Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму эўрапейцы хварэюць на дыябэт радзей за іншых і што супольнага гэта мае са сьмерцю Ёгана Сэбаст’яна Баха?


Кастусь Бандарук, Прага

Ці прычынай сьмерці Ёгана Сэбаст’яна Баха была таямнічая эпідэмія, якая ў 18-м стагодзьдзі прайшла праз Эўропу? Так, кажуць навукоўцы, але дзякуючы гэтаму, цяпер эўрапейцы здаравейшыя за астатніх жыхароў плянэты. Партрэт Баха незадоўга да ягонай сьмерці, твар і рукі, а таксама весткі пра паступовую страту зроку дазваляюць меркаваць, што кампазытар памёр на дыябэт. Прычынай сьмерці кампазытара цікавіліся ня толькі гісторыкі музыкі, але і эпідэміёлягі. Гэта дапамагло ім вытлумачыць, чаму на дыябэт хварэюць ўсяго 2% эўрапейцаў. Для параўнаньня, у Злучаных Штатах на гэтую хваробу хварэюць 13% афраамэрыканцаў, 17% лацінаамэрыканцаў і ажно да 50% белых амэрыканцаў. Агулам у сьвеце на дыябэт хварэюць 150 мільёнаў чалавек. Сваё тлумачэньне розьніцы ў колькасьці захворваньняў ў розных краінах і рэгіёнах сьвету зьмясьціў на старонках навуковага часопісу “Nature” прафэсар Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе Джарэд Дайманд. Паводле яго, адказу на пытаньне аб прычыне сьмерці Баха трэба шукаць не ў Нямеччыне, але на невялікай высьпе ў Ціхім Акіяне.

Вядома, што да разьвіцьця цукровай хваробы спрычыняюцца ня толькі гены, але і нездаровы лад жыцьця ды харчаваньня. Калі ў пачатку 1950-х гадоў паветраным мастом у Ізраіль былі перавезеныя 47 тысячаў габрэяў зь Емэну, хапіла ўсяго 20 гадоў высокакалярыйнага заходняга харчаваньня, каб колькасьць захворваньняў на цукровую хваробу ўзрасла з 4% да 13%. Процілеглая сытуацыя здарылася падчас аблогі Парыжа ў 1870-71 гадох. У часе, калі харчы выдавалі па талонах і людзі галадалі, колькасьць захорваньняў на дыябэт упала амаль да нуля. Жыхары сельскіх раёнаў Новай Гвінэі да сёньняшняга дня ня ведаюць, што такое цукровая хвароба, затое хварэюць 37% іхных сваякоў, якія перасяліліся ў гарады. Падобная сытуацыя назіраецца ў Афрыцы, Паўдзённай Амэрыцы, Аўстраліі і на выспах у Ціхім Акіяне. Прафэсара Дайманда зацікавіла адна зь іх.

З прычыны неспрыяльнага клімату, частых засухаў і неўраджайнай зямлі жыхарам выспы Наўру часта даводзілася галадаць. Аднак ў 1906 годзе на высьпе былі выяўленыя фасфаты, і ў 1922 годзе пачалася эксплюатацыя радовішчаў. Калі фірма пачала плаціць жыхарам выспы пэўны адсотак ад сваіх прыбыткаў, узровень іхнага жыцьця раптоўна падвысіўся. Неўзабаве, зь сярэднім прыбыткам 22,5 тысячы даляраў на аднаго жыхара Наўру, яны сталіся аднымі з найбагацейшых у сьвеце. Цяпер насельнікі выспы найтаўсьцейшыя і маюць найвышэйшы крывяны ціск сярод жыхароў ціхаакіянскага рэгіёну.

Хаця першы выпадак цукровай хваробы быў зафіксаваны на высьпе Наўру ў 1925 годзе, сёньня на дыябэт хварэе кожны трэці жыхар да 20-га году жыцьця і дзьве траціны – пасьля 50-га. Цягам апошніх гадоў колькасьць хворых на высьпе пачала зьмяншацца, але не таму, што яны раптам перайшлі на здаравейшы лад жыцьця, але таму, што хворыя пачалі выміраць. На думку праф. Джарэда Дайманда, на высьпе Наўру адбылася найбольш раптоўная ў гісторыі зьява натуральнай сэлекцыі. Чаму, аднак, прырода дазволіла, каб гены схільнасьці да цукроўкі перадаваліся цягам стагодзьдзяў? На гэтае пытаньне навукоўцы далі даволі неспадзяваны адказ: дзякуючы гэтаму жыхары Наўру ўвогуле дажылі да 20-га стагодзьдзя.

Ужо раней навукоўцы выявілі, што хворыя на анэмію маюць большы імунітэт супраць малярыі. Адсюль яны прыйшлі да высновы, што існуе група генаў, якія спрычыняюцца да разьвіцьця нейкай хваробы, але ўзамен даюць чалавеку нейкую карысьць. Вучоныя назвалі іх “эканомнымі генамі”. Але якая можа быць карысьць ад іх? На думку праф. Дайманда, адказ на гэтае пытаньне даюць тыя ж жыхары Наўру. У мінулым яны часта недаядалі, але ў выжываньні ім дапамагалі менавіта “эканомныя гены”. Гены выкліклі назапашваньне тлушчу ў часе, калі хапала ежы, а гэта дазваляла людзям перажыць галодны пэрыяд. Большасьць жахароў выспы, якія дажылі да 20-га стагодзьдзя, мелі гэтыя “эканомныя” гены. Аднак, калі наўруцяне пачалі карыстацца здабыткамі заходняй цывілізацыі, гэтыя гены паказалі свой горшы бок – схільнасьць да дыябэту.

Падобная гісторыя здарылася з індзейцамі з племені піма ў ЗША. Калі ў 19-м стагодзьдзі белыя асаднікі зьмянілі цячэньне рэкаў, якія арашалі палі індзейцаў, гэтыя паляўнічыя і земляробы пачалі галадаць, а выжылі толькі носьбіты “эканомных” генаў. Калі ў 20-м стагодзьдзі племя піма пачало харчавацца, як і астатнія жыхары ЗША, сярод іх распачалася эпідэмія дыябэту. Цяпер на гэтую хваробу хварэе больш як палова індзейцаў піма.

Застаецца пытаньне: чаму адносна рэдка на дыябэт хварэюць эўрапейцы? Вядома, што ў сярэднявеччы нашыя продкі часта галадалі, а з голадам ўдалося справіцца толькі паміж 17-м і 20-м стагодзьдзем. На думку праф. Дайманда, менавіта тады праз Эўропу пракацілася “ціхая” эпідэмія дыябэту. Яна і забіла большасьць носьбітаў “эканомных” генаў, якія дазволілі перажыць пэрыяд недаяданьня, і таму яны не пасьпелі перадаць іх наступным пакаленьням. Пераход ад голаду да адноснага дабрабыту ў Эўропе працягваўся ня 10-20 гадоў, але некалькі стагодзьдзяў. Дзякуючы гэтаму, эпідэмія дыябэту не была такая раптоўная. Каб правесьці натуральную сэлекцыю сярод жыхароў Наўру або індзейцаў піма, ёй хапіла двух пакаленьняў, тады як у Эўропе яна пашыралася паволі з 15-га да 18-га стагодзьдзя. Паводле дасьледчыкаў, з прычыны гэтай эпідэміі ў 1750 годзе памёр адзін з найзнакамітшых кампазытараў сьвету Ёган Сэбаст’ян Бах.

А зараз найноўшая парада мэдычнай арганізацыі Real Age, датычная дыябэту.

Пажадана пачаць Вашую ежу з лусты цэльназерневага хлеба і невялікай колькасьці аліўкавага алею. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, расьлінны алей, найлепш аліўкавы, а таксама прадукты, багатыя клятчаткай, могуць прадухіліць дыябэт і зьнізіць узровень цукру ў крыві ў тых, хто ўжо захварэў. Першыя сымптомы дыябэту другога тыпу, ня спадчыннага, але набытага, – гэта частая смага, сухасьць у роце і частае аддаваньне мачы. Разьвіцьцю дыябэту спрыяе атлусьценьне, адсутнасьць фізычнай актыўнасьці, нізкі ўзровень так званага “добрага” халестэрыну, а таксама генэтычная схільнасьць да захворваньня. Як мага часьцей спажывайце менавіта цэльназерневы, жытні або пшанічны хлеб, паколькі менавіта ў ім найбольшая колькасьць клятчаткі, якая дапамагае ў барацьбе з дыябэтам. Дзякуючы цэльназерневым прадуктам, Ваш біялягічны ўзрост можа быць на 3,5 году маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG