Зьявілася надзея для людзей з пашкоджаным тварам, зьнявечаным ракам, агнястрэльным раненьнем або апёкамі. Амэрыканскія вучоныя гатовыя да трансплянтацыі тканак твару зь нябожчыка жывому чалавеку.
Група амэрыканскіх вучоных цьвердзіць, што ў тэхнічным пляне яны цалкам гатовыя ажыцьцявіць перасадку твару зь мёртвага чалавека – жывому.
Гэта паваротны момант ў гісторыі хірургіі, які некаторыя лічаць сапраўдным цудам, аднак іншыя кажуць, што гэта агідная і сумнеўная працэдура. Для некаторых твар памерлага, на якім потым зьявіцца жывая ўсьмешка іншага чалавека, выглядае як атрыбут зь фільмаў жаху. Іншыя настойваюць на тым, што такая радыкальная апэрацыя на шмат лепшая, чым жыцьцё з тварам, зьнявечаным у выніку раку, раненьня або апёкаў.
Ёсьць таксма некаторыя тэхнічныя і сацыяльныя праблемы. Наколькі твар будзе падобны на твар “донара”? Ці будзе выгляд твару натуральным? Ці вытрымаюць пацыенты жыцьцё на прэпаратах, якія прадухіляюць адверганьне чужароднай тканкі іхнай сыстэмай?
Галоўны прыхільнік апэрацыі, доктар Джон Бэйкер, загадчык катэдры плястычнай хірургіі ва ўнівэрсытэце ў Луісвілі, заявіў на канфэрэнцыі, што адбылася ў Лёндане 19 лістапада аб тым, што хірургічныя праблемы зьвязаныя з трансплянтацыяй, ужо даўно пераадаоленыя.
“Восем гадоў таму, калі ўжо была распрацаваная хірургічная мэтодыка, заставлася толькі прадэманстраваць, што тканкі твару, перш за ўсё скура, ня будуць адрывацца. Сёньня праблема заключаецца толькі ў тым, каб сабраць групу спэцыялістаў, выбраць пацыента, правесьці апэрацыю і сачыць за пацыентам пасьля яе,” – заявіў Бэйкер у адным з інтэрвію.
Сучасныя мэтады выпраўленьня сур’ёзных дэфэктаў твару зьвязаныя з выкарстоўваньнем тканак зь іншых частак цела, і неаднойчы прыходзіцца праводзіць каля 100 апэрацыяў, каб гэтыя тканкі прыняліся, нармальна выглядалі і функцыянавалі. Бэйкер цьвердзіць, што гэты мэтад нашмат болей складаны, чым трансплянтацыя чужых тканак твару, пры якой патрабуецца ўсяго некалькі апэрацыяў, а канчатковы вынік будзе значна лепшы.
Бэйкер нагадаў аб пасьпяховай трансплянтацыі кісьці рукі. Калі першая падобная апэрацыя была зробленая новазэляндцу Клінту Голему ў 1998 годзе ў Францыі, прэса ледзь не ашалела, хаця з тэхнічнага пункту гледжаньня гэтая апэрацыя была адносна простая, нават прасьцейшая, чым адпрацаваная працэдура прышываньня сваёй рукі, якую людзі часта губляюць у выніку няшчасных выпадкаў.
“Гэтак званая аднаўляльная хірургія займаецца гэтымі праблемамі ўжо 20-30 гадоў,” – кажа Бэйкер. У мэдычнай літаратуры апісаныя некалькі выпадкаў, калі пацыенты атрымлівалі вельмі цяжкія траўмы твару, а затым тканкі былі пасьпяхова адноўленыя хірургічным шляхам. Два гады таму група Бэйкера падала дасьледніцкую ўправу (мясцовую экспэртную групу) заяўку, у якой апісваліся перавагі і рызыка апэрацыяў трансплянтацыі тканак твару. Падача заяўкі азначае, што група гатовая да правядзеньня апэрацыяў.
Аднак трансплянтацыя цягліцаў і скуры твару выклікае больш эмацыйныя водгукі, чым трансплянтацыя кісьці рукі. “Твар – гэта чалавек,” – кажа Бэйкер. Для пазнавальнасьці й ідэнтыфікацыі чалавека твар важнейшы, чым любая іншая частка цела. Твар вельмі істотна ўплывае на тое, як нас успрымаюць іншыя людзі,” – дадаў ён.
Навукоўцы сутыкнуліся з шэрагам маральных дылемаў. Ці становіцца іншым чалавекам той, хто атрымаў твар чужога чалавека? Ці не схавае новае аблічча непаўторную індывідуальнасьць чалавека, ці ня зьменіць ягоны лёс? І нарэшце, ці вонкавая зьмена не закране самую глыбінную душу чалавека? Магчыма, найболей сур’ёзнае пытаньне заключаецца ў тым, ці захоча хто-небудзь аддаць свой твар іншаму.
Праўдападобна, першымі пацыентамі стануць ахвяры апёкаў – людзі, у якіх косьці твару засталіся непашкоджаныя. Без трансплянтацыі іхныя тканкі твару будуць пакрытыя шрамамі, якія скажаюць зьнешні выгляд і робяць немагчымым усьмешку ды іншую міміку. Аднак перш, чым правесьці такую апэрацыю перасадкі, неабходна вырашыць некалькі практычных пытаньняў. Бэйкер мае на ўвазе падбор групы спэцыялістаў, у якую павінны ўвайсьці ня толькі лекары, што займаюцца аднаўляльнай хірургіяй, але таксама сацыёлягі і псыхіятры. Пошук донара, як прызнае доктар Бэйкер, таксама будзе нялёгкім, як і ў выпадку іншых трансплянтацый. “Калі ж мы маем справу з чалавечым тварам, гэта будзе нашмат цяжэй,” – кажа Бэйкер.
А зараз – мэдычныя парады Real Age:
– Какава лепш засьцерагае ад раку, чым чырвонае віно – сьцьвярджаюць навукоўцы з Карнэльскага ўнівэрсытэту. Яны параўналі колькасьць антыаксыдантаў, якія засьцерагаюць ад раку і сардэчна-сасудзістых хваробаў у трох напоях: какаве, зялёнай гарбаце і чырвоным віне. Раней меркавалася, што найболей антыаксыдантаў у віне, аднак аказалася, што ў какаве іх ў два разы болей, а ў параўнаньні зь зялёнай гарбатай– болей у тры разы. Навукоўцы раяць, што ў сувязі з гэтым ня варта цалкам адмаўляцца ад гарбаты і віна, але аптымальная камбінацыя, гэта: гарачая какава зранку, зялёная гарбата ў поўдзень, і шклянка чырвонага віна ўвечары.
– Сачыце за памерамі свайго жывата і вагой, бо з гэтым зьвязаная рызыка захворваньня на дыябэт. Навукоўцы даказалі, што празьмерная вага спрыяе дыябэту другога тыпу (набыты дыябэт). Сядзячы лад жыцьця, атлусьценьне, высокі ўзровень халестырыну і падвышаны крывяны ціск – усё гэта павялічвае рызыку дыябэту. Не давярайце розным “цудоўным” дыетам, але пасьлядоўна адмаўляйцеся ад тлустай ежы і салодкіх, газаваных напояў, а таксама рэгулярна займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі, найперш хадзьбою і плаваньнем.
– Калі Вы хочаце лепш засвоіць нейкія веды, трэба добра выспацца. З дасьледваньняў вынікае, што людзі лепш здаюць экзамэны пасьля таго, як яны добра выспаліся, чым тое, хто спаў коратка і неспакойна. Хранічнае недасыпаньне выклікае шэраг праблемаў, актывізуе гармоны стрэсу, аслабляе пільнасьць, памяць і канцэнтрацыю. У залежнасьці ад ўзросту, рэкамендуецца спаць як мінімум ад 6 да 8 гадзінаў у суткі, найлепш заўсёды ў той сам час.