Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смалявіцкія дачнікі пра грамадзкія слуханьні: «Гэта чарговы фарс і прафанацыя»


Падчас абмеркаваньня ў Смалявіцкім райвыканкаме
Падчас абмеркаваньня ў Смалявіцкім райвыканкаме

Абмеркаваньне дэталёвага праекту забудовы Кітайска-беларускага парку, якое адбылося 24 ліпеня ў Смалявічах, выклікала сярод многіх удзельнікаў гэтых слуханьняў абурэньне і пратэст. Чым незадаволеныя самыя зацікаўленыя ў гэтай справе — дачнікі і мясцовыя жыхары?

Кіраўніцтва Кітайска-беларускага парку, галоўныя праектанты напачатку выступалі зь вялікімі дакладамі, спрабуючы пераканаць людзей, што празь некалькі гадоў тут будзе, як казаў паэт, «горад-сад»: да 2020 году ў новым горадзе будзе пражываць 30 тысяч жыхароў, спачатку тут зьявіцца жытло — больш за 11 тысяч кватэр і дамоў, а таксама інфраструктура — уключна з роварнымі дарожкамі, спортпляцоўкамі, палямі для гольфу, гатэлямі і казіно. І калі генэральны плян парку выконваўся з дапамогай кітайскіх інстытутаў, то, улічваючы пажаданьні грамадзкасьці, праект дэталёвай забудовы распрацаваны беларускімі адмыслоўцамі выключна паводле беларускіх нарматываў і нормаў, пераконваў першы намесьнік гендырэктара Кампаніі па разьвіцьці Кітайска-беларускага парку Кірыл Карацееў:

Кірыл Карацееў
Кірыл Карацееў
«Такім чынам, усе ахоўныя нормы ўлічаныя. Усе асноўныя вострыя пытаньні мы пастараліся згладзіць, каб разьмясьціць вытворчыя зоны, тое, што выклікае хваляваньні і перажываньні — усё гэта разьмешчана бліжэй да аэрапорту, у максымальнай аддаленасьці ад населеных пунктаў — у дадзеным выпадку гэта вёска Быкачына».

Каля вёскі Быкачына, як апавядала Радыё Свабода тыдзень таму, ужо высякаюць лес пад будаўнічую пляцоўку, што вельмі абурае мясцовых жыхароў і дачнікаў.

Вось дыялёг дачніка Леаніда Ракаўца і спэцыяліста па азеляненьні Алены Паўлавай:

«Пачынаючы ад дарогі М1 да аэрапорту ўвесь лес зьнішчаецца…»

«Але замест лесу саджаюцца іншыя пароды дрэваў. Для кожнай функцыянальнай зоны прапісана, наколькі яна павінна быць азялененая».

Не пачулі прысутныя, якія канкрэтна тут будуць прадпрыемствы, хто інвэстары, хто іх будзе будаваць і хто на іх будзе працаваць. На бальшыню пытаньняў па сутнасьці адмыслоўцы так і не адказалі — маўляў, «гэта тычыцца генпляну, а мы не яго абмяркоўваем». Пасьля трохгадзінных угавораў людзі пачалі абурацца:

«Як жа можна так ставіцца да народа, калі можна адным указам усе пажаданьні, усе просьбы народа закрэсьліць і зрабіць па-свойму? Які ж гэта ўрад народны? І ці для народа ён гэта робіць? Навоша нам кітайцы?» (Аплядысмэнты.)

Пасьля гэтага рытарычнага пытаньня слуханьні чыноўнікі згарнулі.

На ганку Палаца культуры дачніца Аксана Зелянеўская, якая прапанавала вынесьці пытаньне пра кітайскі тэхнапарк на рэфэрэндум, выказала такую думку:

Аксана Зелянеўская
Аксана Зелянеўская
«Незадаволеныя мы. Ніякіх слуханьняў не адбылося. Адбыўся чарговы фарс. Ніякай дэталёвай прапрацоўкі не было».

Карэспандэнтка: «Але ж гучалі вострыя пытаньні. Ці былі на іх адказы, якія б задаволілі народ?»

«Ніводзін адказ народ не задаволіў, ніводзін».

Карэспандэнтка: «А чаму так нэрвова чыноўнікі адказвалі і спынялі ўсе дыскусіі, казалі, што гэта, маўляў, не па тэме?»

«У іх ёсьць распараджэньне, у іх ёсьць указ, дзе дадзеныя прамыя ўказаньні, каб як мага хутчэй разгортваць будаўніцтва. Таму ў іх проста не было іншага выйсьця, як затыкаць раты».

Дарэчы, больш за ўсё ўдзельнікаў слуханьняў абурыла так званая «рэкрэацыйная зона» вакол Пятровіцкага вадасховішча, дзе будуць палі для гольфу, гатэль і казіно. Дачніца Вольга Корбут кажа:

«Я не зразумела, навошта мы сёньня зьбіраліся. Усе пытаньні па сутнасьці чамусьці абсякаліся. Увесь час вядучы казаў: „Вы не пра тое пытаецеся, мы ня тое абмяркоўваем“. А што мы абмяркоўваем? Калі пачалі распавядаць пра катэджную забудову з гольф-клюбамі, гатэлямі і казіно, я не зразумела: навошта гэта ўсё тут патрэбна?»
Хто вось з прысутных дачнікаў, мясцовых жыхароў будзе хадзіць у гольф-клюбы?

Мікалай, жыхар вёскі Лазовы Куст, побач зь якой плянуецца разьмясьціць тую рэкрэацыйную зону, кажа:

«Вось будуюць гольф-клюбы, казіно, элітныя катэджы. Хто вось з прысутных дачнікаў, мясцовых жыхароў будзе хадзіць у гольф-клюбы? Спорт надзвычай дарагі. Хто ў казіно будзе хадзіць? Колькі лесу высекуць? Няўжо вось гэтая лесапасадка, што ў пляне, заменіць паўнавартасны лес? Ды ніколі!»

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч, які ўжо пацярпеў за гэты парк, адседзеўшы 10 сутак за ўдзел у першым сходзе, падсумаваў:

«Гэта ня слуханьні, гэта прафанацыя. Перадусім, нельга праводзіць ніякіх абмеркаваньняў дэталёвых плянаў, пакуль ня зьнятыя ўсе пытаньні што да пляну генэральнага. Калі ёсьць пытаньні ў прынцыпе да легітымнасьці генэральнага пляну, ніякі плян дэталёвы абмяркоўваць проста нельга».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG