Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Аўтуховіча выклікалі ў суд на дзень раней


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Калегія па крымінальных спрвах Гарадзенскага абласнога суда перанесла з 6-га на 5 жніўня разгляд справы, якая тычыцца падаўжэньня прэвэнтыўнага нагляду над былым палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам.

17 ліпеня Ваўкавыскі раённы суд адмовіў міліцыі ў падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.

Аднак праз чатыры дні выконваючы абавязкі пракурора Ваўкавыскага раёна вынес прыватны пратэст на гэтую пастанову суда.

«Гэты супрацоўнік пракуратуры, які са мной ніколі не сустракаўся, не гутарыў палічыў, што я не стаў на шлях выпраўленьня. Я павінен быў ехаць у Горадню 6 жніўня на судовую калегію па крымінальных справах, якая будзе разглядаць пратэст пракурора», — сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Аднак 4 жніўня інспэктар раптам прывёз яму позву ў суд на 5 жніўня. Мікалай Аўтуховіч у фэйсбуку так патлумачыў такую тэрміновую зьмену даты суду.

«Калі сыходзіць з таго, што мне любым шляхам павінен быць падоўжаны нагляд, то атрымліваецца наступнае. Як аказалася па дакумэнтах тэрмін майго нагляду заканчваецца 6 жніўня. Дык вось незалежна ад таго, як скончыўся б разгляд гэтага пратэсту ў абласным судзе, па заканчэньні сутак 6 жніўня я быў бы вольным чалавекам. Судовая калегія, як я разумею, можа пакінуць пастанову суда Ваўкавыскага раёна ў сіле або адмяніць яе. І ўжо новае судовае паседжаньне ў тым жа Ваўкавыскім судзе будзе разглядаць пытаньне падаўжэньня мне нагляду, калі абласны суд адменіць пастанову Ваўкавыскага суда. І не трэба быць шаманам, каб здагадацца, што новае паседжаньне суда па пытаньні падаўжэньня нагляду будзе прызначана на апошні дзень майго нагляднага тэрміну, на 6 жніўня. Адразу відаць ня скемілі і ў апошні момант вырашылі ўсё памяняць, інакш наогул не будзе магчымасьці падоўжыць нагляд. Ад нуля гадзін 7 жніўня, я вольны чалавек, і калі паўторны суд адбудзецца пазьней за 6 жніўня, то ён не зможа мне падоўжыць нагляд. Вось і ўся тактыка, вось чаму такая сьпешка», — піша Мікалай Аўтуховіч.

Як распавёў карэспандэнту Свабоды Мікалай Аўтуховіч, у Гарадзенскім абласным судзе будуць вырашаць альбо пакінуць у сіле рашэньне Ваўкавыскага суда альбо адмяніць яго.

«І калі адменяць, то Ваўкавыскі суд будзе зноў разглядаць справу. Я ведаю, што ім была каманда, каб мне нагляд працягнулі. І той факт, што яны сьпяшаюцца, што памянялі дату суда з 6-га на 5-га жніўня, сьведчыць пра тое, што яны заўтра адменяць рашэньне і 6-га мяне ўжо будзе зноў судзіць Ваўкавыскі суд. Бо калі тэрмін выйдзе і 7-га я буду вольны, то гэта ўжо не будзе працягам. Відаць вырашылі, каб я нідзе не блытаўся пад нагамі падчас выбараў», — сказаў Аўтуховіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG