Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Літвы прапанаваў выкарыстоўваць замарожаныя беларускія актывы для выплаты кампэнсацый за грузавікі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Колішні прэм’ер-міністар Літвы, лідэр дэмакратычнага саюзу «У імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс заявіў аб неабходнасьці падрыхтоўкі літоўскіх уладаў да таго, што ня змогуць вярнуць перавозьнікам затрыманыя ў Беларусі грузавікі.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, урад павінен разгледзець магчымасьць выплаты кампэнсацыі перавозьнікам за рахунак замарожаных беларускіх актываў, сярод якіх — санаторый «Беларусь» у Друскеніках.

«Трэба правесьці інвэнтарызацыю, высьветліць, колькі цягачоў знаходзіцца ў закладніках, паколькі сытуацыя насамрэч не такая, як нам пра яе паведамляюць. Мова ідзе аб іншай колькасьці. І проста трэба зразумець, што іх страцяць, а перавозьнікам давядзецца выплачваць кампэнсацыю. Але не зь літоўскага бюджэту, а за рахунак беларускай маёмасьці ў Літве», — сказаў Саўлюс Сквярняліс.

Колішні прэм’ер мяркуе, што магчыма ініцыяваць адпаведныя юрыдычныя працэдуры, у тым ліку зрабіць ацэнку вартасьці маёмасьці і яе пералік.

«Калі цягачы канфіскуюць, адпаведна асымэтрычныя меры ўхваляць і ў Літве. Іншы бок павінен гэта зразумець», — перакананы палітык.

Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвой мяжы забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта. Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі. Беларускі бок патрабуе пачатку палітычных перамоваў на гэтую тэму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG