Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прыватныя прадпрыемствы банкрутуюць, а дзяржаўныя — не?


Фота Shutterstock
Фота Shutterstock

Беларускія эканамічныя суды заваленыя справамі пра эканамічную няздатнасьць суб’ектаў гаспадараньня. Паводле афіцыйнай статыстыкі, па выніках першага паўгодзьдзя заяваў аб прызнаньні ўстановаў рознай формы ўласнасьці банкрутамі цяпер на разглядзе блізу 2 тысяч. Паказальна, што абсалютную іх бальшыню складаюць арганізацыі прыватнай формы ўласнасьці. Чаму недзяржаўныя структуры не вытрымліваюць выпрабаваньня рынкавым сацыялізмам?

Паводле дадзеных на 1 ліпеня, у вытворчасьці беларускіх судоў знаходзіцца больш за 1870 спраў аб банкруцтве. Прычым прыватнікі ў гэтай колькасьці складаюць ажно 98%. Чаму такая дыспрапорцыя? Як кажа старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, гэткая карціна — рэальнае адлюстраваньне беларускай эканамічнай мадэлі:

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Існуе пэўная няроўнасьць што да банкруцтва прыватных суб’ектаў гаспадараньня і дзяржаўных. Прыкладам, для таго каб збанкрутаваць прыватнае прадпрыемства, павінны быць даўгі ў сто базавых велічыняў. А ў адносінах да дзяржаўнага прадпрыемства гэта ўжо тысяча. Так што няцяжка спрагназаваць, што прыватнікаў у статыстыцы будзе больш і з гэтай прычыны таксама. Ну, і, як паказвае практыка, калі дзяржава імкнецца за любы кошт ратаваць свае прадпрыемствы, нават на шкоду сабе, то прыватнік, калі бачыць, што яго бізнэс не дае прыбытку, ён амаль што без аніякага шкадаваньня зь ім разьвітваецца. Апроч таго, калі ўважліва паглядзець, то з тых больш як 200 тысяч суб’ектаў гаспадараньня, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, абсалютная большасьць — прыватнай формы ўласнасьці».

Назвы бальшыні стратных прадпрыемстваў, адносна якіх аформленыя вытворчыя справы, нічога ня скажуць нават экспэртам, але ёсьць і добра вядомыя шараговым спажыўцам. Прыкладам, акцыянэрнае таварыства «Брэсцкае піва», Быхаўскі кансэрвава-гароднінасушыльны завод ці Бабруйскі завод напояў. Дзеля справядлівасьці, пытаньне аб ліквідацыі гэтых прадпрыемстваў, у якіх кантрольнымі пакетамі валодае дзяржава, не стаіць. Яны атрымаюць антыкрызіснага ўпраўляючага і будуць шукаць шляхі выйсьця з эканамічнага тупіка.

Паказальна, што некаторыя прадпрыемствы дзяржава «да ручкі» і давяла. Так, на «Брэсцкім піве» наракаюць, што калектыў ня даў рады акцызнаму цяжару, у выніку чаго кошт піва рэзка вырас і прадукцыя стала неканкурэнтаздольнай. Пры гэтым пускаць на завод замежных інвэстараў, як зрабілі іншыя бровары, мясцовыя ўлады адмаўляюцца. Тым часам агульная запазычанасьць берасьцейскіх півавараў перавысіла 90 мільярдаў рублёў.

Раз-пораз дзяржава робіць спробы ўлагодзіць сытуацыю, неспрыяльную для недзяржаўнага сэктару, ініцыюючы на паперы палёгкі для шматлікай арміі прыватнікаў. У прыватнасьці, як істотны крок падавалася ідэя зьнізіць памер падатку на прыбытак для вытворцаў — каб такім чынам стымуляваць актыўных людзей займацца не перапродажам, а вытворчасьцю. Але, як кажа старшыня Cаюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгі Бадзей, мэханізм спагнаньня падаткаў складзены такім чынам, што бізнэсоўцаў «абдзіраюць» яшчэ да таго, як яны нешта вырабяць:

Георгі Бадзей
Георгі Бадзей

«Увогуле, калі мы гаворым пра пазыцыю прадпрымальнікаў — я маю на ўвазе ня тых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія сядзяць на рынках, гандляроў, а перадусім вытворцаў — то зьніжэньне падатку на прыбытак ад 18% да 12% трэба разглядаць як крок нібыта станоўчы. Па ідэі, яно павінна як быццам спрыяць разьвіцьцю вытворчасьці, таму што падатак на дададзеную вартасьць спаганяецца з пакупніка. Але каб гэта спаганялася, прыкладам, у розьнічным гандлі, як падатак з продажаў, то вытворцы б былі толькі шчасьлівыя. Але паколькі тут у нас такая сыстэма, што вытворцы мусяць спачатку ўсё падчыстую аплаціць, а толькі потым зьбіраць, дык, канечне, гэта ня вельмі іх задавальняе. Ці, дакладней, будзе задавальняць, калі гэтае зьніжэньне ўрэшце рэалізуецца».

Адхілены асабіста Аляксандрам Лукашэнкам некалькі гадоў таму стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» Марат Новікаў перакананы, што ў беларускіх дзелавых людзей няма ніякіх рычагоў узьдзеяньня на дзяржаву, таму страціць справу ды маёмасьць рызыкуе практычна кожны рэзыдэнт, не зважаючы на заслугі і рэгаліі:

Марат Новікаў
Марат Новікаў

«Наша была стратэгічная памылка, што мы будавалі прадпрыемствы, раскручвалі іх, давялі да ўсясьветнага ўзроўню (перадусім па ўпакоўцы), але не паклапаціліся, каб перастрахавацца на выпадак бесцырымоннага захопу бізнэсу. Калі сёньня ўзяць любы камунараўскі і спартакаўскі выраб, то ён створаны 5–6 гадоў таму, старога ўвогуле нічога не засталося. А цяпер я калі бываю ў Эўропе і сустракаю былых калегаў, то яны кажуць: на фабрыках цяпер нават кадраў не засталося, ня тое што асартымэнту. Намі ўсё рабілася і раскручвалася, вядома, пад усясьветны ўзровень, пад міжнародны рынак. У Беларусі рынак сам па сабе маленькі, ён ёмісты. Да таго ж, у Беларусі небагатыя людзі на сёньняшні дзень. Таму галоўная мэта для любога вытворцы — рынак Расеі, блізкага замежжа, далёкага. На гэта стаўка і рабілася».

Як вынікае са статыстыкі, большая палова ад агульнай колькасьці спраў аб банкруцтве знаходзіцца на разглядзе ў судах Менску — 838. Астатнія прыпадаюць на рэгіёны. Пры гэтым долю дзяржаўнай уласнасьці ў статутным фондзе маюць толькі тры дзясяткі прадпрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG