Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі крок у барацьбе з атлусьценьнем


Кастусь Бандарук, Прага

Ад празьмернага атлусьценьня пакутуюць мільёны людзей ува ўсім сьвеце, пераважна ў разьвітых краінах, а для Злучаных Штатаў атлусьценьне – гэта сапраўдная нацыянальная праблема. Вось чаму ў ЗША найболей інтэнсіўна распрацоўваюцца новыя мэтады барацьбы з празьмернай вагою. Спэцыялісты з мэдычнага цэнтру Тэхаскага ўнівэрсытэту ў Даласе на чале з прафэсарам Роджэрам Унгерам апісалі ў навуковым часопісе “Proceeding of the National Academy of Science” неспадзяванае адкрыцьцё: пад уплывам гармону, званага лептынай, тлушчавыя клеткі зьмяняюцца ў прагных энэргіі пажыральнікаў тлушчу і пазбаўляюцца сваіх запасаў.

Доўгія гады лічылася, што атлусьценьне – гэта вынік нездаровага харчаваньня. Толькі адкрыцьцё ў 1994 годзе лептыны адкрыла навукоўцам вочы, і яны пачалі лічыць атлусьценьне хваробаю. Рэч у тым, што на атлусьценьне уплывае ня толькі пераяданьне, але й гены. Лептыну вырабляюць тлушчавыя клеткі. Кроў заносіць лептыну ў мозг, і там гэты бялок рэгулюе апэтыт. Лептына стрымлівае жаданьне есьці, калі запасы тлушчу вялікія, і ўзмацняе апэтыт, калі тлушчу замала. Калі ген, які праграмуе лептыну, функцыянуе дрэнна, і чалавек, і грызуны пачынаюць пераядаць і таўсьцець. Праўда, ёсьць яшчэ й іншыя чыньнікі, з прычыны якіх носім дадатковыя кіляграмы: у спадчыну перадаецца хуткасьць абмену рэчываў і колькасьць тлушчавых клетак.

У дарослага чалавека з нармальнай вагою прыблізна 30 мільёнаў тлушчавых клетак. Іхная колькасьць і велічыня прадвызначаюць нашую мінімальную вагу. Калі харчаваньня ўдосталь, тлушчавыя клеткі напаўняюцца й акругляюцца, бы балёнчыкі. Іх вельмі цяжка схіліць да пахудзеньня, бо яны ахвотней павялічваюцца, затое цяжэй і неахвотна зьмяншаюцца. Яны проста гэтак запраграмаваныя, каб назапашваць на горшыя часы тлушч у выглядзе так званых “тройгліцэрыдаў”. Але голад, як правіла, не надыходзіць, і чалавек пачынае таўсьцець. Разам з узростам расьце колькасьць тлушчавых клетак і іх велічыня. У людзей з празьмернай вагою колькасьць тлушчавых клетак можа дасягаць ста мільёнаў. Тлустыя шарыкі могуць крыху зьменшыцца, але ніколі ня зьнікнуць цалкам, таму трэба вельмі ўважліва сачыць за сваёю вагою.

Аднак аказалася, што ўсё ж можна прымусіць тлушчавыя клеткі зьмяніць свае звычкі. Вучоныя вядуць дасьледаваньні на пацукох. У кровазварот пацукоў былі запушчаныя бясшкодныя вірусы, якія перанесьлі ген лептыны ў печань. Тады печань пачала вырабляць бялок, які аказаўся разбуральным для тлушчавых клетак. Пад уплывам лептыны зь печані гэтыя клеткі імгненна худнелі, зьмяншаліся, але пры гэтым узбагачаліся новымі мітахондрыямі, нечым накшталт мініятурных электрастанцыяў, адказных за вытворчасьць энэргіі. Новыя мітахондрыі перапрацоўвалі лішкі тлушчу. За два тыдні пасьля ўколу з генам лептыны лябараторныя пацукі схуднелі на адну траціну – з 300 да 200 грамаў.

На жаль, у часе дасьледаваньня не ўдалося ўстанавіць, чаму менавіта лептына, узьніклая ў печані, уплывае на пахудзеньне. Сваім хімічным складам яна не адрозьніваецца ад той лептыны, якая вырабляецца ў саміх тлушчавых клетках. Бялок, што ўзьнікае і ў печані, і ў тлушчавых клетках пабудаваны з аднолькавага ланцуга амінакіслотаў. Яны адрозьніваюцца хіба што толькі хімічнай апрацоўкаю. Гэта значыць, што лептына абкладзеная рознымі хімічнымі элемэнтамі ў залежнасьці ад месца, у якім яна была вырабленая, – патлумачыў прафэсар Роджэр Унгер. Пацукі, якіх лячылі з дапамогаю лептыны, не вярталіся да ранейшай вагі. Іх не абмяжоўвалі ў харчаваньні, яны былі здаровыя й актыўныя ў адрозьненьне ад тых грызуноў, якія, не атрымаўшы ўколу зь лептынаю, проста недаядалі. Тыя, каго прымусілі галадаць, увесь час шукалі ежы і не маглі засяродзіцца ні на чым іншым.

Найноўшае адкрыцьцё вучоных пракладае новы шлях у пошуках леку супраць атлусьценьня. Вядома, калі гэты мэтад будзе скарыстаны на людзях, трэ будзе зьмяніць спосаб падачы лептыны. Вірусная тэрапія не бярэцца пад увагу, бо мы яшчэ ня ведаем усіх пагрозаў, зьвязаных з ужываньнем вірусаў пры лячэньні людзей. Можна падаваць ачышчаны бялок ва ўколах, але прыйдзецца рабіць 4-6 уколаў за суткі. Укласьці гармон ў таблетку таксама немагчыма, бо лептына – гэта бялок, і калі яна апынецца ў страўніку, арганізм паставіцца да яе так, як і да лусьціка з сырам – проста ператравіць. Выглядае, што гармон трэба ўліваць проста ў кроў. “Не зважаючы на ўсе гэтыя недахопы, мы атрымалі новую зброю ў барацьбе з атлусьценьнем, і трэба толькі навучыцца яе ўжываць”, – кажуць амэрыканскія навукоўцы.

А зараз – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі “Real Age”.

– Багатай крыніцаю антыаксыдантаў зьяўляецца фасоля. У кубку фасолі таксама 15 грамаў карыснай для арганізму клятчаткі, значная колькасьць калію, фоліевай кіслаты й магнію. Калі, аднак, з прычыны гэтых складнікаў вы спажываеце фасолю, найлепш выбірайце цёмную, чырвоную або карычневую фасолю – яна больш карысная за белую.

– Калі ў вас праблемы з крывяным ціскам або высокі ровень халестэрыну, вы павінны часьцей піць сок з грэйпфрутаў. Згодна з дасьледаваньнямі, гэты сок зьмяшчае ў сабе флаваноід, званы нарынгінам. Ён дапамагае арганізму засвойваць калій, які ўплывае на ровень крывянога ціску, і статыны, адказныя за ровень халестэрыну ў крыві.

– Калі вы ў старэйшым веку, вітаміны могуць засьцерагчы вас ад хваробы Альцгаймэра. Дасьледаваньні паказваюць, што пасьля 65 гадоў вітаміны E і C выдатна зьніжаюць рызыку захворваньня на гэтую хваробу. Багатая крыніца вітаміну Е – гэта расьлінны алей і арэхі. Вітаміну С шмат у цытрусавых, у чорных парэчках, зялёнай пятрушцы і кіслай капусьце. Аптымальная доза названых вітамінаў – 400 міліграмаў вітаміну Е і 800 вітаміну С у дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG