Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства архітэктуры абяцае спыніць рост цэнаў на жыльлё


Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва падрыхтавала законапраект, які абумовіць парадак цэнаўтварэньня ў галіне жыльлёвага будаўніцтва, а таксама ўдакладніць абмеркаваньне горадабудаўнічых праектаў з грамадзкасьцю. Пра гэта на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведаміў міністар Анатоль Нічкасаў.

Рост цэнаў на будоўлю жыльля — адна з галоўных праблемаў, якія непакояць грамадзтва і абмяркоўваюцца ў вышэйшых дзяржаўных структурах. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва абяцае спыніць гэтую тэндэнцыю ўжо ад наступнага году, паведаміў Анатоль Нічкасаў:

«Я ня буду казаць пра ўзровень інфляцыі, які ў 2011–2012 гадах разагнаў фактычныя і бягучыя кошты да цяперашняга ўзроўню. 1 студзеня 2014 году — тая дата, пасьля якой ніводзін праект у Рэспубліцы Беларусь ня будзе абмяркоўвацца паводле нейкіх іншых сыстэмаў: будзе існаваць толькі сыстэма каштарыснага цэнаўтварэньня, і сам каштарыс будзе выбудаваны паводле рэсурсных нормаў. А рэсурсны каштарыс будзе спыняць, стабілізаваць вось гэтую раскрутку, пра якую я казаў».

Яшчэ адна вострая праблема — горадабудаўнічыя праекты і іх адпаведнасьць інтарэсам грамадзян. Паводле Анатоля Нічкасава, неўзабаве мае набыць сілу новы законапраект у галіне жыльлёвага будаўніцтва, які таксама прадугледжвае больш жорсткі падыход да новабудоўляў з гледзішча ўзгадненьня іх з грамадзкасьцю. Падстава для гэтага — дзясяткі прыкладаў, калі грамадзяне пратэстуюць супраць ушчыльненай забудовы жылых кварталаў, забудовы гістарычных цэнтраў у гарадах, узьвядзеньня гаспадарчых комплексаў на шкоду гісторыка-культурным каштоўнасьцям.
Калі мы выстаўляем галоўнай мэтай будаўніцтва для людзей, то мы найперш павінны параіцца зь людзьмі — патрэбна ім гэта ці не

Нічкасаў: «Міністэрства архітэктуры ўнесла прапановы, каб зрабіць больш жорсткімі нормы заканадаўства аб грамадзкіх абмеркаваньнях. Гэтая тэма важная, яна актуальная ва ўсіх адносінах. Вядома, пры фармаваньні плянаў будаўніцтва мы грунтуемся на меркаваньнях спэцыялістаў, экспэртаў і гэтак далей. Але калі, прабачце мяне, мы выстаўляем галоўнай мэтай будаўніцтва для людзей, то мы найперш павінны параіцца зь людзьмі — патрэбна ім гэта ці не, парушаецца заканадаўства ці не — людзі хочуць гэта ведаць. Таму ў палажэньне аб грамадзкіх абмеркаваньнях ужо ўносяцца істотныя папраўкі».

Забаўляльны комплекс каля ўрочышча Курапаты, будоўля кітайскага тэхнапарку пад Смалявічамі, забудова Верхняга гораду ў Менску, ушчыльненьне жыльлёвай забудовы ў мікрараёне Ўручча і яшчэ дзясяткі падобных праектаў спарадзілі тыя ці іншыя канфлікты з грамадзкасьцю. Гэтых канфліктаў улады маглі б пазьбегнуць, калі б не парушалі заканадаўства, якое ёсьць ужо на сёньняшні дзень, кажа Віктар Янчурэвіч — каардынатар ініцыятыўных груп грамадзян, якія стварылі Менскае гарадзкое аб’яднаньне дзеля абароны сваіх правоў:

«Пытаньне, хутчэй за ўсё, да таго падыходу, які гарадзкія ўлады выкарыстоўваюць, прасоўваючы тыя ці іншыя праекты. На жаль, гэтыя праекты прасоўваюцца гэткім чынам, каб мінімальна задзейнічаць у прыняцьці рашэньняў мясцовых жыхароў. Людзі збольшага адсунутыя ад прыняцьця рашэньняў, і калі яны бачаць, што сытуацыя разьвіваецца не на іхную карысьць, то, натуральна, узьнікае канфлікт. А дзейнае заканадаўства тым часам дазваляе ўцягнуць у працэс прыняцьця рашэньня мясцовых жыхароў, але гарадзкія ўлады рознымі хітрыкамі стараюцца абыйсьці гэты парадак. Калі ў заканадаўстве будуць абумоўленыя мэханізмы, празь якія грамадзяне змогуць уплываць на прыняцьце рашэньняў, то гэта будзе пазытыўны крок. Калі ж дакладных мэханізмаў ня будзе, а толькі нейкія расплывістыя фармулёўкі, якія дазволяць па-рознаму тлумачыць нормы, то і практыка ні ў чым ня зьменіцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG