Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У маразы амэрыканцы — як французы пад Масквой у 1812 годзе»


Бостан, 3 студзеня 2014
Бостан, 3 студзеня 2014
У Злучаных Штатах трымаюцца рэкордныя за апошнія 20 гадоў халады. Найбольш нізкая тэмпэратура адзначана ў паўночных раёнах Сярэдняга Захаду. Паводле дадзеных Нацыянальнай мэтэаралягічнай службы, у штаце Паўночная Дакота зафіксавана тэмпэратура мінус 51 градус. Прычынай халадоў стала велізарная маса арктычнага паветра, якая прыйшла ў ЗША з Канады, дзе таксама былі пабіты тэмпэратурныя рэкорды.

Мы зьвязаліся з былой жыхаркай Менску Марынай Львовай, дырэктаркай International School of Advanced Learning, якая цяпер жыве ў Бостане, і распыталі яе пра адметнасьці амэрыканскай зімы.

Ганна Соўсь: Марына, для вас сьнег, маразы — добры напамін пра Беларусь. А як успрымаюць амэрыканцы халодную зіму? Гэта ўспрымаецца як катастрофа, навала, альбо як забава, магчымасьць адчуць асалоду ад іншага надвор’я?

Марына Львова: Як кажуць у нас на Бастоншчыне, it depends. Зразумела, ніхто ня мае цёплыя футры, як напрыклад я. У мяне іх нават два, яшчэ зь Беларусі. Па-другое, яны ўспрымаюць, што калі холадна, то трэба шмат апранацца. І выглядаюць прыкладна як французы пад Масквой у 1812 годзе. Яны надзяваюць усё, што ёсьць у хаце цёплае, некалькі швэдраў і гэтак далей. Але калі выпадае сьнег, усе радуюцца, таму што белыя Каляды ўсім даспадобы. Але так холадна, як цяпер я ня памятаю, каб было. Цяпер у Бостане мінус 20 градусаў паводле Цэльсію.

Соўсь: Вы ведаеце, як працуюць у Беларусі камунальныя службы — чысьцяць сьнег, пасыпаюць дарогі спэцыяльнымі сумесямі і гэтак далей. Наколькі аказаліся падрыхтаваныя адпаведныя службы да маразоў у Бостане?

Львова: Бостан — гэта ня Флорыда, і не Каліфорнія. Зразумела, падрыхтаваныя. Адзінае, што яны пачынаюць чысьціць сьнег, калі ён сур’ёзна выпаў на 15-20 сантымэтраў. Амэрыканцы ўспрымаюць сьнег як нейкую катастрофу. Усе школы зачыненыя, унівэрсытэты не працуюць. Я два дні працавала з дому, таму што ніхто нікуды ня ехаў. Мая поўнаправадная «Субару» можа ехаць па сьнезе, але я вырашыла, што калі можна працаваць з дома, то лепш працаваць дома. Вялікая праблема — парковачныя месцы, калі сьнег, ня можаш нідзе запаркавацца. Мы мелі некалькі сьнежных тыдняў летась, і ўпершыню. было забаронена выяжджаць на хуткасныя магістралі, калі гэта ня хуткая дапамога або пажарная служба. Сёлета вельмі холадна, незвычайна холадна.

Соўсь: Ці пануюць цяпер у амэрыканскім грамадзтве, так бы мовіць, апакаліптычныя настроі? Ці баяцца людзі рэзкай зьмены клімату, таго, што спраўдзяцца сюжэты блакбастэраў, кшталту фільму «Пасьлязаўтра»?

Львова: З маімі сябрамі амэрыканцамі мы пра гэта не гаворым, больш жартуем пра глябальнае пацяпленьне, дзе ж яно, калі так холадна. Апакаліптычнага настрою ў бостанскім грамадзтве ў маім асяродзьдзі няма. У СМІ таксама болей жартаў, чым жахаў.

Соўсь: Якое асноўнае адрозьненьне менскай і бостанскай зімы?

Львова: Бостанская зіма вельмі хутка мяняецца на вясну, а потым ізноў на зіму. У нас ёсьць жарт — калі табе не падабаецца клімат у Новай Англіі, то пачакай 10 хвілінаў. У Беларусі зіма трымаецца 3-4 месяцы, у Бостане зіма можа быць месяц, можа быць два тыдні, а можа і чатыры месяцы. Ніколі ня ведаеш, клімат у нас вельмі цікавы. Каму падабаюцца перамены, welcome to Boston.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG