Як паведамілі чытачы ўкраінскага Korrespondent.net, у кіеўскай гімназіі № 261 на стэндзе з інфармацыяй для дзяцей разьмясьцілі памятку «Практычныя парады па пераходзе на ўкраінскую мову зносінаў».
Памятка акцэнтуе ўвагу ня толькі на тым, як лепей вывучыць украінскую ці часьцей на ёй размаўляць, а і на тым, як забыць расейскую. Школьнікам раяць:
— Абмяжоўваць прысутнасьць расейскай вакол сябе, глядзець украінскамоўныя навіны, чытаць кніжкі і слухаць музыку па-ўкраінску.
— Пісаць электронныя паведамленьні сябрам толькі па-ўкраінску, прыбраць расейскую раскладку клявіятуры.
— Пісаць па-ўкраінску на ўкраінамоўных інтэрнэт-форумах і ўкраінамоўных чатах, а таксама ў жыцьці: ў маршрутцы прасіць «зупинку» замест «остановки».
— Пачаць размаўляць па-ўкраінску зь незнаёмымі, калі цяжка пачаць са знаёмымі. Ня думаць пра тое, што пра памылкі ў гаворцы скажуць іншыя.
— Купіць слоўнікі і не саромецца імі карыстацца.
— Знайсьці дасьведчаных украінамоўных суразмоўцаў і слухаць іхнюю мову, зноў жа не саромецца памыляцца самім у іх прысутнасьці.
— Пачынаць размаўляць па-ўкраінску з расейскамоўнымі. Падрыхтавацца да пытаньняў, чаму раптам загаварылі па-ўкраінску, быць гатовым, што палічаць вар’ятам, бо вар’ятамі лічаць усіх, чые ўчынкі не разумеюць. Неразуменьне старых знаёмых кампэнсуецца захапленьнем і павагай незнаёмых і новых знаёмых.
У канцы дадаецца: «Вам казалі, што няветліва размаўляць з чалавекам па-ўкраінску, калі ён размаўляе па-расейску? Забудзьцеся пра ветлівасьць. Украінская мова будзе мёртвай, калі вы будзеце ветлівымі з усімі. Вы размаўляеце па-ўкраінску, каб яны пачулі, што па-ўкраінску можна размаўляць з усімі. Гэта цудоўная нагода для іх задумацца над пытаньнем сваёй нацыянальнай прыналежнасьці».
Карцінка стала папулярнай ня толькі ва ўкраінскім, але і ў расейскім інтэрнэце. Праўда, расейцы хутчэй кпяць зь яе: кажуць, размова не заладзіцца адразу, калі адзін з суразмоўцаў будзе размаўляць па-ўкраінску. Іншыя параўноўваюць заклік размаўляць па-ўкраінску з заклікам да камін-аўту. Нехта сур’ёзна разважае пра пагрозу расейскай мове ва Ўкраіне.