У Магілёве актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі зьбірае подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, каб той ня нішчыў эўрапейскія харчы.
На думку актывіста, іх лепей аддаць у тыя краі, дзе людзі галадаюць. Паўлоўскі заяўляе, што нішчачы прадукты, Пуцін робіцца злачынцам. Подпісы грамадзянаў Беларусі, спадзяецца актывіст, змусяць прэзыдэнта Расеі адумацца:
«У СНД і іншых краінах багата людзей недаядае, таму ўказ пра зьнішчэньне прадуктаў прэзыдэнта Расеі — злачынства супраць людзкасьці. У сьвеце яшчэ такога не было», — заяўляе Аляксей Паўлоўскі.
«Сам жа Пуцін з Санкт-Пецярбургу, а там у блякаду загінуў мільён чалавек, — даводзіць актывіст. — Я яго лічу злачынцам № 1 на дадзены момант. Людзей, неабыякавых да гэтай праблемы, нямала. У мяне нават падпісаўся жыхар Санкт-Пецярбургу. Мне баліць гэта, бо я сам вырошчваю для сябе прадукты і, можна сказаць, недаядаю, бо бяз працы. Я чакаю, што расейскае кіраўніцтва прыслухаецца да думкі людзей, іх здаровага розуму і ня будзе прадукты зьнішчаць. Няхай раздаюць тым, хто ў іх мае патрэбу».
Паўлоўскі зьбіраў подпісы на пешаходнай вуліцы Ленінскай. За першыя паўгадзіны пад зваротам да Пуціна актывіст сабраў подпісы 20 чалавек самага рознага ўзросту — ад маладых да старых.
«Наагул, гэта ня наша праблема, але ўсё адно: зьнішчаць прадукты — гэта няправільна. У шмат якіх краінах людзі галадаюць. Калі не сваіх падтрымаць, то хаця б жабракоў зь іншых краінаў. Лепей бы нам аддалі», — выказваецца адзін з маладых падпісантаў звароту.
Наступная суразмоўніца тлумачыць сваю далучанасьць да звароту тым, што яна і іншыя падпісанты клапоцяцца пра людзей. Дзяўчына прызнаецца, што ня чула пра зьнішчэньне харчоў у Расеі, аднак верыць Паўлоўскаму і тым, хто падпісаўся перад ёю.
«Калі прадукты добрыя, то навошта іх зьнішчаць? — абураецца падпісантка. — Я дапускаю, што ў кіраўніцтва Расеі сваё бачаньне ўнутраных праблемаў і гэта такая палітыка, аднак трэба больш думаць пра простых людзей. Спадзяюся, што нас пачуюць і задумаюцца. Добра, што ў Беларусі прадуктаў хапае».
«Гэта ня наша праблема, але няхай бы народы Афрыкі паелі больш. Я па тэлевізары бачыў, як трушчылі сыр. А навошта яго трушчыць? Навошта яго ў зямлю ўтоптваць?» — абураецца яшчэ адзін падпісант.
«Яго ж, відаць, можна было ў дзіцячы дом аддаць. Дзеці ж таксама хочуць паесьці, — даводзіць сваю пазыцыю мужчына. — Няхай расейскія дзеці. У такой палітыцы я мала разьбіраюся, але ўсё ж шкада ў зямлю ўтоптваць харчы, калі яны добрыя. Я гэтага не магу зразумець».
На мінулым тыдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні з 6 жніўня на мяжы РФ забароненых да ўвозу прадуктаў. Ужо больш за 280 тысяч расейцаў падпісалі пэтыцыю супраць зьнішчэньня імпартнага харчаваньня, патрабуючы адмяніць указ прэзыдэнта і прыняць закон аб бязвыплатнай перадачы прадуктаў і тавараў народнага спажываньня грамадзянам Расеі, якія жывуць у нястачы.