Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаровы сьмех – найлепшы лек


Кастусь Бандарук, Прага

Ужо ў ліпені сёлета мы пазнаёмілі Вас з дасьледаваньнямі амэрыканскіх вучоных, якія прыйшлі да высновы, што нашыя настроі і эмоцыі непасрэдна ўплываюць на фізычнае здароўе. Нядаўна навукоўцы засяродзіліся на сьмеху і весялосьці. Вучоныя ўсур’ёз паставіліся да вядомай пагаворкі, што “сьмех – найлепшы лек”, і даказалі, што гэта праўда. Калі б існаваў лек, які гэтак карысна ўплываў бы на здароўе, што і сьмех, фармацэўтычныя кампаніі спаборнічалі б паміж сабою за права выключнае права на яго вытворчасьць. Аказалася, што сьмех дае ня толькі кароткатрывалае добрае самаадчуваньне і дапамагае пераадолець розныя недамаганьні. “Сьмех – гэта асноўная рыса чалавечага характару. Дзеці нараджаюцца сьляпымі і нямымі, але ўсе яны сьмяюцца ў аднолькавай сытуацыі, напрыклад калі іх казытаць”, – лічыць прафэсар Дэвід Ўорбартэн. Ён кіраваў буйнамаштабным дасьледаваньнем ўплыву сьмеху і весялосьці на здароўе чалавека. У экспэрымэнце ўдзельнічалі каля 100 навукоўцаў з Унівэрсытэтаў Юта і Мэрыленд.

Якім чынам сьмех узьдзейнічае на наш арганізм? Навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў часе сьмеху задзейнічаныя 53 розныя цягліцы, а ў арганізьме адбываецца цэлы шэраг карысных хімічных рэакцыяў.

“Сьмех дапамагае ў цяжкіх сытуацыях, такіх, як хвароба. Усе дасьледаваньні паказваюць, што ў добрым настроі чалавек здаравее хутчэй”, – кажа Шэрыл Ўільямс з анкалягічнай клінікі Ўнівэрсытэту Лома Лінда. Пры кожным нападзе весялосьці мозг зьмяншае вытворчасьць нэўрагармонаў стрэсу – адрэналіну і картызолу. Гэта ў сваю чаргу прыводзіць да ўмацаваньня імуннай сыстэмы і зьніжэньня крывянога ціску. Існуе сувязь паміж стрэсам і звужэньнем артэрыяў, што прыводзіць да інфаркту. У шэрагу клінікаў праводзяцца тэрапеўтычныя забаўляльныя праграмы і існуюць адпаведна падабраныя зборы вясёлых коміксаў і відэастужак, а шпіталі запрашаюць клоўнаў. “Мы ня ўпэўненыя, што добра прымушаць чалавека сьмяяцца, калі яму не да сьмеху, але людзі павінны зразумець, што варта самім ўтаймоўваць сваю прыгнечанасьць і злосьць”, – кажа д-р Майкл Мілер з Унівэрсытэту Мэрыленд.

Асноўны мэханізм дабратворнага ўзьдзеяньня весялосьці й сьмеху на здароўе палягае ў тым, што арганізм выдзяляе шмат эндарфінаў, гармонаў шчасьця і добрага настрою. Добрае самаадчуваньне падаахвочвае да актыўнага ладу жыцьця, а гэта ў сваю чаргу дапамагае ў барацьбе з такімі хваробамі, як бяссоньне, астма і артрыт. Падчас сьмеху павялічваецца вытворчасьць імунаглабіну А і лімфацытаў Т, якія зьнішчаюць бацылы грыпу, насмарку ды іншых, інфэкцыйных хваробаў. У часе бестурботнага рогату павялічваецца вытворчасьць лейкацытаў, якія зьнішчаюць ракавыя клеткі. Навукоўцы пераканаліся, што пацыенты з натуральным пачуцьцём гумару, меней падатлівыя на сардэчна-сасудзістыя хваробы. Сьмех павялічвае колькасьць кіслароду ў крыві і забясьпечвае лепшую вэнтыляцыю лёгкіх. Гэтае апошняе надзвычай важнае для курцоў.

Вучоныя падлічылі, што адна хвіліна сьмеху замяшчае 45 хвілінаў адпачынку. Людзі з пачуцьцём гумару таксама ў меншай ступені адчуваюць боль. Шырока ведамы выпадак амэрыканца Нормана Кузінса, які хварэў на запаленьне хрыбта і ўжо ня мог вытрымаць ад болю. З дазволу лекараў ён пасяліўся ў гатэлі, акружыўся вясёлымі сябрамі, слухаў анэкдоты і глядзеў камэдыі. У адзін дзень ён прачнуўшыся са зьдзіўленьнем заўважыў, што ў яго нічога не баліць. Свой выпадак ён апісаў у кнізе “Анатомія хваробы”.

Сярэднестатыстычнае дзіцё сьмяецца 400 разоў у дзень, аднак дарослы чалавек – усяго 17 разоў. Спэцыялісты занепакоеныя тым, што мы сьмяемся ўсё меней і меней, хаця сацыёлягі ведаюць, што гэта не ад добрага жыцьця. Аднак вучоныя, у прыватнасьці, заснавальнік Цэнтру Сьмеху ў Галяндыі Д’ян Саторыюс лічаць, што сьмех павінен быць натуральны і здаровы. Гэта ня можа быць так званы “ пусты сьмех”, але сьведамае прымірэньне зь невясёлай рэчаіснасьцю, у якой мы ўсё роўна не губляем аптымізму.

Экспэрты перасьцерагаюць, што сьмех у прынцыпе добры, аднак далёка не заўсёды і ня ў кожнай сытуацыі. Нельга правакаваць да сьмеху парадзіху, бо можна выклікаць заўчасныя роды, ні пацыента са зламанымі рэбрамі або сьвежымі швамі. Дрэнна ўспрымаецца весялосьць лекара, які паведамляе пацыента пра ягоную невылечную хваробу, журналіста, калі гаворыць пра ахвяры землятрусу, сьмех актора ў ролі Гамлета або ўдавы на паховінах мужа. Раздражняе і выклікае пачуцьцё крыўды іранічны, зьедлівы і прыніжальны сьмех, калі не сьмяюцца, але высьмейваюць чыйсьці ляпсус, бяздарнасьць ці брыдоту. Людзей раздражняюць вечна задаволеныя весялуны, якія працягваюць жарты і анэкдоты нават тады, калі ўсе астатнія ўжо заняліся працай.

Таму трэба зважаць на сьмех, уласны і чужы. Калі мы сьмяемся зь іншых і калі сьмяюцца з нас, калі мы хочам сьмяяцца і ня можам і калі мы сьмяемся, хаця няма з чаго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG