Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбы: дыетычныя, лячэбныя, радыеактыўныя


У самым разгары сэзон грыбоў. У гэтым артыкуле я сабрала зьвесткі пра дыетычную і лячэбную каштоўнасьць грыбоў, а таксама практычную інфармацыю. Не магла я абысьці бокам і актуальную для беларуса тэму радыяцыйных грыбоў.

Дрэўнавушка (вешанка)

Грыбы — адносна добрая крыніца расьліннага бялку, а таксама пастаўшчык вітамінаў групы В і мінэралаў, асабліва фосфару, калію, медзі і жалеза. Асабліва багатыя бялком грыбы дрэўнавушкі, таксама вядомыя як вешанкі. Так, адна порцыя вешанак (150 г) утрымлівае 5 грамаў бялку. Гэтая самая порцыя утрымлівае і 37% дзённай нормы ніяцыну (вітамін В3), 30% дзённай нормы рыбафлявіну (вітамін В2), 19% дзённай нормы пантатэнавай кіслаты (вітамін В5), 12% дзённай нормы тыяміну (вітамін В1), 10% фоліевай кіслаты (вітамін В11), 18% фосфару, калію, медзі, 11% жалеза і 8% цынку.

Шампіньёны

Шампіньёны — адны зь нешматлікіх грыбоў, якія можна есьці сырымі. Можна, але не абавязкова трэба! Чаму грыбы лепш спажываць у прыгатаваным выглядзе? Па-першае, грыбы маюць вельмі жорсткія клеткавыя сьценкі, якія, па сутнасьці, ня ператраўляюцца ў сырым выглядзе (за выключэньнем шампіньёнаў). Па-другое, пад дзеяньнем тэмпэратуры з грыбоў выдзяляюцца пажыўныя рэчывы, якія яны ўтрымліваюць, уключаючы вітаміны групы В і мінэралы, а таксама фітахімікаліі (карысныя хімічныя злучэньні). Па-трэцяе, сырыя грыбы ўтрымліваюць невялікую колькасьць таксынаў, у тым ліку злучэньняў, якія могуць патэнцыйна справакаваць рак. Гэтыя рэчывы ў працэсе гатоўкі руйнуюцца. Па-чацьвёртае, небіялягічныя грыбы назапашваюць пэстыцыды і іншыя цалкам непатрэбныя нам рэчывы.

Грыль і духоўка — выдатныя спосабы прыгатаваньня грыбоў. Ну а калі вам надта ўжо захацелася сырых шампіньёнаў, рэкамэндую вам толькі біялягічныя.

Дарэчы, нягледзячы на іх назву, сыраежкі есьці сырымі ні ў якім разе нельга.

Чага

Грыб чага таксама вядомы пад імёнамі кабаноанатаке, попельная башка, бярозавая башка, белая гнілата. Грыб гэты належыць да сямейства Hymenochaetaceae Basidomycetes. Чага расьце на бярозах у халодных паўночных кліматычных умовах. Дакладней, ён расьце і на іншых дрэвах, але толькі менавіта бярозавая чага, як мяркуюць, мае лячэбныя ўласьцівасьці. Вядома, што як мінімум з шаснаццатага стагодзьдзя чага ўжывалася народнай мэдыцынай ў Сыбіры. Апошнім часам навукоўцы выявілі ў чазе розныя поліфэнольныя (хімічныя) злучэньні, якія валодаюць патэнцыяльнымі карыснымі ўласьцівасьцямі для нашага арганізму. Напрыклад, гэтыя поліфенолы маюць анты-бактэрыяльныя, пячоначна-ахоўныя і супрацьпухлінныя ўласьцівасьцямі, а таксама праяўляюць антыаксыдантную актыўнасьць.

Гаючыя ўласцівасці чагі, аднак, пацьверджаны, у асноўным лябараторнымі выпрабаваньнямі. Вынікі лябараторных выпрабаваньняў не заўсёды будуць аналягічнымі з выпрабаваньнямі на людзях. Цікавасьць спажыўцоў да чагі хутка расьце. Таму ня выключана, што ў недалёкай будучыні мы пачуем аб клінічных выпрабаваньнях з гэтым грыбам. Пакуль што навукоўцы сыходзяцца на тым, што, па-першае, гэты грыб вызначана валодае сур’ёзным лячэбным патэнцыялам, і, па-другое, ён нетаксычны. Гэта значыць, яго можна есьці без асьцярогі для здароўя.

Сушаныя грыбы

Грыбы сушаныя добрыя тым, што ў іх невялікай колькасьці ўтрымліваецца вельмі значная канцэнтрацыя мікраэлемэнтаў. Так, 15 грамаў сушаных грыбоў шыітаке (4 грыбочкі) ўтрымліваюць ажно 40% дзённай нормы медзі, 33% пантатэнавай кіслаты (вітаміну В5) і 12% сэлену.

Функцыі сэлену разнастайныя. Ён спрыяе добраму стану валасоў і пазногцяў, абараняе клеткі ад акісьляльнага стрэсу, спрыяе нармальнай працы імуннай сыстэмы і вытворчасьці спэрмы, уносіць істотны ўклад у нармальную працу шчытападобнай залозы.

Грыбы замарожаныя

Замарожаныя грыбы, у прынцыпе, утрымліваюць тыя самыя колькасьці карысных рэчываў, што і сьвежыя. Замарожаныя грыбы перазамарожваць ня варта. Гэта, у прынцыпе, тычыцца наогул усіх прадуктаў.

Грыбы дыетычныя

Грыбы — сапраўды дыетычны прадукт. Яны выдатна насычаюць, і гэта пры тым, што ўтрымліваюць яны зусім ня шмат калёрый. У сярэднім, 20 калёрый на 100 грам. Дзякуючы іх структуры, смаку і водару, яны зьяўляюцца выдатным заменьнікам жывёльных прадуктаў у такіх стравах як плоў і паста. З грыбоў можна рабіць вэгетарыянскія катлеткі і бургеры, а таксама паштэты.

Грыбы радыеактыўныя

Лес зьяўляецца прыродным бар’ерам на шляху распаўсюджваньня радыяцыі. Адпаведна, ён акумулюе значную яе колькасьць.

У Беларусі дагэтуль назіраюцца вельмі высокія паказчыкі радыёнукліду цэзію-137 у хатніх загатоўках лясных дароў, у тым ліку грыбоў. Асноўная маса радыеактыўнага цэзію знаходзіцца ў глебе і верхнім (тры-пяць сантымэтраў) пласьце лясной подсьцілкі. Высокае ўтрыманьне цэзію-137 назіраецца ў кары дрэў, імху, лішайніках, грыбах і ягадах. Грыбы, дарэчы, лічацца самымі моцнымі назапашвальнікамі радыенуклідаў. Важна мець на ўвазе, што ў працэсе кансэрвацыі ўтрыманьне радыенуклідаў не зьмяншаецца, а пры сушцы нават павялічваецца. Пры адсутнасьці ўпэўненасьці паходжаньня грыбоў, я ні ў якім разе не рэкамэндую вам іх купляць. Тут лёзунг «купляем беларускае», на жаль, вельмі недарэчны. Значна надзейней купіць францускія ці італьянскія сушаныя грыбы і выкарыстоўваць іх рэгулярна ў невялікіх колькасьцях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG