Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія перавозьнікі выйшлі на акцыю праз закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю, але рух не блякавалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Вільні 15 лістапада літоўскія перавозьнікі правялі акцыю праз закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю і праблемы, якія ўзьніклі праз гэта для бізнэсу і перавозьнікаў.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, удзельнікі акцыі сказалі, што сабраліся не на пратэст і не на мітынг, а каб зьвярнуць увагу ўладаў на праблемы сваіх калег, якія захрасьлі ў Беларусі пасьля закрыцьця мяжы, а таксама на неабходную дапамогу дзяржавы літоўскаму бізнэсу.

Грузавікі стаялі на стаянцы паблізу аднаго з дарожных колаў на праспэкце Канстытуцыі.

«Гэта не пратэст, а жалоба. Мы прыехалі, каб разам зь іншымі выпіць кавы, пасмуткаваць, што нашы цягачы засталіся без прычэпаў, без працы. Можна сказаць — флэш-моб», — сказаў журналістам адзін з удзельнікаў акцыі.

У Асацыяцыі перавозьнікаў Linava назвалі гэтую акцыю «ініцыятывай асобных людзей», якія не ўзгаднялі свае дзеяньні з арганізацыяй.

«Падзеі апошніх тыдняў выклікалі ў перавозьнікаў вялікі эмацыйны і фінансавы ціск, таму мы разумеем іх разчараваньне і напружаньне. Аднак цяпер асабліва важна захоўваць спакой, дзейнічаць адказна і не выступаць зь ініцыятывамі, якія могуць няправільна інтэрпрэтаваць або выкарыстоўваць супраць сэктара», — адзначылі ў асацыяцыі Linavа.

  • Урад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG