Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «Забароненага Менску»: «У маім учынку няма палітычнай падаплёкі»


Менск з вышыні птушынага палёту. Фота расейскага блогера Дзьмітрыя Балакірава
Менск з вышыні птушынага палёту. Фота расейскага блогера Дзьмітрыя Балакірава

Расейскі блогер Дзьмітры Балакіраў зрабіў прыгожыя здымкі цэнтру Менску з вышыні птушынага палёту. Дзьмітры запусьціў квадракоптэр, маленькі бесьпілётны апарат з замацаванай камэрай, які праляцеў над цэнтрам сталіцы Беларусі, сфатаграфаваў адміністратыўныя будынкі, якія здымаць «не рэкамэндуецца», і выклаў здымкі ў інтэрнэт.

«Па вуліцах ходзіць міліцыя з дубінкамі. Будынак КДБ знаходзіцца недалёка ад нашага дома і ўзмацняе атмасфэру. У Менску ня так шмат месцаў, якія можна свабодна фатаграфаваць. А рабіць гэта з дапамогай квадракоптэра і зусім страшнавата. Але вельмі хацелася падзяліцца з вамі прыгажосьцю», — піша Дзьмітры Балакіраў у сваім блогу.

У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода Дзьмітры распавёў, што вандроўкі і здымкі з вышыні — гэта ягонае хобі. Сам ён жыве ў горадзе Чалябінску, працуе ў інтэрнэт-краме аўтамабільных тавараў.

— Дзьмітры, як вы трапілі ў Менск, чым ён вас прывабіў?

Дзьмітры Балакіраў
Дзьмітры Балакіраў

— Адзін мой сябрук — падарожнік, які аб’езьдзіў 89 краінаў сьвету і ніколі не бываў у Беларусі, — прапанаваў на выходныя зьезьдзіць у Менск. Такім чынам, для яго Беларусь стала 90-й краінай. А я быў у Беларусі праездам, у дзяцінстве, калі мы з бацькамі ехалі ў Нямеччыну. Таму мне было таксама цікава. Мы даляцелі з Чалябінску да Масквы, селі ў аўтамабіль і паехалі.

Былі вельмі ўражаныя сталіцай Беларусі. Па Менску перасоўваліся выключна пешшу, прайшлі, напэўна, кілямэтраў 60 па горадзе. Калі я гуляў па вуліцах, усё разважаў, як будзе называцца мая галоўная публікацыя. У галаве круцілася нешта такое: «Менск — горад-прыклад, узор для ўсёй Русі». Магчыма, мясцовыя жыхары нечым незадаволеныя, яны лепш ведаюць горад знутры, але з пункту гледжаньня шараговага турыста, абывацеля, горад мне вельмі спадабаўся: прасторны, чысты, зялёны, народ усьміхаецца, добразычлівы. Калі нешта спытаеш — заўсёды ветліва адкажуць, падзякуюць. Няма вялікай колькасьці назольнай, агрэсіўнай рэклямы, якой запаскуджаныя расейскія гарады.

Цэнтар гораду, сталінская забудова — гэта наагул адметна, праспэкты шырокія, вялікія адлегласьці, шмат прасторы. Шмат зеляніны, паркаў, усё чыста, сьмецьця няма.

Мы прасілі, каб нас звазілі ў самы занядбаны раён гораду. Нас павезьлі ў рабочы раён Шабаны. Мы былі гатовыя, што зараз пабачым нешта жудаснае, кшталту рабочых раёнаў нашага роднага Чалябінску, дзе ўсё ў заняпадзе. Але былі прыемна ўражаныя: усё заасфальтаванае, чыстыя двары, сьвежапафарбаваныя лаўкі, пэнсіянэры гуляюць у настольныя гульні, ніякіх разбураных будынкаў. Нам сябры хацелі паказаць нейкую развалюху, доўга мы блукалі, але так яе і не знайшлі — магчыма, яе адрамантавалі. Мне падалося, што вы, беларусы, ідэалісты і многае крытыкуеце. Але гэта таксама добра.

— Няўжо ўсё так ідэальна і ўсё-ўсё спадабалася?

— Мне, да прыкладу, не спадабалася ваша Нацыянальная бібліятэка з пункту гледжаньня архітэктуры, хоць зьверху яна выглядае прыгожа, квіткі, каб трапіць на аглядную пляцоўку, танныя.

Адзіны мінус, што мяне вельмі раздражняла, — гэта дазвол курыць у кавярнях, рэстарацыях, грамадзкіх месцах. Я ўжо настолькі прывык, што ў Расеі ня кураць у такіх установах, мне гэта было вельмі непрыемна.

— У панядзелак шмат якія беларускія сайты перадрукавалі ваш першы фотарэпартаж. У камэнтах многія захапляюцца здымкамі, вашай сьмеласьцю, а некаторыя выказваюць апасеньні, што дарма вы сваё прозьвішча і месца жыхарства пазначылі — маўляў, «чакайце гасьцей, прыйдуць — забяруць ваш верталёцік»...

— Магчыма, я пачаў публікацыю сэрыі сваіх рэпартажаў ня вельмі правільна — паказаў Менск з вышыні птушынага палёту. І сапраўды, ужо пачаліся дзіўныя скандальныя камэнты. У мяне не было ніякіх намыслаў, палітычнага падтэксту, я не хацеў нічога выкрываць, як пішуць у камэнтах. Я ўжо падрыхтаваў іншыя рэпартажы: пра стары Менск, пра цэнтар, пра мікрараёны. Так што я яшчэ шмат пра што распавяду. Праўда, я не хацеў ніякага скандалу.

— Напэўна, вы чыталі, што ў Беларусі былі такія выпадкі, калі людзі нешта здымалі, іх затрымлівалі, прымушалі выдаліць здымкі з карткі камэры. Ці не пабойваліся вы, што могуць быць непрыемнасьці?

— Напэўна, крыху пабойваўся. Таксама як і ваша моладзь, якая спрабуе даказаць абсурднасьць нейкіх забаронаў, я вельмі хацеў зрабіць здымкі на фоне будынку КДБ. Хацеў даказаць, хоць і з рызыкай для сябе, што ў гэтым няма нічога дрэннага. Тым больш што любы больш-менш прасунуты чалавек, які мае доступ у інтэрнэт, можа паглядзець у google.map Менск з вышыні. Калі ў чалавека нядобрыя намеры, яму хопіць гэтых мапаў, каб зьдзейсьніць свае пляны. Таму я хацеў паказаць абсурднасьць гэтых забаронаў. Можа быць нейкае рэгуляваньне, але не павінна быць жорсткіх забаронаў.

— Ну, а як вы зьдзейсьнілі сваю задуму? Адкуль, колькі гэта заняло па часе?

— Натуральна, я дзейнічаў вельмі акуратна, асьцярожна, хутка. Самі здымкі доўжыліся хвілін 10. Мой апарат узьляцеў вельмі рана зь ціхага дворыка, стартаваў рэзка вэртыкальна на вышыню прыкладна 100 мэтраў, зрабіў некалькі здымкаў, хутка прызямліўся. Я сабраў усе і імгненна сышоў. Я маю вельмі вялікі досьвед у такіх здымках, усё раблю вельмі хутка, стараюся не прыцягнуць да сябе ўвагі староньніх людзей, міліцыі, паліцыі. Я быў перакананы, што ўсё будзе добра, маю вялікі досьвед, здымаў так у многіх гарадах сьвету. Хоць, шчыра кажучы, больш люблю здымаць прыроду.

— А што сабой уяўляе ваш апарацік?

— Мой квадракоптэр — даволі дарагая прафэсійная мадэль, каштуе 3,5 тысячы даляраў, памерам як невялікі чамаданчык — можна праносіць у самалёт як ручную паклажу.

— А вынікам задаволены? Цяпер вы вядомая асоба ў Беларусі.

— Ведаеце, перад вандроўкай я зрабіў запыт «Менск з вышыні», убачыў у інтэрнэце фатаграфіі толькі з будынку бібліятэкі, і больш нічога. Я зразумеў, што жыхары ня бачылі свой горад неяк інакш. Мне не хацелася скандалу, такой увагі — мне хацелася паказаць менчукам іхні горад зь іншага ракурсу. Я проста хацеў зрабіць прэцэдэнт і парадаваць мясцовых жыхароў прыгожымі здымкамі іх роднага гораду. Каб у мяне быў час, можна было такую прыгажосьць зьняць — на досьвітку, на заходзе сонца! Паверце, у маім учынку няма ніякай палітычнай падаплёкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG