Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Эйсмант адзначыла, што перамовы мелі закрыты характар, паколькі ў гэтым рэгіёне прытрымліваюцца менавіта «такіх прынцыпаў».
«У гэтым рэгіёне прызвычаіліся працаваць у цішыні, і тут ня варта шукаць ніякіх прыхаваных сэнсаў. Гэта той фармат, у якім працуюць у гэтым рэгіёне», — сказала прэсавая сакратарка Лукашэнкі.
Паводле яе, удзел сыноў у перамовах — яшчэ адзін «важны знак для краін Затокі».
«У іх гэта сапраўды знак асаблівай павагі і асаблівага стаўленьня да разьвіцьця двухбаковага ўзаемадзеяньня, калі замацаваная асоба за ўзаемадзеяньнем паміж краінамі, за супрацай — гэта прадстаўнікі сям’і. Вось у гэтым выпадку старэйшы сын», — патлумачыла яна.
Прэсавая сакратарка падкрэсьліла, што для Віктара Лукашэнкі, які кіруе Нацыянальным алімпійскім камітэтам, адказнасьць за супрацу з Аманам зьяўляецца «дадатковай нагрузкай».
«У гэтых краінах так прынята. І гэта сапраўды вельмі дапамагае. Гэта такая дадатковая ўвага, дадатковы кантроль. Гэта дае вельмі сур’ёзны штуршок для разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў. Вось таму на сустрэчы прысутнічалі сыны», — дадала Натальля Эйсмант.
1 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з султанам Амана Хайтам бін Тарык аль-Саідам. На ёй прысутнічалі ягоныя сыны Віктар і Мікалай.
Сустрэча на вышэйшым узроўні адбывалася не ў афіцыйнай рэзыдэнцыі султана, а ў яго дома. На кадрах, які зафіксавалі пад’езд Лукашэнкі, не было бачна беларускіх дзяржаўных сьцягаў, а ў складзе дэлегацыі не было беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку міністра замежных спраў.
Форум