Беларуская асацыяцыя журналістаў неаднаразова падкрэсьлівала, што папярэджаньне — гэта не прафіляктычная мера, а санкцыя, якая ўжываецца ў дачыненьні да СМІ. Так пракамэнтаваў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец вынясеньне Міністэрствам інфармацыі пісьмовых папярэджаньняў «Нашай Ніве» і «Ежедневнику»:
«Мы ведаем, што два папярэджаньні на працягу году могуць стаць падставай для судовага пазову і закрыцьця друкаванага СМІ. А інтэрнэт-рэсурс можа быць заблякаваны і без усялякага папярэджаньня. Дарэчы, так раней і адбывалася. У пэўным сэнсе мы маем справу з прэцэдэнтам, калі замест абмежаваньня доступу прымаюцца іншыя меры», — сказаў Бастунец.
«Зь іншага боку, калі нейкія дзяржаўныя структуры былі зацікаўленыя ў абвяржэньні пэўнай інфармацыі, яны маглі б зьвярнуцца непасрэдна ў СМІ ці дамагацца гэтага праз суд. Невядома, самі яны зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі ці гэта ініцыятыва самога ведамства. У любым выпадку, мы бачым недапушчальнае ўмяшаньне дзяржавы ў свабоду выказваньня меркаваньняў і абмежаваньне свабоды СМІ», — падкрэсьліў старшыня БАЖ.
Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні ўладальнікам інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў — ej.by і nn.by.
У дачыненьні да ej.by папярэджаньне вынесенае за публікацыю «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасьць».
У матэрыяле nn.by пад загалоўкам «У Беларусі — чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небясьпекі: штогод вымірае райцэнтар» сьцьвярджаецца пра нібыта катастрафічную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.