Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карысьць памяркоўнага харчаваньня ды іншае


Кастусь Бандарук, Прага

Абмежаваньне колькасьці калёрыяў, як і посныя дні, прымушае клеткі арганізму ствараць імунітэт ад стрэсу, а гэта, у сваю чаргу, засьцерагае ад старэньня і невылечных захворваньняў. Да такой высновы прыйшла група вучоных з амэрыканскага нацыянальнага Геранталягічнага дасьледчага цэнтру ў Балтыморы на чале з Маркам Мэтсанам. Магчыма, гэта ўмацоўвала здароўе людзей ў мінулым. “Да трохразовага харчаваньня ў дзень людзі прыйшлі ў працэсе эвалюцыі адносна нядаўна. Праўдападобна, часта людзі былі вымушаныя цэлымі днямі абыходзіцца бязь ежы”, – кажа Марк Мэтсан.

У мышэй, якія ў адзін дзень зьядаюць падвойную порцыю, а на наступны дзень не ядуць нічога, дасьледчыкі адзначаюць такое-ж паляпшэньне здароўя, як і ў жывёлаў, у якіх павелічэньне працягласьці жыцьця дасягаецца з дапамогай дыеты зь меншай колькасьцю калёрыяў. Ніхто не прапануе людзям прытрымлівацца аналягічнай сыстэмы, – гаворыцца ў навуковым часопісе “New Scientist”, – аднак дасьледаваньне пацьвярджае, што абмежаваньне колькасьці спажываных калёрыяў запускае нейкі абарончы мэханізм, а ня толькі зьмяншае шкоду, спрычыненую арганізму тым, што ў мэтабалізьме ўдзельнічае меншая колькасьць харчаваньня. Калі гэта спраўды так, дык магчыма, існуюць спосабы ўключаць гэты абарончы мэханізм без асабліва цяжкой дыеты.

Аднак, сярод вучоных няма аднадумнасьці наконт таго, ці карысная такая дыета для сучаснага чалавека. Мышы, якіх асудзілі на такую строгую дыету пры канцы жыцьця, не заўсёды жывуць даўжэй. Акрамя таго, хаця і існуе перакананьне, што час ад часу аднадзённы пост ня шкодзіць, аднак гэта не заўсёды прыемнае. “Людзі адчуваюць сябе стомленымі, раздражнёнымі і запаволенымі”, – кажа Алекс Джонстан з Дасьледчага інстытуту Роўэт у Шатляндыі.

Практычна ўсе прадстаўнікі фаўны, пачынаючы з чарвякоў і мышэй, жывуць даўжэй, калі ў іх нізкакалярыйнае харчаваньне. У некаторых відаў працягласьць жыцьця павялічваецца ажно на 40%. Аднак ці такая дыета падаўжае чалавечае жыцьцё, гэта яшчэ трэба даказаць. У выніку ранейшых дасьледаваньняў зьявілася прыпушчэньне, што спарадычныя дні посту падаўжаюць жыцьцё. Аднак, хаця ў выніку такой дыеты шматлікія мышы і пацукі гублялі вагу, не было ўпэўненасьці, ці такі вынік аналягічны таму, які дасягаецца шляхам нізкакалярыйнай дыеты. Марк Мэтсан і ягоныя калегі праверылі гэта на мышах, якія не губляюць вагу, калі ядуць празь дзень.

Мышэй ва ўзросьце 9 тыдняў падзялілі на тры групы. Грызунам зь першай групы давалі есьці, колькі хочуць, другой групе – на 40% меней, чым першай, а мышы з трэцяй групы маглі адзін дзень есьці ўсё, што захочуць, аднак на наступны дзень яны не атрымлівалі нічога. Мышы з другой групы, якія атрымлівалі меншую колькасьць калёрыяў, мелі ўдвая меншую вагу за тых, якія елі што заўгодна. Аднак мышы, якія елі празь дзень, не гублялі вагу, паколькі ў сытыя дні зьядалі ўдвая болей. Цікава, што ў гэтых мышэй назіраліся такія ж фізіялягічныя зьмены, што і ў тых, якія былі на нізкалярыйнай дыеце. Узровень глюкозы ды інсуліну ў крыві мышэй, якія елі празь дзень, быў нават ніжэйшы, чым у тых, якія былі вымушаныя есьці меней. Дарэчы, ўзровень глюкозы і інсуліну мае непасрэдны ўплыў на працягласьць жыцьця.

Аказалася, што меншая колькасьць калёрыяў засьцерагае ад хваробаў, якія пагаршаюць працу мозгу, а мазгавыя клеткі ў мышэй, якія елі празь дзень, лепш спраўляліся з узьдзеяньнем нэўратаксыну, чым у мышэй, якія знаходзіліся на строгай дыеце. Аднак Алекс Джонстан папярэджвае, што людзі не павінны пераходзіць на харчаваньне празь дзень без мэдычнага нагляду, бо, у прыватнасьці, існуе рэальная небясьпека сьмерці ў выніку спыненьня працы сэрца. Зь ягоных працаў таксама вынікае, што працяглы пэрыяд галадоўкі, напрыклад, цягам тыдня, таксама небясьпечны. Зараз Марк Мэтсан і Алекс Джонстан спрабуюць высьвятліць, як харчаваньне празь дзень ўплывае на здароўе чалавека.

І яшчэ парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

Праўдападобна, Вы чулі пра карысны ўплыў кальцыю на косткі, але такі ж уплыў вітаміну К, магчыма, будзе для Вас навіною. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, жанчыны зь вельмі нізкім узроўнем вітаміну К ў крыві адначасова маюць структуру костак, якая спрыяе іх пераломам. Пры гэтым не была выяўленая залежнасьць паміж колькасьцю вітаміну К і ломкасьцю костак у мужчынаў. Вельмі добрымі крыніцамі вітаміну К ёсьць шпінат і брусэльская капуста, а таксама расьлінны алей, аднак з прычыны калярыйнасьці алею, яго рэкамэндуецца ўжываць памяркоўна.

Калі ў Вас схільнасьць да перхаці, Вы можаце скарыстаць у якасьці натуральнага сродку алей з чайнога дрэўца. Дасьледаваньні паказваюць, што вельмі карысна да шампуню дадаць 5% гэтага алею. Аднак, карыстаючыся чайным алеем, трэба асьцерагацца, каб яго не праглынуць, асабліва ў кандэнсаваным выглядзе. Акрамя алею з чайных дрэўцаў, супраць перхаці пасьпяхова можна скарыстаць воцат і яблычны сок, якія Вы можаце ўжываць у дадатак да нармальнага шампуню.

Згодна з дасьледаньнямі амэрыканскіх навукоўцаў з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, чорная гарбата можа выдатна ўзмацніць Вашую імунную сыстэму. Згодна з дасьледаваньнямі, арганізм людзей, якія выпіваюць некалькі кубкаў гарбаты ў дзень (прыблізна 600 грамаў), вырабляе супрацьвірусную субстанцыю – этыламін, які дзейнічае супраць паразытаў, бактэрыяў, і магчыма нават супраць раку. Такой ўласьцівасьці ня сьцьверджана ў кавы. Аднак, паводле навукоўцаў, карысны ўплыў гарбаты нельга перабольшваць. “Людзі, якія хворыя, павінны зьвяртацца да лекара”, – раяць спэцыялісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG