Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВІЛЬНЫ АБУТАК МОЖА ПАДОЎЖЫЦЬ ВАШАЕ ЖЫЦЬЦЁ


Сяргей Абламейка, Прага

Днямі чэскія навукоўцы з унівэрсытэту імя Тамаша Баці ў горадзе Зьлін апублікавалі вынікі ўнікальнага дасьледаваньня, якое ня мае аналягаў у Эўропе. За два гады яны абсьледавалі 10 тысяч маладых людзей ва ўзросьце ад 3 да 19 гадоў. Абсьледаваньне ахапіла 14 гарадоў Чэскай Рэспублікі. Цягам яго навукоўцы вывучалі стан здароўя ніжніх канцовін дзяцей.

Лекары высьветлілі, што ўжо ў гэтым узросьце дзеці маюць 14 розных тыпаў пашкоджаньня і хваробаў ног. Сярод іх такія, як плоскаступнёвасьць, скрыўленьне пятак, розныя формы мазалёў, дэфармацыя пальцаў і касьцей ступакоў. Адна з удзельніц дасьледаваньня, доктарка Паўла Шчасна, заявіла, што большасьць са знойдзеных дэфэктаў праяўляецца толькі праз 20-30 гадоў у форме больш цяжкіх хваробаў. Асноўнай прычынай гэтых праблемаў у дзяцей аўтары дасьледаваньня лічаць няякасны абутак і адсутнасьць агульных стандартаў для вырабу здаровага абутку.

Ва ўмовах рынкавай эканомікі не існуе дакладнай статыстыкі, колькі ў той ці іншай краіне прадаецца дзіцячага абутку. Лекары ўважаюць, што ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы прыблізна палова дзяцей носіць няякасны і ненармаваны абутак, выраблены ў азіяцкіх краінах. І гэта яны ўважаюць адной з прычынаў кепскага стану здароўя дзяцей.

Адзін з аўтараў дасьледаваньня Пэтэр Главачэк заявіў, што тое, які абутак носяць людзі ў дзяцінстве, уплывае на працягласьць іх жыцьця. Асабліва гэтае правіла дзейнічае ў дыябэтыкаў. Высьветлілася, што дыябэтыкі са здаровымі нагамі маюць сярэднюю працягласьць жыцьця значна даўжэйшую, чым тыя зь іх, хто мае хваробы ног, – кажа Пэтэр Главачэк. Паводле статыстыкі, 30 працэнтаў мужчын і 50 працэнтаў жанчын, хворых на цукроўку, абуваюцца няправільна, гэта значыць купляюць нязручны абутак. Людзі часта выбіраюць сабе няправільны памер, часьцей за ўсё – замалы. У выніку нават дробных пашкоджаньняў ног у іх разьвіваюцца ўскладненьні, якія вельмі часта заканчваюцца ампутацыямі і сьмерцю ў наступныя пяць гадоў.

Пры гэтым трэба ўлічваць той факт, што ў сучасным сьвеце колькасьць хворых на дыябэт імкліва расьце. У Чэхіі, напрыклад, у 2007 годзе хварэць на цукроўку будзе кожны дзясяты жыхар. Амэрыканская дыябэтычная асацыяцыя нядаўна заявіла, што палова народжаных сёлета ў Злучаных Штатах дзяцей захварэе пазьней на дыябэт! Так што праблема правільнага абутку для дзяцей і хворых на дыябэт выглядае асабліва актуальнай.

Што датычыць Беларусі, дык тут па-ранейшаму дзейнічаюць абутковыя дзяржстандарты. Самыя строгія нормы тычацца дзіцячага абутку. Напрыклад: дзіцячы абутак для самых маленькіх павінен рабіццца толькі з закрытай пятой. Колькасьць мілімэтраў абцаса таксама строга рэгулюецца. За бясьпекай абутку сочыць Навукова-дасьледчы інстытут гігіены. Што тычыцца абутку, які прывозяць так званыя "чаўнакі" на камэрцыйныя рынкі, то яго, з аднаго боку, паводле закону трэба сэртыфікаваць, але, зь іншага – Пастанова № 314 вызваляе гандляроў аб абавязковай сэртыфікацыі абутку. І калі ўлічыць, што большасьць насельніцтва набывае танны абутак менавіта на рынках, ёсьць небясьпека, што людзі набываюць сабе і дадатковыя праблемы са здароўем.

Выйсьце чэскія навукоўцы бачаць у сэртыфікацыі дзіцячага абутку, бо нават у Эўрапейскім Зьвязе не існуе адзінага стандарту для дзіцячага абутку і абутку для дыябэтыкаў. Таму яны прапануюць стварыць адзіны стандарт для ўсёй Эўропы, паколькі эўрапейцы ў антрапалягічным сэнсе вельмі блізкія паміж сабой.

***

А зараз традыцыйныя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы маеце расстройства страваваньня, вы можаце сур’ёзна аблегчыць сваю долю некалькімі кавалачкамі чырвонага перцу. У адным нядаўнім дасьледаваньні высьветлілася, што такія праблемы страваваньня, як надзіманьне кішэчніку і пачуцьцё яго перапаўненьня, можна лёгка зьняць, дадаўшы ў ежу чырвоны перац у любым выглядзе – сьвежы, або і ў працёртым парашку. RealAge сьцьвярджае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на цэлых 12 гадоў маладзейшым.

2. Калі вы будзеце часьцей паказваць свайму каханаму чалавеку, як шмат ён значыць для вас, вы зробіце вялікую карысьць і для яго, і для вашага здароўя. Падчас дасьледаваньня высьветлілася, што пакрыўджаны грубым словам партнэр, у той ці іншай ступені адказваў празь некалькі дзён тым жа. А тыя, хто пачуваўся ацэненым сваім партнэрам, плаціў яму тым самым. RealAge сьведчыць, што доўгатэрміновыя любоўныя адносіны могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 з паловай гадоў маладзейшым.

3. Летняю парой людзі значна больш ядуць зеляніны і салатаў. Гэта добрая нагода дадаць у талерку зь зелянінай троху соі. Гэты прадукт можа ўзбагаціць ваш арганізм фоліевай кіслатой, якая зьмяншае рызыку сардэчных хваробаў, у першую чаргу ішэміі. RealAge нагадвае, што разнайстайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на карысныя рэчывы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG