Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Эўразійскі эканамічны саюз роўнавялікім партнэрам з Эўразьвязам?


21 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію мэдыям краін СНД. Якое агульнае ўражаньне ад гэтага выступу кіраўніка Беларусі? Якія пэрспэктывы постсавецкай інтэграцыі? Калі і як скончыцца «калійная вайна»?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.


Якія пэрспэктывы постсавецкай інтэграцыі?


Валер Карбалевіч: «Напярэдадні самітаў постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднаньняў Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію мэдыям постсавецкіх краін. Мерапрыемства цягнулася тры гадзіны. Падаецца, што менш за тры гадзіны ён з журналістамі цяпер не камунікуе. Якое вашае агульнае ўражаньне ад гэтага выступу?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Аляксандар Класкоўскі: «Амплюа гаспадара саміту СНД абавязвала Лукашэнку да аптымістычных заяваў адносна пэрспэктыў постсавецкай інтэграцыі. Ён нават перагнуў кій у гэтым пытаньні, калі заявіў, што Эўразійскі эканамічны саюз хутка стане роўнавялікім партнэрам з Эўразьвязам.

Але калі гаворка ішла пра нейкія канкрэтныя рэчы, дык тут у Лукашэнкі прарываліся шчырыя ноткі. Высьветлілася, што Лукашэнка трохі пакрыўджаны на Расею. Ён ня вельмі хоча дэлегаваць нейкія свае паўнамоцтвы наддзяржаўным органам. Таму ён і казаў, што мы ж дамаўляліся пра нейкую новую агульную грашовую адзінку, а нам хацелі падсунуць расейскі рубель. Маўляў, на такую інтэграцыю мы нязгодныя.

І, як заўжды, лёгікі ў ягоных развагах не было. Спачатку ён агучыў, відаць, загадзя падрыхтаваны тэзіс, што трэба нам з ЭЗ разам размаўляць, тады ў нас мацнейшая будзе пазыцыя. А вось, маўляў, асобныя краіны СНД вядуць сэпаратныя перамовы, часта на прыніжальных умовах. Мабыць, гэта каменьчык у гарод Украіны.

А празь нейкі час ён выступіў у ролі адваката Ўкраіны — маўляў, нічога страшнага Кіеў ня робіць. Бо Беларусь ня хоча страціць гандаль з Украінай, які для нас выгадны. Бо падчас нядаўняга візыту ў Менск украінскага прэм’ера Азарава ішла гаворка пра стварэньне сумесных прадпрыемстваў. І праз Украіну ў пэрспэктыве можна выскачыць з сваёй прадукцыяй і на эўрапейскія рынкі. Відаць, Лукашэнка хоча сядзець на двух крэслах».

Яўген Прэйгерман: «Гэта звычайны выступ у звычайным стылі Лукашэнкі. Там былі і рамантычныя ідэі. А калі гаворка ідзе пра канкрэтыку, то рамантыка зьнікала. Час ад часу адна ідэя ў яго супярэчыць іншай».


Новая перамоўная пазыцыя Менску


Карбалевіч: «Ужо два разы запар на прэсавых канфэрэнцыях Лукашэнка ўзгадвае, што Пуцін абяцаў: нібыта з 1 студзеня 2014 году Расея пачне гандляваць энэргарэсурсамі ў межах Адзінай эканамічнай прасторы без выняткаў. Калі перакласьці гэты тэзіс зь бюракратычна-дыпляматычнай мовы на звычайную, то Лукашэнка хоча, каб РФ прадавала Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах і Беларусь не пералічвала мыта за экспарт нафтапрадуктаў у расейскі бюджэт».

Прэйгерман: «Выглядае, што гэтае пытаньне становіцца галоўным у парадку дня Беларусі і Расеі. Зьяўленьне гэтага пытаньня выглядае лягічным. Бо інтэграцыя на постсавецкай прасторы — гэта абмен расейскіх энэргарэсурсаў на саюзьніцкі рэсурс Беларусі. Беларусь зрабіла вялікія крокі насустрач Расеі, пагадзіўшыся ўдзельнічаць у новым інтэграцыйным аб’яднаньні. А Масква крокаў насустрач не зрабіла. І нават у тэорыі, калі мы разважаем пра Мытны зьвяз, Адзіную эканамічную прастору, то такіх выняткаў быць не павінна».

Карбалевіч: «Ну чаму ж Масква не зрабіла крокаў насустрач? А тое, што Беларусь купляе вельмі танны газ, атрымоўвае нафту бяз мыта — гэта хіба ня крокі насустрач?»

Прэйгерман: «Але ж апэтыт прыходзіць падчас яды. Зь іншага боку, тое, што Беларусь атрымала ў апошнія два гады як плату за інтэграцыю, гэта Беларусь мела крыху раней, а потым страціла ў выніку беларуска-расейскіх канфліктаў».
Постсавецкая інтэграцыя ладзіцца „паводле паняткаў“

Класкоўскі: «Загана ў тым, што няма празрыстых правілаў гульні. Постсавецкая інтэграцыя ладзіцца „паводле паняткаў“. І Расея хітруе, і Беларусь хітруе. Спачатку РФ кажа, што мы здымаем усе бар’еры, а потым жаба пачынае душыць, шкада аддаваць танна энэргарэсурсы. Таму выняткаў і выключэньняў нагарадзілі так шмат, што іх ужо больш, чым правілаў.

Другая загана: Расея, не завяршыўшы адзін этап інтэграцыі, пачынае ладзіць новыя структуры: то Саюзную дзяржаву, то Мытны зьвяз, то Адзіную эканамічную прастору, то Эўразійскі эканамічны зьвяз. Ужо экспэрты заблыталіся. А Лукашэнка гэтым спрытна карыстаецца. Маўляў, калі вам гэта трэба, то праплочвайце. І задача беларускага кіраўніцтва сёньня — атрымаць перадаплату за чарговы этап „братняй інтэграцыі“. Калі даціснуць Пуціна ў гэтым пытаньні з мытам, то зьявяцца 4 млрд даляраў. І тады ня трэба ламаць галаву наконт таго, дзе ўзяць грошы на прэзыдэнцкія выбары».


Выкуп за закладніка


Карбалевіч: «Упершыню Лукашэнка растлумачыў, чаму ён не выпускае Баўмгертнэра. Высьвятляецца, што за закладніка Менск хоча атрымаць выкуп. І з-за гэтай праблемы Расея скараціла пастаўкі нафты ў чацьвёртым квартале і зацягвае з выдзяленьнем апошняга траншу крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Як вы пракамэнтуеце гэта?»

Прэйгерман: «Думаю, што чыньнік Баўмгертнэра — не адзіны ў тых беларуска-расейскіх супярэчнасьцях і з нафтаю, і з крэдытам. Тут Лукашэнка гуляе на расейскую аўдыторыю, якая ня любіць алігархаў.

Што да выкупу. Беларускае заканадаўства прадугледжвае матэрыяльную кампэнсацыю абвінавачаным як умову вызваленьня. Іншая справа, што з гэтага выйдзе. Вось расейскі „Камэрсант“ піша: „Уралкалій“ адмовіўся плаціць таму, што гэта было б прызнаньнем віны Баўмгертнэра».

Класкоўскі: «Цяпер прадстаўнікі Сьледчых камітэтаў Беларусі і Расеі чухаюць рэпу і думаюць, як выкруціцца з гэтай сытуацыі. Бо дасюль справа была на мазі. Яны падвялі юрыдычную базу, як выйсьці з сытуацыі, захаваўшы твар. Расеі перадалі 19 тамоў гэтай крымінальнай справы, суд у Маскве прыняў рашэньне аб завочным арышце Баўмгертнэра. То бок плянавалася, што яго перададуць у Расею, а там спусьцяць справу на тармазах. А заява Лукашэнкі гэта перакрэсьлівае і робіць новую ўводную. А магчыма, гэта экспромт, падвышэньне ставак у гульні: а раптам нешта выйграе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG