Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слухалі Свабоду на лаўцы ля Дома афіцэраў, пад піва зь віном і кількай»


Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Многіх аўтараў допісаў на Свабоду па-ранейшаму трывожаць і непакояць драматычныя падзеі ў суседняй Украіне. І хоць пагроза расейскай агрэсіі на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласьцей апошнім часам зьменшылася, а Масква, насуперак апасеньням, не сарвала прэзыдэнцкіх выбараў — да міру і стабільнасьці ва Ўкраіне яшчэ далёка. На гэтую тэму — значная частка пошты Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага слухача Мікалая Радзевіча з Горадні. Ён зьвяртае ўвагу на тое, якой безабароннай аказалася кіеўская ўлада перад расейскай агрэсіяй. Прычыны гэтага слухач бачыць у тым, што ў 90-я гады ўкраінцы адмовіліся ад разьмешчаных на сваёй тэрыторыі ядзерных ракет. Ён піша:
Усе гэтыя так званыя „санкцыі“ Захаду супраць Расеі не дадуць ніякага рэальнага плёну. Гады праз тры пра іх усе забудуць
«Сытуацыя ва Ўкраіне зараз была б зусім іншая, калі б у свой час украінцы не аддалі ядзерную зброю ўзамен на нікчэмныя пустыя абяцаньні недатыкальнасьці, якія давалі імпэрыялістычныя дзяржавы: Расея, ЗША, Вялікабрытанія ды іншыя... Ну якім гарантам можа быць тая ж Брытанія, якая ў свой час спрычынілася да падзелу Індыі на тры часткі, а цяпер стала прытулкам для нарабаваных капіталаў розных лужковых, абрамовічаў ды іншых алігархаў... Ці ЗША, якія ўсю сваю гісторыю правялі ў захопах ды каляніяльных войнах, узбагаціліся на гэтым?

Усе гэтыя так званыя „санкцыі“ Захаду супраць Расеі не дадуць ніякага рэальнага плёну. Гады праз тры пра іх усе забудуць. Расея цяпер — зьвяно сусьветнага імпэрыялістычнага ланцуга, які глыбока інтэграваны ў сусьветную эканоміку. І буйны бізнэс, які фактычна кіруе сьветам, не пацерпіць, калі палітыкі замахнуцца на ягоную кішэню... Ды яно і ўжо бачна, як некаторыя заходнія палітыкі-міратворцы яўна падыгрываюць Расеі, апраўдваюць яе дзеяньні, абараняюць яе інтарэсы».

На пачатку 90-х гадоў ядзерную зброю аддала ня толькі Украіна — але і Беларусь, і Казахстан... Надта моцна ўпарціцца ў тых умовах ахопленыя крызісам слабыя савецкія рэспублікі, якія толькі што здабылі незалежнасьць, не маглі: яны цалкам былі залежныя і ад расейскіх паставак энэрганосьбітаў, і ад палітычнай падтрымкі Захаду. Дый ракеты тыя, строга кажучы, былі ня толькі іхнай уласнасьцю: не яны іх распрацоўвалі і абслугоўвалі, ня іхная была тэхналягічная база для вытворчасьці, для ўтылізацыі...

Што да сьцьвярджэньня пра тое, што санкцыі Захаду нібыта неэфэктыўныя і што заходнія імпэрыялісты пагодзяцца з расейскай экспансіяй, бо не захочуць цярпець эканамічныя страты. У тым і справа, спадар Радзевіч, што калі пагадзіцца з экспансіянісцкімі памкненьнямі Крамля, дык гэта прывядзе да краху ўсяго паваеннага сусьветнага ўладкаваньня, а значыць — да глябальнай нестабільнасьці і вялізных эканамічных стратаў. Так што ў патураньні такім паводзінам Расеі не зацікаўленыя ні палітыкі, ні буйны бізнэс. І супярэчнасьці, пра якія вы пішаце, — уяўныя.

Пра ўкраінскі крызіс і яго наступствы разважае ў сваім лісьце на Свабоду і наш слухач Андрэй Налівайка з Наваполацку. Акцэнтуючы ўвагу на праблеме заходніх санкцыяў супраць расейскага кіраўніцтва, ён піша:

«Захад павінен зразумець сваю сур’ёзную мэтадалягічную памылку ў справе санкцыяў супраць Расеі. Гэтыя санкцыі не павінны быць падобныя да маленькага ланцужка ці цацачных кайданкоў, якія лёгка разарваць адным рухам рукі... Яны павінны нагадваць удар цяжкай кувалды альбо стрэл з агнямёта. Толькі тады будзе толк. Увогуле, трэба забараніць пастаўкі з Захаду ў Расею любой тэхнічна складанай прадукцыі — усяго, што складаней за чайную лыжку... І адначасова рэзка павялічыць здабычу нафты, каб зьнізіць сусьветныя кошты на яе. Вось тады рэвалюцыйны выбух і наступны распад Расеі больш чым імаверныя.
Расея за пацалункі таннай нафты больш яму (Лукашэнку) ня дасьць. Так што могуць ажыцьцявіцца самыя жудасныя сцэнары
Што да Лукашэнкі, то, апошні раз вярнуўшыся з Масквы, ён загаварыў так, што стала зразумела: зь першапачатковай нэўтральнай пазыцыі вымушана пераходзіць на крамлёўскія рэйкі. Расея за пацалункі таннай нафты больш яму ня дасьць. Так што могуць ажыцьцявіцца самыя жудасныя сцэнары. Вельмі баюся, што ў выніку асаблівага выбару ў нас не застанецца. Давядзецца альбо ехаць ва Ўкраіну і ўступаць добраахвотнікам ва ўкраінскую армію, альбо — уцякаць на Захад і потым неяк выжываць падчас ядзернай зімы (калі толькі раней не ператворымся ў радыеактыўны попел)».

Выглядае, спадар Андрэй, што апакаліптычныя сцэнары ўсё ж пакуль заўчасныя. На адкрытае ўварваньне на паўднёвы ўсход Украіны Масква не наважылася: гэта ўжо відавочна. Сэпаратысты, якія разьлічвалі на інтэрвэнцыю, апынуліся ў складаным становішчы. Масавай народнай падтрымкі яны ня маюць; утрымаць уладу без расейскіх штыкоў — ня здольныя. Калі толькі кіеўскім уладам удасца сабраць больш-менш баяздольную армейскую групоўку і прафэсійна арганізаваць ейныя дзеяньні — лёс гэтых не такіх і шматлікіх груп баевікоў прадвызначаны.

Чаму Масква ў апошні момант спынілася, не адважылася кінуць ужо сканцэнтраваныя на мяжы войскі на Ўкраіну? Хоць многія і крытыкавалі заходнія санкцыі, пацьвельваліся зь іх — усё ж, выглядае, менавіта цьвёрдая і пасьлядоўная пазыцыя Захаду спыніла расейскія танкі. Прывід новай халоднай вайны, які набываў усё больш рэальныя абрысы, у канчатковым выніку сур’ёзна напалохаў крамлёўскіх валадароў.

Многія нашы слухачы ў гэтыя травеньскія дні павіншавалі Беларускую Свабоду з 60-годзьдзем. Уладзімір Цыбенка з Асіповічаў у гэтай сувязі апісаў свой багаты досьвед слуханьня замежных радыёстанцыяў. У сваім лісьце ён піша:

«У лютым наступнага году мне споўніцца 60: я — амаль равесьнік Беларускай Свабоды. Замежныя галасы пачаў слухаць у 15-гадовым узросьце. Гэта былі ў асноўным музычныя праграмы „Голасу Амэрыкі“ і ВВС. Аднаго разу там нават выканалі маю заяўку на песьню Гарысана „Something“. Я быў у захапленьні.

Калі стаў студэнтам Менскага палітэхнічнага інстытуту, пачаў зьбіраць вінілавыя кружэлкі замежных выканаўцаў. У гэтай сувязі самыя цёплыя ўспаміны зьвязаныя з румынскай службай Радыё Свабодная Эўропа. Яе ў нас было чуваць зусім няблага. Бывала, сядзеш зь сябрамі на лаўцы каля Дому афіцэраў ці на траве ў старым Траецкім прадмесьці, уключыш „Rock in concert“ з камэнтарамі Карнэла Кірыяка ці Раду Тэадора... Пад піва зь віном і кількай замежная музыка слухаецца вельмі добра: гэта намі ў Менску шматкроць было праверана.

Слухаў Радыё Свабода на рускай мове. А потым неяк выпадкова натрапіў на беларускую службу — і пачаў яе слухаць стала. Усе вашы перадачы мне падабаюцца.

...Вось я і прыплыў. Віншую зь юбілеем і жадаю посьпехаў у вашай высакароднай працы ў справе разлажэньня дыктатуры Лукашэнкі».
Для мяне беларускае Радыё Свабода — гэта прамень сьвятла ў нашым цёмным царстве
Цікавыя ўспаміны, спадар Уладзімер. Нашым маладзейшым слухачам гэта цяжка ўявіць. 70-я гады, разгар брэжнеўскага застою і татальнага кантролю андропаўскага КДБ. А малады Валодзя Цыбенка зь сябрамі з БПІ, расклаўшы на газэце «Правда» кільку і разьліўшы віно «Сонцадар» у скрадзеныя ля ўнівэрсаму «Цэнтральны» з аўтаматаў газаванай вады шклянкі, слухае Свабоду... І дзе? Ля Дому афіцэраў, за пяцьдзясят мэтраў ад рэжымнага аб’екта — будынку ЦК КПБ (цяперашняй адміністрацыі Лукашэнкі)!

Сёньня, спадар Уладзімер, ваша кілька ў гэтым месцы не праляжала б і трох хвілінаў. Рэжым тут цяпер зусім іншы: прынамсі паўтузіна супрацоўнікаў у форме няспынна дэфілююць па пэрымэтры ўсёй тэрыторыі. Тэарэтычна, і ў часы Машэрава ў гэтым месцы павінна было назірацца нешта падобнае. Але не назіралася... Хто іх ведае: можа, хаваліся? А відэакамэраў на будынках у той час не было: вось і не ўпільнавалі кільку ля сьценаў ЦК.

Свае віншаваньні даслаў Свабодзе і Мікола Валошчык зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Ён піша: «Рэгулярна слухаю Беларускую Свабоду яшчэ з таго часу, калі яна называлася „Вызваленьнем“. Тады яе страшэнна глушылі. Каб атрымліваць болей інфармацыі з заходніх крыніцаў, я нават самастойна вывучыў польскую мову. На польскай перадачы „Вольнай Эўропы“ можна было чуць дастаткова выразна..

Раней часта слухаў перадачы зь Нямеччыны, Англіі, ЗША. На жаль, цяпер у эфіры амаль усе яны змоўклі: усё перанесена у інтэрнэт. А якраз інтэрнэту ў мяне няма...

Для мяне беларускае Радыё Свабода — гэта прамень сьвятла ў нашым цёмным царстве. Выказваю самае шчырае, сардэчнае віншаваньне зь юбілеем! Найлепшыя пажаданьні здароўя, посьпехаў у працы і штодзённым жыцьці — усім супрацоўнікам!».

І яшчэ адзін кароткі віншавальны ліст — ад Анатоля Чачоткі зь Менску. Слухач піша:

«Беларуская Свабода — гэта яркае сьвятло ў зьніштажальнай цемры, якая накрыла нашу родную Беларусь. Веру, што сьвятло пераможа, а цемра — адступіць. Шчыра віншую ўвесь калектыў Свабоды з 60-годзьдзем! Здароўя ўсім і далейшых творчых посьпехаў!»

Дзякуй за гэтыя цёплыя віншаваньні вам, Мікола і Анатоль, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG