“Калі хочаце прадухіліць балючую падагру, забудзьцеся пра чырвонае мяса і дарункі мора, а замест іх спажывайце малако і малочныя прадукты!” – гаворыцца ў справаздачы амэрыканскіх навукоўцаў, што была апублікаваная ў часопісе New England Journal of Medicine.
Шэраг агенцтваў і газэтаў зьмясьцілі паведамленьні і артыкулы пра гэтае адкрыцьцё пад загалоўкамі кшталту: “Малако дапамагае ад падагры”, “Рыба і мяса спрыяюць падагры, а малако засьцерагае ад яе”. Да такой высновы навукоўцы на чале з доктарам Гіёнам Чой з Гарвардзкага ўнівэрсытэту прыйшлі ў выніку абсьледаваньня 150 чалавек.
“Парада, каб пазьбягаць мяса і спажываць болей малака – ня новая. Ужо ў 17 стагодзьдзі рэкамэндаваў гэта філёзаф Джон Лок,” – заявілі ва ўводным слове да артыкулу Рычард Джонсан з Фларыдзкага ўнівэрсытэту і Брус Рыдаўт з Заалягічнага таварыства Сан-Дыега. “Цяпер жа мы мае першы навуковы доказ таго, што малочныя прадукты выдатна засьцерагаюць ад падагры,” – заявіў доктар Гіён Чой.
Падагра, якую таксама называюць артрытам або мачакіслым дыятэзам (artricic urica), гэта адна з найстарэйшых хваробаў, вядомых чалавеку. Сьляды падагры бачныя ў эгіпэцкіх муміях. Хварэлі на яе Аляксандар Македонскі, Мікэлянджэла, Леанарда да Вінчы, Марцін Лютэр, Ісаак Ньютан, Генрык VIII, Чарльз Дарвін, Фрэнсыс Бэйкан і Бэнджамін Франклін.
Падагра – гэта мэтабалічная хвароба, якая атрымала назву “хвароба каралёў” і “кароль хваробаў” альбо “арыстакратычная хвароба”. Назва не выпадковая, паколькі традыцыйна, на артрыт хварэлі і хварэюць заможныя людзі, у прыватнасьці Жыгмонт ІІІ Ваза, магнаты і ліцьвінская шляхта, людзі, якія добра харчаваліся. Але ж добра – гэта ня значыць – рацыянальна.
З часоў каралевы Боны пашыралася спажываньне садавіны, але ў Вялікім Княстве Літоўскім садавіна і гародніна прымаліся зь цяжкасьцю. Шляхта і магнаты традыцыйна аддавалі перавагу мясу. Гісторыкі мяркуюць, што дзённы рацыён складаў 5,500 калёрыяў, два рызы болей, чым насамрэч патрабуе арганізм.
Аб гэтым сьведчыць і наступны анэкдот. Малады шляхцюк паехаў у Італію па навуку. Аднак неспадзявана вярнуўся дамоў яшчэ перад зімой. “Я ня вытрымаў там,” – заявіў ён. “Мяне кармілі там нейкай травою, і я пабаяўся, што ўзімку мне прыйдзецца бы аслу жаваць сена”. Зразумела, дома, яго чакаў багаты стол зь печаным вепруком, каўбасамі і птушкай. Ёсьць нават старая ліцьвінская прымаўка: “Добрая італьянцу салата, а нам– кусок мяса-грата”.
У выніку сярод шляхты і магнатаў артрыт быў вельмі распаўсюджаны. Затое, хвароба амаль не сустракалася сярод бедных слаёў нашага грамадзтва, асабліва сярод сялян. Дадаткова, у мінулым сытуацыю ратавалі працяглыя пасты, якія ў сярэднім складалі 190 дзён на год, што было несьвядомай прафіляктыкай.
Заўважана, што людзі амаль не хварэлі на артрыт у часы вайны, голаду або ў канцэнтрацыйных лягерах. Затое цяпер, асабліва ў заможных краінах, колькасьць захворваньняў рэзка павялічылася. У самых Злучаных Штатах на падагру хварэюць 5 мільёнаў чалавек, пераважна мужчын сталага ўзросту і жанчын пасьля мэнапаўзы. Як правіла, мужчыны хварэюць на падагру 20 разоў часьцей, чым жанчыны.
У чым палягае сакрэт гэтай хваробы, і які мэханізм яе ўзьнікненьня? Першыя сымптомы падагры зьяўляюцца пераважна каля 30 году жыцьця, але бывае, што і раней. Яе выклікае парушэньне абмену бялкоў (пурынаў) у выніку чаго ў арганізьме назапашваецца мачавая кіслата, прадукт мэтабалізму пурынаў.
Звычайна ўзровень кіслаты павінен складаць 7 міліграмаў на дэцылітар у мужчынаў і 6 – у жанчын. Менавіта празьмерная колькасьць мачавой кіслаты, якой ныркі ня ўстане эфэктыўна выдаліць (гіпэрурыкэмія) зьяўляецца асноўнай прычынай падагры. Мачавая кіслата крышталізуецца ў выглядзе маленечкіх іголак, якія зьбіраюцца ў тканках зь меншай колькасьцю венаў, або цалкам абяскроўленых, у сухажыльлі і храсткох. Вось таму солі ў першую чаргу зьбіраюцца ў суставах, найперш ў суставах пальцаў ног і ступняў, каленяў, локцяў, але таксама ў мочках вушэй і ў меншай ступені – у цягліцах.
Хворае месца пухне, скура на ім нацягнутая і гарачая. У выпадку ног, немагчыма надзець аніякі абутак. Войстрае запаленьне выклікае нявыносны боль, гарачку, дрыжыкі, паскоранае біцьцё сэрца і пачуцьцё агульнай зьнясіленасьці і апатыі. Першыя напады падагры працягваюцца некалькі дзён, але з часам яны падоўжваюцца да некалькіх тыдняў і здараюцца ўсё часьцей. У іх выніку наступае незваротная дэфармацыя суставаў.
Артрыт – невылечная хвароба, але пры пэўных умовах зь ёю можна жыць, як кажуць, да самае сьмерці. Акрамя лекаў, асноўная ўмова – гэта адпаведная дыета. Трэба пазьбягаць страваў багатых бялкамі-пурынамі.
Навукоўцы з Гарвардзкага ўнівэрсытэту пацьвердзілі, што людзі, якія ядуць шмат чырвонага мяса, уключна з хатняй птушкай, а таксама вантробы, на 41% часьцей хварэюць на артрыт. Кожная дадатковая порцыя ялавічыны, сьвініны або бараніны павялічваюць рызыку падагры на 21%. Дадатковая порцыя прадуктаў мора, у тым ліку звычайных селядцоў і сардынак, павялічваюць гэтую рызыку на 7%, а ў мужчын з празьмернай вагай – яшчэ болей.
Затое 5 шклянак абястлушчанага малака ў дзень на 43% зьмяншаюць рызыку падагры. Калі штодзень выпіваць піва, верагоднасьць артрыту ўзрастае на палову, затое крыху меней ў выпадку мацнейшага алькаголю.
Амэрыканскія вучоныя разбурылі яшчэ адзін міт зьвязаны з тэрапэўтычным харчаваньнем у выпадку падагры. Дагэтуль рэкамэндавалася на роўні з мясам і рыбай пазьбягаць бабовых, аднак згодна з найноўшым дасьледваньнем, прадукты, такія як фасоля, гарох, грыбы, шпінат і цьвятная капуста ня шкодзяць.
Узровень мачавой кіслаты ў арганізьме выдатна зьніжаюць вішні, і ад нападаў падагры часткова засьцерагаюць трускалкі, чорныя ягады і сэлеры. У кожным разе, каб зьменшыць рызыку ўзьнікненьня падагры і чарговага нападу хваробы, амэрыканскія навукоўцы раяць пазьбягаць смажаных і печаных страваў, харчавацца рэгулярна, ня есьці перад сном і кантраляваць вагу.