Алесь бараніў на Плошчы данчын ад АМАПУ
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец распавёў Радыё Свабода пра тое, якім яму запомніўся Алесь Чаркашын.
«Пра Алеся Чаркашына я магу сказаць толькі добрае. Алесь быў вельмі веруючы. Пазнаёміліся мы недзе ў 2009-м. Ён быў калісьці ў моладзевым руху і прыйшоў да Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі як вернік-пратэстант, бо лічыў, што веруючыя абавязаныя мяняць сьвет вакол сябе паводле хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.
У 2010 годзе мы разам праводзілі кампанію. Памятаю, што ён быў на Плошчы і, калі АМАП біў людзей, ён быў адным з тых хлапцоў, якія абаранялі жанчын і сталага веку людзей каля Чырвонага касьцёла.
Потым я быў у „амэрыканцы“ і ў Купліне, а Алесь стаў кіраўніком Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД, і даволі шмат моладзі ішло за ім, бо ён сам быў такі малады, моцны, яркі хлопец. Разам са Зьмітром Шурхаем яны ўдзельнічалі ў маўклівых акцыях пратэсту, праводзілі і свае акцыі.
Самая яркая зь іх, якая стаіць у мяне заўсёды перад вачыма, — калі ён выйшаў з рукамі ў чырвонай фарбе да Берасьцейскага гарвыканкаму і сказаў такія прарочыя словы: улада павінна пакаяцца, а інакш краіну чакае разруха», — кажа сустаршыня БХД.
Чаркашын разам зь іншымі актывістамі шмат разоў прыяжджаў да Севярынца ў Куплін да спэцкамэндатуры, калі той адбываў там «хімію». Аднак пасьля 2013 году Алесь Чаркашын адышоў ад актыўнай дзейнасьці ў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
«Але, наколькі я ведаю яго па тых гадах, гэта быў хлопец крыштальнага сумленьня. То бок гэта чалавек, для якога вера ў Бога была арыенцірам у любой сфэры жыцьця. Таму да яго і цягнуліся людзі», — кажа лідэр БХД.
Севярынец распавёў, што спачатку ня ведаў, што хлопец з пазыўным «Тарас» — гэта і ёсьць Алесь Чаркашын.
«Такі штуршок быў, калі даведаўся, што нейкі беларускі хлопец цяжка паранены — тады нешта адгукнулася ў душы. Але для мяне быў сапраўдны шок, калі я даведаўся, што гэта якраз Алесь Чаркашын. Адразу нахлынулі ўспаміны, і я да гэтага часу не магу лёгка пра гэта казаць. Таму што гэта хлопец, побач зь якім многія думалі, што гэта і ёсьць вобраз будучыні хрысьціянскай дэмакратыі — малады, прыгожы, моцны, веруючы, і менавіта такія павядуць нашу краіну далей», — кажа ён.
Пра тое, што Алесь Чаркашын паехаў на Данбас, Севярынец нічога ня ведаў.
«Недзе ў 20-х днях жніўня, калі ён ужо ляжаў паранены, мне перадалі, што беларус з пазыўным „Тарас“ — гэта і ёсьць Алесь Чаркашын. Тады я ўпершыню пра гэта даведаўся. Дарэчы пра гэта ня ведалі ні ягоныя сваякі, ні паплечнікі — усе былі ў шоку, калі даведаліся, што ён там на вайне капэлянам. Хаця хтосьці чуў, і мне распавядалі, што ён езьдзіў у тэалягічную сэмінарыю ў Хэрсон. Трэба разумець, як я цяпер уяўляю, што для таго, каб мець магчымасьць туды езьдзіць, яму была патрэбна поўная кансьпірацыя, бо ўсім вядома стаўленьне сёньняшняга рэжыму да тых, хто змагаецца за свабоду Ўкраіны і Беларусі», — адзначыў Севярынец.
Алесь быў беларускім патрыётам і вернікам
Пра Алеся Чаркашына Свабодзе распавёў ягоны паплечнік — берасьцейскі актывіст БХД Андрэй Шарэнда:
«Я ведаў Алеся як палымянага патрыёта і верніка. Я ведаў яго яшчэ з канца 90-х па палітычных акцыях, якія „Зубар“ ладзіў у Менску і Берасьці. Але больш шчыльна мы пазнаёміліся гадоў 6–7 таму, калі ён пачаў працаваць у „Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі“. Мы разам ладзілі розныя акцыі. Напрыклад, у Берасьці 3–4 гады таму была акцыя па вывешваньні бел-чырвона-белых сьцягоў: была вялікая вежа за горадам, і Алесь сам палез вывешваць сьцяг. А потым ён гэтак жа вывешваў сьцяг у Данецкай вобласьці ў Пясках пад кулямётным агнём. Алесь быў вельмі веруючы чалавек, менавіта палымяна веруючы, і таму шмат хто яго не разумеў».
Паводле слоў Шарэнды, Чаркашын быў вельмі камунікабэльны. У 2011 годзе ён шмат зрабіў для арганізацыі маўклівых акцыяў пратэсту ў Берасьці і праводзіў дзеля гэтага вялікую працу ў сацыяльных сетках.
Шарэнда ўзгадвае, што апошні раз бачыў Чаркашына ў сакавіку падчас Дня Волі. Актывіст кажа, што чуў пра тое, што Чаркашын езьдзіў ва Ўкраіну як валянтэр і дапамагаў параненым, але пра тое, што ён быў на фронце, Алесь не распавядаў нават сябрам.
33-гадовы беларус, былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Аляксандар Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы, прабыўшы некалькі тыдняў у коме.
***
У Данбасе загінуў яшчэ адзін беларус
29 жніўня ў Чарнігаве пахавалі 38-гадовага капітана Вячаслава Бараноўскага, ваяра 41-га («Чарнігаўскага») батальёна Ўзброеных Сіл Украіны. Капітан Бараноўскі загінуў 26 жніўня каля вёскі Старагнатаўка на Данбасе.
Ён нарадзіўся ў беларускай сям’і ў Чарнігаве, скончыў Харкаўскае лётнае вучылішча, служыў лётчыкам, пасьля сьпісаньня пайшоў добраахвотнікам ваяваць за Ўкраіну на Данбасе. Ягоны бацька Мікалай Іванавіч Бараноўскі быў лётчыкам-выпрабоўцам, рыхтаваўся ў атрадзе касманаўтаў, родам з Мазыра.
На пахаваньні сына ён заявіў, што ганарыцца тым, што яны беларусы шляхецкага роду і што сын змагаўся за свабоду Ўкраіны. Адпелі Вячаслава Бараноўскага ў Кацярынінскім катэдральным саборы, а пахавалі з вайсковымі ўшанаваньнямі на чарнігаўскіх гарадзкіх могілках. У яго засталіся жонка і дачка.