У адрозьненьне ад папярэдніх выбарчых гадоў, Лукашэнка сёлета не склікае Ўсебеларускі сход напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, заўважае аўтар публікацыі на сайце БелаПАН, экспэрт аналітычнага цэнтру «Стратэгія», аналітык Свабоды Валер Карбалевіч.
Усебеларускія сходы праходзілі ў 2006 і 2010 гадах прыкладна за два тыдні да выбараў, упершыню ж Усебеларускі сход быў сабраны ў 1996-м напярэдадні рэфэрэндуму (на ім пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта і перанесьлі Дзень незалежнасьці, ды не скасавалі сьмяротнае пакараньне і не ўвялі вольную куплю-продаж зямель). Толькі ў 2001-м Усебеларускі сход прайшоў нібы не прывязаным да даты выбараў: сход быў 18 траўня, выбары — 9 верасьня.
Афіцыйна ўлады не абвяшчалі ні аб падрыхтоўцы да сходу, ні аб яго скасаваньні. Да выбараў застаецца менш за два тыдні.
«Усебеларускія сходы выконвалі ролю галоўнай перадвыбарчай піяр-акцыі, былі кульмінацыяй і вянцом агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, разглядаліся як усенароднае бласлаўленьне яго на цараваньне», — піша Карбалевіч.
Ён прыгадвае, што дэлегаты сходаў не абіраліся народам, а адбіраліся ўладамі, але сходы прадстаўляліся ў дзяржаўных СМІ як «наўпростая размова з народам», «народнае веча» ці «вышэйшая форма дэмакратыі». Карбалевіч называе арганізацыю сходаў «клясычнай таталітарнай канцэпцыяй, згодна зь якой правадыр выступае ад імя ня часткі грамадзтва, ня толькі сваіх прыхільнікаў, а ўсяго народу. Іх ён параўноўвае са зьездамі КПСС, якія давалі заданьне на наступную пяцігодку.
Чаму не склікаюць на сход?
Аб прычынах нескліканьня сходу можна толькі здагадвацца, бо афіцыйнай адмовы ад яго не было. Карбалевіч мяркуе, што прычыны відавочныя: задачы, пастаўленыя на мінулым сходзе, праваленыя, ніводны паказьнік сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця не дасягнуты.
Так, валавы ўнутраны прадукт за 2011-2015 гады меўся вырасьці на 62-68%, а вырас толькі на 6-7%. Аб’ём прамысловай вытворчасьці меў вырасьці за гэты час на 54-60%, вырас на 5,7%. Прадукцыйнасьць працы — 63-68% плянаваных супраць 12% рэальных, будаўніцтва жытла — 9,5-10 млн м² плянаваных і 4 млн рэальных. Беларусь за пяць год стала адным з рэкардсмэнаў па дэвальвацыі, беларускі рубель патаньнеў амаль у 6 разоў. Самы заўважны шараговым беларусам пункт, сярэдняя зарплата, мела паводле абяцаньняў Лукашэнкі дасягнуць 1000 даляраў на месяц, складае ж толькі 400 зь невялікім даляраў. Столькі ж, колькі ў 2009 годзе.
Лукашэнка прызнаў правалы, хай і толькі часткова. «Пяць год таму мы ставілі перад сабой вялікія задачы ў эканоміцы. Скажу прама і шчыра — ня ўсё з таго, што задумвалася, атрымалася выканаць», — пісаў ён у перадвыбарчай праграме.
Усебеларускі сход мог бы стаць «лішняй нагодай для злараднасьці» для канкурэнтаў Лукашэнкі, піша Карбалевіч. Але адмова ад сходу можа, паводле яго слоў, утварыць «пустэчу ў кампаніі мабілізацыі прыхільнікаў Лукашэнкі», таму замест сходу можа быць прыдуманая іншая кульмінацыя перадвыбарчай кампаніі накшталт вялікага канцэрту.