Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік савецкаму міліцыянту ў форме царскага паліцыянта? Што можа быць лепей


Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Пра лепшыя варыянты помніка беларускай міліцыі ў Менску разважае мастацтвазнаўца і культуроляг Сяргей Харэўскі.

Да стагодзьдзя беларускай міліцыі, якое МУС зьбіраецца адзначаць у 2017 годзе, у Менску маюць паставіць помнік менскаму гарадавому. Мастацтвазнаўца, культуроляг і знаўца гісторыі Менску Сяргей Харэўскі, лічыць ідэю недарэчнай і ідэалягічна пустой ды згадвае розныя ўдалыя, на ягоную думку, варыянты.

«Сама па сабе ідэя паставіць помнік расейскаму царскаму гарадавому ў гонар савецкай міліцыі мне падаецца камічнай і дэманструе наш ідэалягічны хаос у галовах людзей. Гэта як сьвята беларускага войска ад 23 лютага 1918 году, зь Беларусьсю ніякім чынам не зьвязанае.

Помнік царскай паліцыі — гэта сумнеўная ідэя яшчэ і таму, што калі браць гістарычны наратыў, то ў 1905 годзе Менск стаў месцам зьверскага расстрэлу расейскімі карнікамі дэманстрацыі менчукоў на Прывакзальнай плошчы. Тады было забіта больш за сто чалавек, гэта адна з самых брутальных старонак так званай «рускай рэвалюцыі» 1905 году. Людзі выйшлі на мірную дэманстрацыю з просьбай зачытаць маніфэст цара, будучы цалкам ляяльнымі да ўлады, і на загад генэрал-губэрнатара Курлова іх расстралялі.

Мітынг перад домам губэрнатара ў 1905 годзе перад расстрэлам
Мітынг перад домам губэрнатара ў 1905 годзе перад расстрэлам

І гэта не адзіная цёмная старонка гісторыі расейскіх жандараў і паліцыянтаў у нашым горадзе. Гэта яны займаліся палітычным вышукам, сачылі за дзеячамі беларускай культуры, трымалі ў Пішчалаўскім замку Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Каруся Каганца... Ледзь ня ўся беларуская дэмакратычная эліта таго часу змушаная была пабываць у розных вязьніцах.

Беларуская міліцыя 90-х
Беларуская міліцыя 90-х

Паставіць помнік паліцэйскаму-міліцэйскаму... Сама ідэя — не найгоршая. Але мяне непакоіць і творчы аспэкт. У Менску, на жаль, вельмі мала таленавітых і яскравых манумэнтаў. А цяперашні помнік — усё праведзена ціха, ананімна, бяз конкурсу. Баюся, што гэта будзе чарговы праект, як бабка зь семкамі на Камароўцы ці невядомы паштальён каля кінатэатру «Кастрычнік». Нішто ні пра што, абсалютна неабавязковая рэч, якую ня будуць заўважаць, як не заўважаюць і тузін падзелак, пастаўленых цяпер па ўсім горадзе.

І дзе ён будзе стаяць? Каля музэю міліцыі? Нібыта ня там, хоць музэй, дарэчы, добры. Каля Міністэрства ўнутраных спраў помнік гарадавому? Таксама дзіўнавата. Пастаўлены пасярод гораду невядомы чалавек у рэтра-адзежах? Думаю, гэта будзе чарговая ідэалягічная памылка, зноў жа неабавязковасьць.

Гэта мог бы быць і пазытыўны, іранічны вобраз. Калі б перада мной стаяла задача стварыць такі помнік, я б зрабіў хутчэй такі вобраз памагатага не рэпрэсіўных, карных органаў, а памагатага людзей, сябра людзей, гэткага дзядзі Сьцёпы з сабачкам, які трымае дзяцей за руку... Гуманны вобраз, а ня вобраз абстрактнага вінціка ў дзяржаўнай рэпрэсіўнай сыстэме. Хапае ж і герояў-міліцыянтаў, хто ратаваў людзей, ахвяраваў уласным жыцьцём, выяўляў мужнасьць.

Менскі Трыбунал. Малюнак Язээпа Драздовіча, 1920
Менскі Трыбунал. Малюнак Язээпа Драздовіча, 1920

Пастараўшыся, канечне, можна знайсьці сымпатычных пэрсанажаў. Першыя сілы аховы парадку былі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай. Магдэбурскае права, якое Менск атрымаў у 1499 годзе, натуральна, давала ўласную ахову парадку.

У Менску быў вядомы суд, Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, які знаходзіўся на тэрыторыі замчышча. Будынак Трыбуналу, адно з найстарэйшых збудаваньняў гораду, яшчэ XVI стагодзьдзя, быў зьнішчаны ўжо пасьля вайны. Думаю, якраз пасаваў бы мэмарыял на месцы Трыбуналу, а найлепшым помнікам стала б узнаўленьне гэтага будынку. І гэта мае быць помнік, які б адлюстроўваў вяршэнства закону, аднаго для ўсіх.

У кампэтэнцыі магістрату была і даўгавая турма ў Ратушы, і збор мыта на пэрымэтры гораду. Адзін з гарадзкіх межавых знакаў быў на вуліцы Нямізе, дзе яна пераходзіць у вуліцу Мясьнікова, гэта быў слуп у стылі барока. Ён пасьля стаў капліцай, калі горад разросься, а потым яго называлі помнікам бітвы на Нямізе... Цікава было б пабачыць такі аб’ект добрым сымбалем, знакам правасудзьдзя, парадку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG