Выступаючы на юрыдычным форуме 16 лістапада, Абас Аракчы заявіў, што ўсе іранскія заводы па ўзбагачэньні ўрану знаходзяцца пад гарантыямі і маніторынгам МАГАТЭ, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«У Іране няма незаяўленага ядзернага ўзбагачэньня... Узбагачэньне ў цяперашні час не адбываецца, таму што нашы заводы па ўзбагачэньні былі атакаваныя», — сказаў ён, паводле іранскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва IRNA.
Ізраільскія і амэрыканскія ўдары ў чэрвені цэлілі па ключавых вайсковых і ядзерных аб’ектах. Паведамленьні аб маштабах шкоды былі рознымі.
У кастрычніку Іран абвясьціў, што больш ня «лічыць сябе абавязаным» выконваць абмежаваньні на сваю ядзерную праграму, паколькі гістарычная ядзерная зьдзелка 2015 года са сусьветнымі дзяржавамі афіцыйна скончылася. Тым часам Тэгеран, які сьцьвярджае, што ніколі не імкнуўся і ніколі не будзе імкнуцца ператварыць сваю ядзерную праграму ў зброю, заявіў, што краіна «цьвёрда прытрымліваецца дыпляматыі».
Тым часам, паводле зьвестак МАГАТЭ, да чэрвеньскіх удараў у Ірана было больш за 400 кіляграмаў урану, узбагачанага да 60 працэнтаў чысьціні. Незразумела, колькі высокаўзбагачанага матэрыялу — да цяперашняй ядзернай зброі адносіцца ўран-235, узбагачаны прыкладна да 93,5 працэнта — захавалася.
Аднак нядаўнія спадарожнікавыя здымкі, прааналізаваныя экспэртамі з Вашынгтонскага цэнтра стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS), сьведчаць аб тым, што, хоць на трох абʼектах, па якіх былі нанесеныя ўдары — Ісфахане, Натанзе і Фордаў, актыўнасьць малая, — Іран паскорыў будаўніцтва на абʼекце на гары Пікакс каля Натанза. Першапачаткова меркавалася, што гэта будзе пляцоўка для зборкі цэнтрыфуг, але нядаўнія падзеі сьведчаць аб тым, што Тэгеран можа пашыраць свае першапачатковыя пляны адносна гэтага абʼекта, кажа Radio Farda Джозэф Роджэрс, намесьнік дырэктара ядзернага праекта CSIS.
Міністар замежных спраў Аракчы заявіў на форуме 16 лістапада, што Тэгеран гатовы аднавіць ядзерныя перамовы з Захадам, але толькі на аснове ўзаемнай павагі.
У верасьні дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заклікаў Іран «пагадзіцца на прамыя перамовы ў духу добрай волі, без затрымак і заблытанасьці».
Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына з 28 верасьня настойваюць на аднаўленьні санкцый супраць Ірану, абвінавачваючы яго ў тым, што ён не зрабіў неабходных крокаў для «вырашэньня праблем» адносна дазволу ўпаўнаважаным інспэктарам МАГАТЭ аднавіць доступ да ядзерных абʼектаў Ірану. Краіны таксама спасылаліся на тое, што Тэгеран не падрыхтаваў і не прадставіў МАГАТЭ справаздачу «аб сваіх запасах высокаўзбагачанага ўрану».
Эўрапейскія дзяржавы аднавілі санкцыі, абвінаваціўшы Іран у парушэньні пагадненьня 2015 года, накіраванага на прадухіленьне распрацоўкі ім ядзернай зброі. Санкцыі былі зьнятыя ў рамках пагадненьня.
Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі (207.6 тыс. км²). Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек (у Беларусі цяпер крыху болей за 9 мільёнаў).
Каля 85% насельніцтва Ірану — мусульмане-шыіты. Амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне і каля 2% іншых рэлігійных меншасьцяў.
На поўначы краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй і Туркмэністанам; на захадзе — з Іракам і Турэччынай; на ўсходзе — з Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся вярхоўным кіраўніком, прамысловасьць была нацыяналізаваная, ва ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу і былі абмежаваныя «заходнія ўплывы».
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але любыя законапраекты мае ўхваляць Рада вартаўнікоў канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Вярхоўны кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца і выбары прэзыдэнта краіны. Цяперашні прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян быў абраны ў ліпені 2024 году. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а вярхоўны кіраўнік (Рахбар). Ён вызначае агульную палітыку краіны, ён жа галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ірану і кіраўнік ваеннай выведкі. Вярхоўны кіраўнік прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве: старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і камандуючых усімі родамі войскаў.
Вярхоўнага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў любы момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду нязьменна займае Алі Хамэнэі, які да таго быў прэзыдэнтам Ірану.
Стасункі зь Беларусьсю
Улады Беларусі і Ірану сёлета адзначалі, што за 2024 год аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі вырас на чвэрць. Але ў паведамленьнях на гэты конт не называюцца канкрэтныя лічбы, якія б паказалі абʼём такога гандлю. З ранейшых паведамленьняў можна зрабіць выснову, што абʼём гандлю за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў.
У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі. У канцы чэрвеня чакаўся візыт у Беларусь цяперашняга іранскага прэзыдэнта Масуда Пэзэшкіяна, але цяперашні ваенны канфлікт Ірану з Ізраілем можа гэтаму перашкодзіць.
Найбольш актыўнае супрацоўніцтва паміж кіраўніцтвам Беларусі і Ірану цяпер ідзе ў вайсковай сфэры.
- У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін быў з афіцыйным візытам у Іране, дзе сустрэўся зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Тады міністры падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Сэед Галандары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
- 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
- У пачатку траўня 2024 году стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024» у Тэгеране.
- 16 траўня 2024 году ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту завязаньня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) — капітан першага рангу Рэза Хусраві Мугадам.
- 31 ліпеня 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацоўніцтва ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- У жніўні 2024 году камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану генэрал-маёрам Абдулрагімам Мусаві і камандзерам ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахэдзі.
- У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісалі выніковы пратакол візыту, а ў часе перамоваў заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.