Беларускія прадпрыемствы пачалі перапрацоўку малочнай і мясной сыравіны з Эўразьвязу. З пачатку жніўня ў Беларусь з суседніх краінаў Эўразьвязу ўжо ўвезена каля трох тысяч тон пастэрызаванага малака і вяршкоў. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі не хаваюць, што закуп імпартнай малочнай сыравіны зьвязаны з падвышаным попытам на беларускую прадукцыю ў Расеі ў сувязі з увядзеньнем эмбарга па пастаўкі харчоў з шэрагу заходніх краінаў. Ці не атрымаецца, што Беларусь будзе займацца рээкспартам у Расею эўрапейскіх харчоў?
Беларускія малочныя прадукты папулярныя ў суседняй Расеі. Гэта прызнаюць нават расейскія канкурэнты беларускіх малочнікаў, у прыватнасьці выканаўчы дырэктар расейскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака «Саюзмалако» Арцём Бялоў:
«Беларускія малочныя прадукты — яны сапраўды вельмі добрыя, якасныя, натуральныя, вырабляюцца з высакаякаснага малака. Калі б яны былі нядобрыя, яны б не карысталіся ў Расеі такой папулярнасьцю».
Толькі за жнівень 2014 году экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў Расею вырас вырас на 7,2% — да 325 мільёнаў даляраў, у тым ліку пастаўкі сыроў павялічыліся ў 1,5 раза, цэльнамалочнай прадукцыі — у 1,9, масла — у 1,4 раза. І Беларусь гатовая павялічваць пастаўкі, было б толькі з чаго вырабляць. Дазволы на ўвоз малочнай сыравіны атрымалі ўжо 13 прадпрыемстваў, сярод якіх вядомыя брэнды: берасьцейскі «Савушкин продукт», ваўкавыскі «Беллакт», магілёўская «Бабушкина крынка», Бярозаўскі сыраробны завод, Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат ды іншыя.
Экс-міністар сельскай гаспадарскі Беларусі Васіль Лявонаў кажа, што перапрацоўка малака з Эўропы для Беларусі выгадная, да таго ж прадпрыемствы будуць вымушаныя мадэрнізавацца. Але Беларусь знаходзіцца ў адной эканамічнай прасторы з Расеяй, таму вымушаная паводзіць сябе адпаведна:
«Я лічу, што Беларусі гэта выгадна. Але калі мы ў адной прасторы, то павінны ўзгадняць гэтыя пытаньні з Расеяй. Натуральна, перапрацоўваць нам Расея ня можа забараніць. Але потым мы не павінны везьці ў Расею сыры, масла, тварог ды іншыя прадукты з таго малака, якое Расея забараняе».
Пакуль, што да малочнай прадукцыі, у расейскага боку прэтэнзіяў да беларускай прадукцыі не было. Выканаўчы дырэктар «Саюзмалака» Арцём Бялоў кажа, што ў Расеі сытуацыю ўважліва адсочваюць, каб з боку краіны-суседкі не было рээкспарту:
«Вядома, мы перш за ўсё зацікаўленыя ў тым, каб пастаўкі на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі ажыцьцяўляліся менавіта той прадукцыі і з той сыравіны, якія вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, таму што мы ўваходзім у Мытны саюз. Але, разам з тым, пакуль канкрэтных выпадкаў, што цяпер ёсьць пастаўкі на расейскі рынак малочнай прадукцыі, якая была вырабленая з замежнай сыравіны, у мяне пакуль няма. У тым выпадку, калі такія сытуацыі будуць праяўляцца на рынку і ў нас будуць абгрунтаваныя матэрыялы, вядома, будзем уважліва разьбірацца з гэтым пытаньнем».
Калі мы будзем браць усё, што Эўропа нам дасьць, то мы зможам праз 2–3 гады там узяць столькі малака, колькі самі вырабляем
Эмбарга на харчы з Эўразьвязу Расея ўвяла тэрмінам на год. І калі Беларусь істотна павялічыць перапрацоўчыя магутнасьці, будзе ствараць сумесныя прадпрыемствы, то можа атрымаць шмат праблемаў, калі расейска-ўкраінскія стасункі палепшацца, лічыць экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў:
«Калі мы будзем браць усё, што Эўропа нам дасьць, то мы зможам праз 2–3 гады там узяць столькі малака, колькі самі вырабляем. Бо яны ня ведаюць, куды сваё малако прадаваць. Магутнасьцяў для перапрацоўкі малака ў Беларусі больш чым дастаткова. Але тут ёсьць і іншая акалічнасьць. Калі спыніцца вайна ва Ўкраіне і гэтыя санкцыі адменяць, паўстае пытаньне: ці будуць эўрапейцы сюды везьці малако альбо будуць самі перапрацоўваць?»
Васіль Лявонаў зазначае, што цяпер у Беларусь зачасьцілі прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў суседніх краінаў Эўразьвязу — Літвы, Латвіі, Польшчы — са спакусьлівымі прапановамі, але ён спадзяецца, што беларускія чыноўнікі ня будуць гнацца за хвіліннай выгадай, а пралічаць усе варыянты на пэрспэктыву.