Да 2020 году на лячэньне хваробаў, зьвязаных з празьмернай вагай, будзе траціцца пятая частка ўсіх выдаткаў на ахову здароўя. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з каліфарнійскага Навуковага цэнтру ў Сатна Моніцы. Аб гэтым інфармуе чытачоў часопіс Health Affairs.
Доўгатэрміновыя наступствы атлусьценьня цяпер выглядаюць значна больш сур’ёзна, чым мэдыкі чакалі раней, і гэта зьвязана з ростам выпадкаў менавіта апошняй стадыі атлусьценьня, – сказаў часопісу Health Affairs адзін з аўтараў новага дасьледаваньня доктар Роланд Стурм. Тоўстыя людзі пажылога ўзросту у два разы часьцей маюць слабое здароўе і маюць у два разы больш хранічных захворваньняў. Ужо сёньня на лячэньне людзей з памяркоўным ці моцным атлусьценьнем траціцца на 44 працэнты болей грошай, чым на людзей з нармальнай вагай.
Каліфарнійскія мэдыкі падлічылі, наколькі атлусьценьне сярод пажылых людзей ўплывае на выкананьне імі элемэнтарных функцыяў. Напрыклад, мужчыны, якія маюць толькі памяркоўнае атлусьценьне, на 50 працэнтаў горш могуць купацца, есьці, займацца сваім выглядам, уставаць з ложка. А тыя, хто мае вялікую ступень астлусьценьня, наогул робяць гэта ў тры разы горш.
Навукоўцы з Санта Монікі таксама аспрэчылі адзін з ранейшых пастулятаў, што нібыта колькасьць тоўстых у сьвеце сярод старых людзей не павялічваецца. Амэрыканскія мэдыкі заўважылі іншую актуальную тэндэнцыю. Сапраўды, кажуць яны, колькасьць тоўстых ва ўзросьце больш за 65 гадоў не павялічваецца, затое яна рэзка расьце у групе людзей ад 50 да 65 гадоў.
Паралельна з вынікамі амэрыканскага дасьледаваньня новыя дадзеныя пра атлусьценьне ў часопісе Annals of Internal Medicine апублікавалі і галяндзкія мэдыкі. Вывучыўшы 3500 жыхароў амэрыканскага штату Масачусэтс, яны знайшлі, што лішнія кіляграмы ў людзей сярэдняга веку адымаюць столькі ж гадоў жыцьця, колькі і курэньне. У сярэднім чалавек ва ўзросьце 40 гадоў, якому ставіцца дыягназ атлусьценьне, рызыкуе памерці на 7 гадоў раней за здаровых людзей.
Яшчэ горш выглядае сытуацыя, калі атлусьценьне спалучаецца з курэньнем. Калі жанчына ў 40 гадоў пакутуе на атлусьценьне і курыць, яна рызыкуе памерці больш чым на 13 гадоў раней. У аналягічным выпадку мужчына рызыкуе страціць амаль 7 гадоў жыцьця. Прычына такой сытуацыі вядомая – менавіта празьмерная вага адказная за большасьць выпадкаў раку ды інфарктаў з інсультамі.
У лістападзе 2003 году было абвешчана, што больш за палову насельніцтва Беларусі мае лішнюю вагу. Паводле ацэнак мэдыкаў – гэта крытычная сытуацыя.
Кантроль за вагай вядзецца з дапамогай так званага індэксу масы цела. Ён разьлічваецца наступным чынам. Трэба вагу свайго цела падзяліць на квадрат свайго росту ў сантымэтрах. Атрыманая лічба і будзе індэксам масы вашага цела. Калі ён вагаецца паміж лічбамі 18,5 і 24,9 – вы маеце нармальную вагу, і рызыкі для здароўя няма. Калі ваш індэкс вагаецца паміж лічбамі 25 і 29,9 – вы маеце лішнія кіляграмы і падвышаную рызыку для здароўя. Калі вы маеце лічбу паміж 30 і 34,9 – гэта азначае атлусьценьне і высокую рызыку хваробы, індэкс да 40 азначае вялікае атлусьценьне і вельмі высокую рызыку для здароўя, а больш за 40 – гэта апошняя стадыя атлусьценьня і надзвычай высокая рызыка захварэць і памерці. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што вага розных людзей можа складацца з розных элемэнтаў. Неспартовы чалавек можа трапляць у нармальную катэгорыю паводле індэксу масы цела, але мець празьмерныя адкладаньні тлушчу, і наадварот, атлетычнага складу спартсмэн з накачанымі цягліцамі можа мець падвышаны індэкс масы цела, але ня мець лішняга тлушчу.
***
На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.
1. Нядаўна навукоўцы высьветлілі, што фізычная нагрузка падчас звычайнай працы ня мае такога ж карыснага ўзьдзеяньня на здароўе чалавека, як спартовыя практыкаваньні. Падчас экспэрымэнтаў аказалася, што маркеры здароўя ў тых людзей, для каго фізычная нагрузка зьяўляецца часткай працы, паказваюць значна меншы прагрэс, чым у тых, хто займаецца спортам наўмысна ў вольны ад працы час. Мэдыкі думаюць, што гэта можа быць зьвязана са зьмяншэньнем узроўню напружаньня ў вольны ад працы час. У кожным выпадку, RealAge нагадвае, што рэгулярныя фізычныя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.
2. Задумайцеся над тым, колькі часу вы траціце на прыём ежы. Лекары сьцьвярджаюць, што адна з прычынаў, чаму французы маюць значна меншую колькасьць тоўстых людзей у параўнаньні з амэрыканцамі, гэта даўжэйшыя застольлі. Французы ня толькі маюць меншыя порцыі ежы, але і ядуць доўга, атрымоўваючы асалоду ад страваў. Калі вы будзеце есьці павольна, пачуцьцё сытасьці зьявіцца значна раней. RealAge цьвердзіць, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
3. Калі вам трэба вырашыць нейкае цяжкае пытаньне, ня бойцеся легчы паспаць. Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня мэдыкі высьветлілі, што мозг людзей працягвае думаць над праблемай нават тады, калі чалавек сьпіць. Навукоўцы паставілі перад удзельнікамі экспэрымэнту задачу і дазволілі палове зь іх паспаць 8 гадзін. Пасьля аказалася, што тыя, хто спаў, у тры разы часьцей знайшлі рашэньне задачы ў параўнаньні з тымі, хто ня спаў. У выніку RealAge напамінае, што 6-8 гадзінаў сну ў дзень могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 3 гады маладзейшым.