З 16 ліпеня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьніжаецца да 20,5% гадавых. Аналітыкі падкрэсьліваюць: зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня звычайна цягне за сабой і зьніжэньне працэнтных ставак на банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях.
Ці выгадна цяпер насельніцтву трымаць рублі ў банках? Ці пабягуць людзі здымаць беларускія грошы альбо пераводзіць іх у валюту?
На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:
«Адназначна можна казаць: дэпазытныя працэнты ў банках на беларускія рублі будуць зьніжаныя. Справа ў тым, што ў многіх банках кліент, калі падпісвае дамову, то ў ёй замацоўваецца прывязка налічэньня працэнтаў да стаўкі рэфінансаваньня. Фармулёўка прыкладна такая: стаўка дэпазыту — гэта стаўка рэфінансаваньня плюс пэўная колькасьць працэнтаў. Таму тут адбудзецца аўтаматычнае зьніжэньне прыбытку кліентаў.
Як вядома, зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня — гэта сыгнал банкам пра зьніжэньне працэнтных ставак. Фармальна гэта не загад, а рэкамэндацыя. Але камэрцыйныя банкі ў такіх выпадках прыслухоўваюцца да рэкамэндацыяў Нацыянальнага банку.
А цяпер паглядзім на лічбы. Узровень інфляцыі ў краіне ў пераліку на год складае ўжо 20%. А стаўка рэфінансаваньня зьмяншаецца да 20,5%, то бок яна перавышае інфляцыю ўсяго на 0,5%. А гэта такая вельмі небясьпечная для ўкладчыкаў мяжа. Таму што можна праваліцца ў бок адмоўнай фінансавай палітыкі, калі інфляцыя перавысіць рэфінансаваньне.
Тое, што насельніцтва, асабліва тыя людзі, якія маюць буйныя ўклады, назірае за працэсам, гэта несумненны факт. Аналітыкі лічаць: ёсьць мяжа ў 30%, калі наступае час канвэртаваць рублёвыя ўклады ў валютныя. Калі прыбытак ніжэйшы, то працэс падзеньня рубля набірае моц. А сёньня рублёвыя ўклады даюць 32–33% прыбытку. То бок гэта дзесьці ля самой мяжы».
Гэта ўжо трэцяе сёлета зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня. Раней падобнае адбылося ў красавіку і траўні.
Як сьведчыць статыстыка, у сакавіку-красавіку прытоку рублёвых дэпазытаў у беларускія банкі фактычна не было. А ў траўні людзі нават забралі больш рублёў з банкаў, чым туды паклалі. Падобная сытуацыя была і летась. І тады камэрцыйныя банкі вымушаныя былі рэзка павялічыць працэнтныя стаўкі па дэпазытах.