрыманай у СССР? Няведаньне, што гарадзкая варта была ў Менску як мінімум ад 1499 году, калі горад атрымаў права самакіраваньня – Магдэбурскае права.

У кожным разе, пакуль Міністэрства ўнутраных спраў, апроч барацьбы са злачыннасьцю, будзе паралельна выконваць функцыю «царскай ахранкі», палепшыць імідж не атрымаецца.

Толькі калі міліцыянт будзе памятаць, што ён найперш грамадзянін, а пасьля ўжо сяржан-маёр-генэрал, тады пачне зьмяняцца імідж міліцыі, бо пачнуць зьмяняцца паводзіны і ўчынкі людзей у пагонах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG